Васіль Самцэвіч
Васіль Самцэвіч | |
Род дзейнасьці | краязнаўства |
---|---|
Дата нараджэньня | 19 сакавіка 1889 |
Месца нараджэньня | Дакудава, Барысаўскі павет, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 11 кастрычніка 1973 |
Месца сьмерці | Барысаў, Менская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Грамадзянства | Расейская імпэрыя, Беларуская ССР (1919—1922), Савецкі Саюз |
Месца вучобы | Віцебскі настаўніцкі інстытут (1915), Менскі вышэйшы пэдагагічны інстытут (1935) |
Занятак | краязнавец, пэдагог |
Навуковая сфэра | краязнаўства |
Месца працы | Беларуская акадэмія навук (1928—1933) |
Гады дзейнасьці | 1923—1957 |
Пасада | навуковы сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства |
Тэрмін | 1928—1932 |
Бацька | Андрэй Самцэвіч |
Узнагароды | ордэн «Знак пашаны», Ганаровая грамата Вярхоўнага Савету БССР |
Васіль Андрэевіч Самцэвіч (19 сакавіка [ст. ст. 7 сакавіка] 1889, Дакудава, цяпер Крупскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1973, Барысаў, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі краязнавец і пэдагог.
Навуковы сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства (1928—1932). Заслужаны настаўнік БССР (1945). Ляўрэат ордэна «Знак пашаны» і Ганаровай граматы Вярхоўнага Савету БССР[1]. Старэйшы брат мовазнаўца Пятра Самцэвіча і мікрабіёляга Сямёна Самцэвіча[2].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1908 годзе скончыў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю (Вялейскі павет, Віленская губэрня). У 1915 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Віцебскае аддзяланьне Маскоўскага археалягічнага інстытуту[1]. Затым за 4 месяцы скончыў Віленскую вайсковую вучэльню ў Палтаве, дзе атрымаў вайсковую годнасьць прапаршчыка. Пачаў службу камандзірам узвода 244-га пяхотнага Чырвонастаўскага палка, а пазьней узначаліў роту. У 1917 годзе трапіў на Румынскі фронт. Браў удзел у Лютаўскай рэвалюцыі і Кастрычніцкім перавароце 1917 году[1].
У 1918 годзе пачаў працаваць настаўнікам у Лагойскай 7-гадовай школе (Барысаўскі павет, Менская губэрня). У 1920—1922 гадох служыў у Чырвонай арміі камандзірам роты і затым батальёну ў ходзе Грамадзянскай вайны ў Расеі. У 1923—1928 гадох працаваў настаўнікам у Барысаве (Беларуская ССР). У 1924—1927 гадох узначальваў Барысаўскую акруговую мэтадычную камісію. У 1928—1933 гадох працаваў у Беларускай акадэміі навук[1], дзе зь 1928 году ўзначальваў школьны аддзел, а ў 1928—1932 гадох займаў пасаду навуковага сакратара Цэнтральнага бюро краязнаўства[3]. Кіраваў Барысаўскай краязнаўчай філіяй. Зьмяшчаў артыкулы ў краязнаўчым часопісе «Наш край», у тым ліку «Вёска Дакудава (Крупскі р. Аршанскай акругі)» (1927), «Аб арганізацыі краязнаўчай працы на фабрыках і заводах», «Да вывучэньня калгасаў» (1929) і «Калгаснае будаўніцтва і краязнаўства» (1930). Выступаў памагатым свайго брата-мовазнаўца Пятра Самцэвіча ў складаньні слоўніка беларускай мовы і фальклёрных збораў[2].
У 1933 годзе вярнуўся да настаўніцтва ў Барысаве, дзе стаў выкладаць беларускую мову і літаратуру. У 1935 годзе скончыў Менскі вышэйшы пэдагагічны інстытут. У 1939—1941 гадох займаў пасаду загадніка Барысаўскага гарадзкога аддзелу народнай асьветы. Браў удзел у Нямецка-савецкай вайне, падчас якой служыў у вайсковым палявым шпіталі. У 1945 годзе вярнуўся на пасаду загадніка Барысаўскага гарадзкога аддзелу народнай асьветы і ўступіў у Камуністычную партыю Беларусі. У 1948 годзе заняў пасаду загадніка навучаньня Новабарысаўскай сярэдняй школы № 6, дырэктарам якой стаў у 1951 годзе. У 1950—1964 гадох выдаў некалькі падручнікаў па беларускай мове для вучняў 1—7 клясаў. У 1955 годзе выдаў «Мэтодыку беларускай мовы ў пачатковай школе» дзеля павышэньня выніковасьці выкладаньня. Некалькі разоў выбіраўся ў Барысаўскі гарадзкі Савет дэпутатаў. У 1957 годзе выйшаў на пэнсію[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 19 сакавіка 2014. — № 50 (27660). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Генадзь Каханоўскі. Самцэвіч Васіль Андрэевіч // Этнаграфія Беларусі: энцыкляпэдыя / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1989. — С. 446—447. — 575 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-014-9
- ^ Самцэвіч Васіль Андрэевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 143. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
- Нарадзіліся 19 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1889 годзе
- Памерлі 11 кастрычніка
- Памерлі ў 1973 годзе
- Нарадзіліся ў Крупскім раёне
- Выпускнікі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Выпускнікі Віцебскага аддзяленьня Маскоўскага археалягічнага інстытуту
- Беларускія краязнаўцы
- Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту
- Заслужаныя настаўнікі БССР