Міхал Валіцкі
Партрэт Міхала Валіцкага, 1820. | |
Герб «Лада» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1746 |
Памёр | 1828 |
Пахаваны | |
Род | Валіцкія |
Дзейнасьць | авантурыст, філянтроп |
Міхал Валіцкі (сапр. Міхал Міцкевіч; 1746, Наваградзкі павет — 1828, Вільня) — авантурыст, філянтроп Рэчы Паспалітай.
Будучы прафэсійным гульцом у карты, зарабіў вялізныя грошы, на якія купіў прозьвішча Валіцкі (права належаць да роду), а ў 1787 годзе — пасаду падстолія кароннага ў С. Солтыка. Апроч таго, набыў у Італіі тытул графа.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З дробнага шляхецкага роду Міцкевічаў. Навучаўся ў Менскім езуіцкім калегіюме, працягваў адукацыю ў Магілёве. Працаваў віцэ-рэгентам у судох Менску.
Праз схільнасьць да авантураў і прыгодаў пакінуў працу і пераехаў у Кракаў. Здабыў дасканаласьць у картах і гульні ў більярд. Падтрыманы апекай Францішка Сапегі, выехаў у Вену. Пазьней накіраваўся ў Парыж, дзе набыў грунтоўныя веды ў розных навуках, шмат увагі аддаваў самаадукацыі.
Дзеля далучэньня да двара караля Францыі Людовіка XVI набыў у Італіі графскі тытул. Неўзабаве з дапамогай сваёй каханкі княгіні Паліньяк стаў фаварытам каралевы Марыі Антуанэты.
Па вяртаньні ў Рэч Паспалітую атрымаў пацьверджаньне графскага тытулу ад караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Сьпярша жыў у Варшаве, пазьней пераехаеў у Пецярбург, дзе ладзіў шыкоўныя прыёмы.
У 1793 годзе набыў палац віцэ-адміністратара ў Горадні, пазьней перабраўся ў фальварак Азёры Гарадзенскага павету. Стварыў там узорную гаспадарку, заснаваў суконную і папяровую мануфактуры.
Падараваў значную частку сваёй калекцыі каштоўных камянёў Віленскаму ўнівэрсытэту. Фундаваў навучаньне ў ім сваякоў Міцкевічаў і Валіцкіх[2].
Партрэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле апошніх дасьледаваньняў, у Нацыянальным летувіскім музэі захоўваецца копія партрэта Міхала Валіцкага аўтарства Марціна Янушэвіча з арыгінальнага твору пэндзля Дж. Б. Грасі. Традыцыйна лічылася, што на гэтым партрэце выяўлены Яўхім Храптовіч[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Хадыка А. Разгаданая тайна: партрэт Міхала Валіцкага, мэцэната і гульца // Новы час. № 31 (76), 5—11 лістапада 2007 г.
- ^ Трусаў І. Валіцкі Міхал // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 382.
- ^ Хадыка А. Разгаданая тайна: партрэт Міхала Валіцкага, мэцэната і гульца // «Новы час», № 31 (76), 5—11 лістапада 2007 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Рублевская Л. Фантастический граф // Советская Белоруссия. № 189 (23089), 8 кастрычніка 2008 г.