Абменны курс
Абме́нны курс[1] (валютны курс) — цана грашовай адзінкі адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках іншай краіны або міжнароднай валютнай адзінцы (эўра і спэцыяльныя правы запазычваньня).
Служыць каэфіцыентам пераліку адной валюты ў другую пры абмене імі. Патрэбны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталу. Выкарыстоўваецца для параўнаньня цэнаў на краёвым і міжнародным рынках, паказьнікаў разьвіцьця краінаў і пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Галоўныя і найбольшыя банкі краінаў праводзяць расцэнку для яго афіцыйнага ўсталяваньня. Пры прамой расцэнцы замежную грашовую адзінку выражаюць у пэўнай колькасьці айчыннай грашовай адзінкі. У Брытаніі існуе адваротная расцэнка, пры якой фунт стэрлінгаў выражаецца ў пэўнай колькасьці замежнай грашовай адзінкі. Для ўстойлівасьці абменнага курсу дзяржава можа прадпрымаць валютную інтэрвэнцыю[2].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зьменлівы. Вагаецца пад уплывам попыту і прапановы звыш 1%. Дзейнічае ў большасьці краінаў сьвету.
- Плавальны. Увязвае зьмяненьне з вартасьцю валюты іншай краіны і валютнага кошыка. Ад 1973 году ўведзены між дзяржавамі-ўдзельніцамі Міжнароднага валютнага фонду пасьля скасаваньня залатой вартасьці даляра ЗША. Галоўныя банкі краінаў Эўрапейскай валютнай сыстэмы ўзгадняюць адносныя ваганьні. Падвіды: вольны і кіраваны (праз валютную інтэрвэнцыю дзяржавы).
- Фіксаваны. Афіцыйна ўсталёўвае суадносіны нацыянальнай валюты на падставе валютнага парытэту адносна даляра ЗША з ваганьнем да 1% вартасьці. Да 1973 году дзейнічаў між дзяржавамі-ўдзельніцамі МВФ[2].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 жніўня 2001 году Нацыянальны банк Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 208 «Аб парадку ўстанаўленьня афіцыйнага курсу беларускага рубля ў дачыненьні да замежных валютаў». У выніку яго сталі вызначаць у выглядзе сярэднеўзважанага пры гандлі на «Беларускай валютна-фондавай біржы» («БВФБ») па даляры ЗША, эўра і расейскім рублі. Ад 1 чэрвеня 2015 году гэтымі 3-ма валютамі на «БВФБ» сталі гандляваць шляхам безупыннага падвойнага аўкцыёну. У выніку банкі сталі падаваць заяўкі на куплю і продаж валюты цягам усяго гандлёвага дня. Задавольваць заяўкі пачалі па ходзе іх падачы пры супадзеньні заяўленых курсаў. Па кожнай валюце на біржы сталі заключаць мноства дамоваў па розных курсах. Нацбанк Беларусі выкарыстоўвае ўтвораны па выніках біржавога гандлю сярэднеўзважаны курс па 3-х валютах ў якасьці афіцыйнага курсу на наступны дзень. Курсы іншых валютаў разьлічваюцца паводле зьвестак галоўных банкаў дзяржаваў, а таксама ангельскага агенцтва «Ройтэрз» (Лёндан) і амэрыканскага «Блумбэрг» (Нью-Ёрк). Вызначаная расцэнка валюты набывае моц на наступны дзень і працягвае дзейнічаць да абнародаваньня наступнай расцэнкі[3]. Нацбанк Беларусі трымаецца плавальнага курсу беларускага рубля, які вызначаецца суадносінамі попыту на замежную валюту і яе прапановы на ўнутраным валютным рынку. Гнуткі абменны курс прызначаецца для паніжэньня ўплыву пры зьнешнім шоку на замежных рынках. Валютная інтэрвэнцыя дапускаецца пры рэзкім ваганьні курсу ў ходзе гандлю на «БВФБ», у тым ліку праз набыцьцё замежнай валюты для папаўненьня валютных запасаў пры ўстойлівым перавышэньні яе прапановы над попытам на ўнутраным валютным рынку[4]. 2 студзеня 2009 г. Нацбанк Беларусі перайшоў да прывязкі курса беларускага рубля да кошыка замежных валют, у склад якога роўнымі далямі ўлучылі амэрыканскі даляр, расейскі рубель і эўра. На 2020 год вага валютаў у кошыку складала 50% для расейскага рубля, 30% для даляра ЗША і 20% для эўра[5]. Нацыянальны банк Беларусі штодзённа ўсталёўваў афіцыйны курс беларускага рубля да спэцыяльных правах запазычваньня ў Міжнародным валютным фондзе (Вашынгтон, ЗША) і да 25 замежных валютаў:
- 8 валютаў Азіі — сынгапурскі даляр, кувэйцкі дынар, японская ена, турэцкая ліра, іранскі рыял, кыргыскі сом, казаскі тэнгэ і кітайскі юань;
- 2 валютаў Акіяніі — аўстралійскі даляр і новазэляндзкі даляр;
- 2 валютаў Паўночнай Амэрыкі — даляр ЗША і канадзкі даляр;
- 12 валютаў Эўропы — украінская грыўна, польскі злоты, дацкая крона, ісьляндзкая крона, нарвэская крона, чэская крона, швэдзкая крона, малдоўскі лей, баўгарскі леў, расейскі рубель, швайцарскі франк, ангельскі фунт стэрлінгаў і эўра[6].
Год | Даляр ЗША | Эўра* | Расейскі рубель | Украінская грыўна** |
---|---|---|---|---|
2019 | ▼2,0887 | ▲2,3342 | ▲0,032303 | ▼0,075205 |
2018 | ▼2,0402 | ▼2,4008 | ▲0,032417 | ▼0,071555 |
2017 | ▲1,9333 | ▲2,1833 | ▼0,033126 | ▲0,0694 |
2016*** | ▼1,9998 | ▼2,201 | ▼0,029845 | ▼0,074966 |
2015 | ▼16 253,61 | ▼17 827,81 | ▲262,37 | ▲679,1 |
2014 | ▼10 260,18 | ▼13 220,30 | ▲266,28 | ▲819,77 |
2013 | ▼8 971,06 | ▼11 833,72 | ▼278,4 | ▼1 094,33 |
2012 | ▼8 369,71 | ▼10 777,94 | ▼267,92 | ▼1 024,06 |
2011 | ▼5 605,84 | ▼8 050,5 | ▼177,31 | ▼573,1 |
2010 | ▼2 993,74 | ▼4 006,64 | ▼98,27 | ▼373,81 |
2009 | ▼2 803,27 | ▼3 983,41 | ▼89,48 | ▲338,71 |
2008 | ▼2 149,42 | ▼3 045,88 | ▼86,5 | ▲409,58 |
2007 | ▼2 148,89 | ▼2 958,91 | ▼83,68 | ▼421,73 |
2006 | ▲2 146,28 | ▼2 714,88 | ▼79,15 | ▼418,81 |
2005 | ▲2 155,13 | ▲2 684,29 | ▼76,12 | ▼417,3 |
2004 | ▼2 163,73 | ▼2 698,27 | ▼75,06 | ▼394,69 |
2003 | ▼2 074,9 | ▼2 352,59 | ▼67,61 | ▼377,99 |
2002 | ▼1 803,89 | 1 704,29 | — | ▼326,17 |
2001 | ▼1 419,82 | ▼633,88 | ▼48,31 | ▼276,42 |
2000**** | ▼799,77 | ▼437,11 | ▼31,69 | ▼176,18 |
1999 | ▼276 661 | ▼155 628 | ▼11 682 | ▼71 307 |
1998 | ▼43 596 | ▼24 751 | ▼6 657 | ▼35 010 |
1997 | ▼24 995 | ▼15 377 | ▼4,64 | 18 954,61 |
1996 | ▼13 608 | ▼9 106 | ▼2,53 | — |
1995 | ▼11 525 | ▼8 059 | ▼2,51 | 0,067 |
1994 | 4 652 | 2 606 | 1,49 | — |
*Нямецкая марка (1994—2001) **Карбаванец (1995) ***Дэнамінацыя 1 ліпеня 2016 году ў 10 000 разоў. ****Дэнамінацыя 1 студзеня 2000 году ў 1000 разоў |
На 2020 год Нацбанк Беларусі штомесяц ўсталёўваў курс беларускага рубля ў адносінах да 52 замежных валютаў:
- 28 валютаў Азіі — аўгані, тайскі бат, паўднёвакарэйская вона, ганконскі даляр, тайваньскі даляр, віетнамскі донг, армянскі драм, ірацкі дынар, ярданскі дынар, дырхам ААЭ, лаоскі кіп, грузінскі лары, азэрбайджанскі манат, туркмэнскі манат, філіпінскі пэса, інданэзійская рупія, індыйская рупія, нэпальская рупія, пакістанская рупія, шры-ланскійская рупія, малайскі рынгіт, саудаўскі рыял, таджыцкі самані, узбэцкі сум, мангольскі тугрык, лібанскі фунт, сырыйскі фунт і ізраільскі шэкель;
- 10 валютаў Афрыкі — этыёпскі быр, альжырскі дынар, лібійскі дынар, туніскі дынар, мараканскі дырхам, нігерыйская найра, паўднёваафрыканскі ранд, суданскі фунт, эгіпецкі фунт і кенійскі шылінг;
- 7 валютаў Паўднёвай Амэрыкі — вэнэсуэльскі балівар, аргентынскі пэса, калюмбійскі пэса, уругвайскі пэса, чылійскі пэса, бразыльскі рэал і пэруанскі соль;
- 1 валюты Паўночнай Амэрыкі — мэксыканскі пэса;
- 6 валютаў Эўропы — македонскі дэнар, сэрбскі дынар, харвацкая куна, румынскі лей, альбанскі лек і вугорскі форынт[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пытаньні, якія часта задаюцца (Што такое валютны курс і яго рэжымы) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Галіна Краўцова. Валютны курс // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 497. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
- ^ Аб устанаўленьні абменных курсаў // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Курсавая палітыка // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют і вартасьць кошыка замежных валют // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 3 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца штодзённа // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 3 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублiкi Беларусь за 2020 год (і іншыя з 1994-га) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 3 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штомесячна, з 01.06.2020 // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сярэдні афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют за 2020 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |