Вадафон
51°24′58″ пн. ш. 1°19′11″ у. д.HGЯO
| «Вадафон» | |
| анг. Vodafone | |
| Тып | публічная кампанія |
|---|---|
| Лістынг на біржы | Лёндан: VOD |
| Дэвіз | Разам мы можам |
| Заснаваная | 1981 (45 гадоў таму) |
| Заснавальнікі | «Ракал Электроніка» |
| Уласьнікі | «Сувязь Эміратаў» (15%)[1] |
| Краіна | Ангельшчына |
| Разьмяшчэньне | графства Бэркшыр |
| Адрас | Ньюбэры, вуліца Злучэньня |
| Ключавыя фігуры | Жан-Франсуа Боксмер (старшыня), Маргарыта Дэла-Вале (генэральны дырэктар)[2] |
| Галіна | сфэра паслугаў |
| Прадукцыя | стацыянарны тэлефон[d] і мабільная сувязь[d] |
| Паслугі | сотавая сувязь, інтэрнэт-тэлебачаньне, тэлефанія, шыракапалоснае Сеціва, Інтэрнэт рэчаў, воблачныя вылічэньні, штучны інтэлект, віртуальная рэчаіснасьць, сетка як плятформа[3] |
| Абарачэньне | ▼36,717 млрд эўра (2024 фін.год)[4] |
| Апэрацыйны прыбытак | ▼3,665 млрд эўра (2024 фін.год) |
| Чысты прыбытак | ▼1,505 млрд эўра (2024 фін.год) |
| Лік супрацоўнікаў | 93 000 (2024 год) |
| Даччыныя кампаніі | «Вадафон Нямеччыны», «Вадафон Турэччыны» і «Вадафон Эгіпту» |
| Аўдытар | «Эрнст і Янг» |
«Вадафо́н»[5][6][7] — прыватны холдынг Ангельшчыны ў галіне сотавай сувязі, заснаваны ў 1981 годзе ў якасьці «Стратэгічнага радыё Ракал».
На 2024 год быў адным зь вядучых прадпрыемстваў сувязі ў Эўропе і Афрыцы. Падаваў паслугі сотавай сувязі і стацыянарнай тэлефаніі для больш як 330 млн абанэнтаў у 15 краінах. У супольніцтве зь іншымі сотавымі сеткамі ў яшчэ 45 краінах аказваў паслугі прадпрыемствам. Таксама меў адну з найбольшых у сьвеце сетак у галіне Інтэрнэту рэчаў, якая ахоплівала 175 млн прыладаў. У Эўропе быў сотавым апэратарам у 8 краінах: Альбаніі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Ірляндыі, Нямеччыне, Партугаліі, Румыніі і Чэхіі. У Афрыцы аказваў адпаведныя паслугі ў 6 краінах: Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Лесота, Мазамбіку, Паўднёвай Афрыцы, Танзаніі і Эгіпце. У Азіі быў сотавым апэратарам у Турэччыне. Налічваў звыш 300 млн сотавых абанэнтаў і 21 млн стацыянарных. Быў 2-й найбольшай у Эўропе плятформай інтэрнэт-тэлебачаньня для 17 млн абанэнтаў[8].
Уласная сетка сотавай сувязі 5-га пакаленьня дзейнічала ў 8 краінах Эўропы з ахопам 236 гарадоў. Паслугу шырокапалоснага доступу ў Сеціва аказвалі для 52 млн хатніх гаспадарак на хуткасьці звыш гігабіту за сэкунду. «Вадафон» абслугоўваў звыш 4,8 млн установаў у галіне энэргетыкі і жыльлёвых паслугаў, дастаўкі і перавозак, страхаваньня і аўтамабільнай прамысловасьці, а таксама раздробнага гандлю і вытворчасьці. Быў найбольшым у сьвеце пастаўніком злучэньня з разьлеглымі сеткамі 192 краінаў. Меў 200 млн абанэнтаў сувязі ў 8 краінах Афрыкі, у тым ліку 5-га пакаленьня ў Кеніі, Лесота, Мазамбіку, Паўднёвай Афрыцы і Танзаніі. Сярод іншага, «Вадафону» належала першая і найбольшая ў Афрыцы мабільная служба грашовых пераводаў «М-Пэса» з удзелам 79 млн абанэнтаў, празь якую ў 8 краінах штодня пераводзілі 1 млрд даляраў. Таксама сеткі сотавай сувязі 4-га пакаленьня ахоплівалі 85% насельніцтва[8]. Прадпрыемства налічвала 93 000 супрацоўнікаў і падраднікаў[9].
«Вадафон» уваходзіў у 5-ку найбольшых пастаўнікоў Сеціва, у тым ліку празь віртуальныя прыватныя сеткі ў 74-х краінах. Быў адным з найбуйнейшых у сьвеце апэратараў марскіх падводных кабэляў сувязі. Аказваў паслугі роўмінгу ў 168 краінах[10].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1981 годзе ангельскае прадпрыемства «Ракал Электроніка» заснавала «Стратэгічнае радыё Ракал». 1 студзеня 1985 году праз сотавую сетку холдынгу «Ракал Сувязь» ажыцьцявілі першае мабільнае тэлефанаваньне ў Вялікабрытаніі. 26 кастрычніка 1988 году 20% паёў прадпрыемства разьмясьцілі на Лёнданскай фондавай біржы. 16 верасьня 1991 году холдынг перайменавалі ў «Вадафон». У 1991 годзе «Вадафон» зьдзейсьніў першае міжнароднае роўмінгавае тэлефанаваньне ў сетку «Сувязі Фінляндыі». У 1992 годзе «Вадафон» і «Сувязь Фінляндыі» заключылі 1-ю ў сьвеце міжнародную ўгоду аб роўмінгу ў Сусьветнай сыстэме перасоўнай сувязі. Таксама ў 1992 годзе прадпрыемства першым у сьвеце аказала паслугу кароткага паведамленьня з тэкстам «Шчасьлівага Раства»[3].
У 2001 годзе празь сетку «Вадафону» ажыцьцявілі першае тэлефанаваньне з дапамогай сотавай сувязі 3-га пакаленьня. У 2002 годзе запусьцілі пакетную радыёсувязь агульнага карыстаньня (ПРАК) для роўмінгу ў Эўропе. У 2007 годзе даччынае прадпрыемства «Сафарыком» запусьцілі мабільную службу грашовых пераводаў «М-пэса», якая стала вядучай у Афрыцы. У 2010 годзе холдынг «Вадафон» стварыў аддзел Інтэрнэту рэчаў[3].
У 2013 годзе ў Вялікабрытаніі запусьцілі сотавую сувязь 4-га пакаленьня. У чэрвені 2014 году «Вадафон» абнародаваў справаздачу аб праслухоўваньні ў 29 краінах сваёй дзейнасьці. Паводле яе, у 6 краінах урады мелі наўпроставы пастаянны доступ да зьвестак сетак сотавай сувязі[11]. У 2018-м ажыцьцявілі 1-ы ў сьвеце галяграфічны званок празь сетку 5-га пакаленьня. У 2019 годзе «Вадафон» стаў 1-м у сьвеце сотавым апэратарам, які падлучыў смартфоны да дзейнай сеткі 5-га пакаленьня. У 2023 годзе ў супрацы з амэрыканскім прадпрыемствам «СпэйсМабайл» (штат Тэхас) ажыцьцявілі 1-ы ў сьвеце званок з космасу ў сетку 5-га пакаленьня праз звычайны смартфон[3].
У красавіку 2023 году дзяржаўны холдынг «Сувязь Эміратаў» павялічыў сваю долю ў «Вадафоне» зь 10 да 15%[1]. У 2024 годзе аддзел Інтэрнэту рэчаў вылучылі ў асобнае прадпрыемства[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Ганна Грос і Сімяон Кэр. Інвэстыцыйная група ААЭ павялічыла долю ў «Вадафоне» пасярод разгляду будовы ўправы (анг.) // Газэта «Фінансавы час» (Ангельшчына), 25 красавіка 2023 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- ↑ Рада кіраўнікоў (анг.) // Група «Вадафон», 2024 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- 1 2 3 4 5 Што мы робім (анг.) // Група «Вадафон», 2024 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- ↑ Справаздача за 2024 фінансавы год (анг.) // Група «Вадафон», 14 траўня 2024 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- ↑ Наталка Бабіна. «Гэта дзіўная вайна і дзіўнае бежанства» // Газэта «Наша ніва», 9 чэрвеня 2018 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- ↑ Міхаіл Цімафееў, «Трыбуна». АБФФ адправіла заяўку на правядзеньне Супэркубка УЭФА-2021 // Газэта «Зьвязда», 17 лютага 2019 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- ↑ Год таму ў гэтым горадзе бежанцаў было больш, чым мясцовых // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 30 траўня 2023 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- 1 2 Пра Групу «Вадафон» (анг.) // Група «Вадафон», 20 чэрвеня 2024 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- ↑ Хто мы (анг.) // Група «Вадафон», 2024 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- ↑ Дзе мы працуем (анг.) // Група «Вадафон», 2024 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.
- ↑ «Вадафон» распавёў аб праслухоўваньні тэлефонаў у 29 краінах сьвету // Зьвязда : газэта. — 7 чэрвеня 2014. — № 105 (27715). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Навіны (анг.) // Група «Вадафон», 2024 г. Праверана 5 сьнежня 2024 г.