Біткойн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Біткойн
Біткойн-гаманец (2015 г.)
Распрацоўка Сатошы Накамота
Апошняя вэрсія 0.15.1 (11 лістапада 2017 г.; 6 гадоў таму)
Напісаны на C++
АС Лінукс, MacOS, Windows
Тып крыптавалюта
Ліцэнзія Масачусэцкі тэхналягічны інстытут (ЗША)
Афіцыйная старонка bitcoin.org

Біткойн (анг. bitcoin; біт + coin — манэта) — крыптавалюта, створаная ў студзені 2009 году распрацоўнікам пад мянушкай Сатошы Накамота пасьля публікацыі канцэпцыі 31 кастрычніка 2008 году.

Выкарыстоўваецца ў якасьці міжнароднага сродку аплаты. Ствараецца з дапамогай здабыцьця рашэньня крыптазадачы спосабам поўнага перабору. Пагатоў здабывальнік выкарыстоўвае сэрвэр. Уяўляе сабой непаўторны матэматычны код, які можа выкарыстоўвацца аднойчы. Іх агульную колькасьць абмежавалі 21 мільёнам лічбавых манэтаў да 2140 году без магчымасьці паскарэньня выпуску. Біткойн дзеліцца на 100 млн «сатошы». Выпуск крыптавалюты, апрацоўка транзацыяў і пацьверджаньне выконваюцца супольна па Сеціве праз аднарангавую сетку з адчыненым доступам. Парадак аплаты выключае замарозку рахунка, спыненьне і скасаваньне аплаты. Празрыстасьць разьлікаў дазваляе ва ўсялякі час даведацца па адрасе біткойна пра ўсе транзакцыі, прынятыя на гэты адрас і адпраўленыя зь яго да моманту стварэньня лічбавай манэты. Пагатоў сетка «Біткойн» дазваляе разьлікі бязь зьвестак пра ўладальніка рахунку пры дапамозе кода з блізу 34 лічбаў і лацінскіх літараў[1].

Рысы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уступленьне ў разьмеркаваную аплатную сетку «Біткойн» вымагае ўсталяваньня адпаведнай аднайменнай праграмы. Праграмнае забесьпячэньне зьяўляецца цалкам адкрытым і дазваляе здабываць і абменьваць біткойны зь іншымі ўдзельнікамі. На біржах біткойны маюць абменны курс у папяровыях валютах (даляр ЗША і эўра)[2].

Здабываньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы абсяг біткойнаў ствараюць праз рашэньне матэматычнай задачы. Код у аснове крыптавалюты зьмяняецца праз далучэньне новых камбінацыяў. Грашовую масу біткойнаў у абарачэньні («клубок») разам зь летапісам усіх абменаў імі між уладальнікамі і хэш-сумамі называюць ланцугом блёкаў (анг. blockchain). Каб здабыць новы аб’ём крыптавалюты, пры дапамозе сэрвэрнага кампутара адшукваюць лічбавую пасьлядоўнасьць, якую складаюць з папярэдняй хэш-сумай. У выніку атрымліваецца новая хэш-сума. За рашэньне такой задачы здабывальнік атрымлівае тую колькасьць біткойнаў, на якую вырастае маса крыптавалюты ў абарачэньні. Пры здабываньні крыптавалюты выкарыстоўваюць прафэсіныя відэакарты, бо іх працэсар выконвае складаныя матэматычныя вылічэньні шматкроць хутчэй за цэнтральны працэсар кампутара. Такія відэакарты задзіночваюць у блёкі на сэрвэрах, якія зьмяшчаюць у адным памяшканьні («фэрма»). З гадамі ўзнагарода за рашэньне задачы паступова зьмяншаецца, бо лік здабывальнікаў расьце пры адначасным скарачэньні яшчэ нездабытай рэшты біткойнаў[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біткойн
Краіна ЗША
Падзел сатошы
Код ISO-4217 XBT
Скарачэньне BTC
Сымбаль
Абменны курс:
(9 студзеня 2018)
$14 962,4
Галерэя выяваў у Вікісховішчы

31 кастрычніка 2008 г. распрацоўнік пад мянушкай Сатошы Накамота апублікаваў канцэпцыю крыптавалюты «Біткойн», якую стварыў 3 студзеня 2009 году. 18 сакавіка 2013 г. Служба па барацьбе зь фінансавымі злачынствамі Ведамства скарбу ЗША абвясьціла выпуск і абмен віртуальнай валюты фінансавай паслугай. 11 красавіка 2013 г. цана на біткойн упала з $260 да $130 за 6 гадзінаў праз затрымкі ў абмене на біржах, якія зазналі нястачу вылічальнай магутнасьці. 15 траўня 2013 г. Ведамства айчыннай бясьпекі ЗША замарозіла банкаўскі рахунак найбольшай біткойн-біржы «Магія: анлайн-сход» (mtgox.com; Японія) за парушэньне Закону аб супрацьдзеяньні адмываньню грошай[1]. У 2013 годзе здабывальнік атрымліваў за знойдзены новы блёк 50 біткойнаў. У студзені 2014 г. цана біткойна дасягнула $1100, але неўзабаве ўпала больш як удвая. У 2015 годзе ўзнагарода здабывальніка за блёк скарацілася да 25 біткойнаў[3].

22 кастрычніка 2015 г. Суд Эўрапейскага Зьвязу (Люксэмбург) вызваліў гандаль біткойнамі ад падатку на дададзеную вартасьць. 8 сьнежня 2015 г. амэрыканскі журналіст назваў стваральнікам біткойна аўстралійскага прадпрымальніка Крэйга Райта (нар. 1970, Брысбэйн, штат Кўінзлэнд). 2 траўня 2016 г. Крэйг Райт паказаў журналістам «Брытанскай вяшчальнай карпарацыі» створаныя на пачатку разьвіцьця біткойна лічбавыя подпісы ў якасьці доказу яго вынаходзтва. Райт патлумачыў мянушку прысьвячэньнем японскаму мысьляру 18 стагодзьдзя Тамінага Накамота(ja) (1715—1746), які выступаў за вольны гандаль і адпрэчваў тагачасныя кірункі думкі[4].

У пачатку сакавіка 2016 году на біткойн прыпадала 80% з $6,5 млрд капіталізацыі ўсіх (звыш 200) крыптавалютаў[5]. На красавік 2016 году вылічальная сетка «Біткойн» 8-кратна перавышала агульную вылічальную магутнасьць усіх супэркампутараў у сьвеце. Кожныя 10 хвілінаў здабывалі каля 25 біткойнаў[1]. У 2017 годзе здабывальнік атрымліваў за знойдзены блёк 12,5 біткойнаў. На ліпень 2017 год крыптавалютная «фэрма» каштавала каля $20 000 і спажывала амаль столькі электраэнэргіі, колькі шматкватэрны жылы дом. Пагатоў асноўная магутнасьць такіх «фэрмаў» засяроджвалася ў Кітаі[3].

17 студзеня 2019 году было абвешчана, што кампанія Bitcoin ATM Coinme ў партнэрстве з канвэртарам манэтаў Coinstar распрацавалі праект для продажу Біткойну ў звычайных прадуктовых супэрмаркетах[6].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры канцы 2012 году ў Менску зьявілася крыптавалютная «фэрма», якую заснаваў сыстэмны адміністратар аднаго зь міністэрстваў[3]. У 2017 годзе дзелі біткойнаў у выглядзе «сатошы» сталі прымаць для разьлікаў у адной з кавярняў Маладэчна (Менская вобласьць)[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Іван Купарвас. Грошы не для партманета // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2016. — № 72 (28182). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Міхаіл Астапчык. Навіны свабоднага ПЗ // Партал «Кампутарныя весьці», 25 лютага 2013 г. Праверана 9 студзеня 2018 г.
  3. ^ а б в г Дзяніс Лаўнікевіч. Майніць беларусам ці не майніць // Газэта «Новы час», 4 ліпеня 2017 г. Праверана 9 студзеня 2018 г.
  4. ^ Іван Купарвас. Крэйг Райт прызнаўся ў стварэньні біткойнаў // Зьвязда : газэта. — 21 траўня 2016. — № 95 (28205). — С. 13. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Аляксей Варабей. Лічбавае золата: ці легальныя крыптавалюты ў Беларусі // Анлайн-часопіс «Ідэя», 9 сакавіка 2016 г. Праверана 9 студзеня 2018 г.
  6. ^ У Каліфорніі, Тэхасе і Вашынгтоне можна купіць Bitcoin ў супэрмаркеце(недаступная спасылка)
  7. ^ Натальля Тур. У маладэчанскай кавярні можна разьлічыцца біткойнамі // «Рэгіянальная газета», 18 сьнежня 2017 г. Праверана 9 студзеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]