Перайсьці да зьместу

Біржа Стамбулу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 41°6′36″ пн. ш. 29°2′18″ у. д. / 41.11° пн. ш. 29.03833° у. д. / 41.11; 29.03833

«Біржа Стамбулу»
турэц. Borsa İstanbul
Istanbul-stock.jpg
Уваход на біржу (2007 год)
Тып фондавая
Разьмяшчэньне Стамбул, Турэччына
Заснаваная Сьнежань 1873
Уладар Турэцкі фонд багацьцяў (Анкара)
Ключавыя асобы Эрышаха Арыкан, Мэхмэт Атыла[1]
Валюта турэцкая ліра
Тавары алмаз, золата, паляд, плятына
Колькасьць лістынгаў 402 (2019 год)
РынКап 795 млрд ліраў ($169,5 млрд, пачатак 2019 году)
Аб'ём 1,993 трлн ліраў ($425 млрд, 2018 год)[2].
Індэксы «БіСт 30», «БіСт 50»
Сайт borsaistanbul.com

«Бі́ржа Стамбу́лу» («БіСт») — фондавая біржа Турэччыны, заснаваная ў сьнежні 1873 году ў якасьці «Дэрсадэцкай біржы каштоўных папераў» у Канстантынопалі.

На 2020 год месьцілася ў гарадзкой акрузе Сарыер у межах мікрараёну Рэшытпаша, па вуліцы Біржы Стамбулу, д. 4[3]. Гандаль ажыцьцяўляўся ў будні зь 10-й па 18-ю гадзіну[4]. Уласьнікамі біржы былі: Турэцкі фонд багацьцяў (Анкара) — 90,6% паёў, АТ «Біржа Стамбулу» — 2,27%, Турэцкая супольнасьць рынкаў капіталу — 1,3%, банкі і брокерскія дамы — астатнія 5,83%[5]. На біржы налічваўся 731 брокер[6], у тым ліку 52 рынкаўтваральнікі[7]. «Біржа Стамбулу» дазваляла бясплатна гандляваць паямі біржавых фондаў і брала 0,0025% ад сумы дамовы пры гандлі паямі прадпрыемстваў[8].

Разьмяшчэньне паёў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год для разьмяшчэньня паёў на «Біржы Стамбулу» дапускалі прадпрыемствы, што праіснавалі звыш 2 гадоў. Першаснае разьмяшчэньне ў Асноўнай суполцы мела налічваць звыш 20% паёў і звыш 30 млн турэцкіх ліраў ($4,3 млн) у рынкавай вартасьці. Для трапляньня ў 2-ю суполку Зорак патрабавалася разьмясьціць звыш 10% паёў на больш як 150 млн ліраў ($21,6 млн), у 1-ю суполку — на больш як 1 млрд ліраў ($144 млн)[9].

У сьнежні 1873 году ў Канстантынопалі (Асманская імпэрыя) заснавалі «Дэрсадэцкую біржу каштоўных папераў», што дазволіла эўрапейцам шырэй укладаць у асманскія прадпрыемствы[10]. У 1929 годзе яе пераўтварылі ў «Стамбульскую фондава-валютную біржу» паводле адпаведнага закону Турэцкай Рэспублікі. У выніку пры разьмяшчэньні паёў ад прадпрыемстваў сталі патрабаваць забясьпечанасьць капіталам, што прыцягнула пераважна прыватных укладальнікаў. У 1981 годзе зацьвердзілі Закон Турэччыны «Аб рынку капіталу», што абавязаў пры першасным разьмяшчэньні паёў кіравацца Гандлёвым кодэксам Турэччыны 1956 году. У 1982 годзе згодна з Законам заснавалі Ўправу рынку капіталу Турэччыны, што стала зацьвярджаць разьмяшчэньне паёў на біржы. У 1983 годзе Дэкрэт № 91 вызначыў абсяг раскрыцьця зьвестак прадпрыемствамі для працягу абарачэньня паёў на біржы[11]. 26 сьнежня 1985 году яе пераўтварылі ў «Стамбульскую біржу каштоўных папераў» («СБКП»). 3 студзеня 1986 году ўгарадзкой акрузе Фаціх адчынілі новы будынак біржы ў мікрараёне Джагалоглу. У кастрычніку 1987 году «СБКП» перайшла на штодзённы падлік індэксаў замест штотыднёвага. У лістападзе 1987 году біржу перанесьлі ў квартал Каракёй, што ў гарадзкой акрузе Бейаглу. У сьнежні 1987 году ад прадпрыемстваў сталі патрабаваць зьнешні аўдыт пры разьмяшчэньні паёў на біржы. У ліпені 1989 году стварылі асяродак разьлікаў і апекі. У жніўні 1989 году зацьвердзілі Ўказ № 32, што дазволіў іншаземцам выводзіць за мяжу ўвесь прыбытак, атрыманы ад гандлю ўсялякімі каштоўнымі паперамі. У студзені 1991 году запусьцілі Прамысловы і Фінансавы індэксы «СБКП». У чэрвені 1991 году запусьцілі імгненнны рынак аблігацыяў. У кастрычніку 1992 году «СБКП» прынялі ў Міжнародны саюз фондавых біржаў (МСФБ; Парыж, Францыя). У лютым 1993 году адчынілі рынак перакупу. У сьнежні 1993 годзе запусьцілі кампутарызаваны гандаль паямі 50 прадпрыемстваў. У лістападзе 1994 году гандаль паямі цалкам аўтаматызавалі. У красавіку 1995 году дазволілі продаж без пакрыцьця паямі ў Нацыянальным індэксе біржы («СБКП Нацыянальны-100»). 15 траўня 1995 году біржу перанесьлі ў квартал Істынье, што ў гарадзкой акрузе Сарыер. 16 траўня 1995 году «СБКП» выступіла адной з 12 сузаснавальніцаў Саюзу эўразійскіх фондавых біржаў (Стамбул). У ліпені 1996 году запусьцілі міжнародных рынак біржы для разьмяшчэньня паёў замежных прадпрыемстваў. У верасьні 1996 году на рынку аблігацыяў пачалі абарачацца дзяржаўныя аблігацыі ў замежнай валюце. У сьнежні 1996 году на міжнародным рынку біржы пачалі гандляваць замежнымі аблігацыямі. У студзені 1999 годзе запусьцілі індэкс «СБКП 100», разьлічаны ў эўра. У ліпені 1999 году задзейнічалі гандлёвае апраграмаваньне праз сусьветную сетку на рынку аблігацыяў. 24 жніўня 1999 году продаж без пакрыцьця пашырылі на ўсе паі на біржы[10].

У траўні 2000 году «СБКП» набыла 27,4 паёў «Кырзыскай фондавай біржы» (Бішкек). У чэрвені 2000 году — 5,26% паёў «Бакінскай фондавай біржы» (Азэрбайджан). У ліпені 2000 году рынак аблігацыяў «СБКП» дасягнуў 50 аддаленых удзельнікаў праз сусьветную сетку. У сьнежні 2000 году фондавы рынак біржы дасягнуў 98 аддаленых удзельнікаў. У лістападзе 2004 году на біржы заснавалі рынак біржавых фондаў. У жніўні 2007 году запусьцілі індэкс карпаратыўнага кіраваньня. У кастрычніку 2008 году кіраўніка «СБКП» Хюсэйна Эркана абралі старшынём Працоўнага камітэту МСФБ і сябрам Рады яе кіраўнікоў. У сакавіку 2009 году заснавалі рынак узрастальных прадпрыемстваў. У траўні 2009 году адчынілі плятформу абнародаваньня зьвестак прадпрыемстваў. У ліпені 2010 году рынкаўтваральнікаў дапусьцілі да аўкцыёну. У студзені 2011 году ўвялі ў дзеяньне аўтаматычны выключальнік і заснавалі міжбанкаўскі рынак перакупу. У ліпені 2011 году запусьцілі дывідэндныя індэксы. У траўні 2012 году пачалі вылічаць індэкс першаснага разьмяшчэньня паёў. У кастрычніку 2012 году «СБКП» увайшла ў Міжрынкавую суполку назіраньня (ЗША) для выкрыцьця махлярства праз абмен зьвесткамі. У сьнежні 2012 году на біржы запусьцілі рынак вытворных інструмэнтаў. У лютым 2013 году пачалі вылічаць 3 новыя індэксы: брокерскі, будаўнічы і здабыўны. 5 красавіку 2013 году «СБКП» пераўтварылі ў «Біржу Стамбулу» праз паглынаньне «Стамбульскай біржы золата». У жніўні 2013 году да «Біржы Стамбулу» далучылі «Турэцкую біржу вытворнікаў». У сьнежні 2013 году запусьцілі Прамысловы індэкс малых і сярэдніх прадпрыемстваў і «Біржа Стамбулу» набыла 24,39% паёў «Чарнагорскай біржы» (Падгорыца). 1 студзеня 2014 году «Біржы Стамбулу» стала распаўсюджваць зьвесткі «Сараеўскай біржы» (Босьнія і Герцагавіна) паводле пагадненьня. У сакавіку 2014 году амэрыканскі від апцыёнаў на паі замянілі на эўрапейскі. У траўні 2014 году валютнымі апцыёнамі сталі гандляваць празь інтэрнэт-тэлефаваньне. У ліпені 2014 году сталі вылічаць яшчэ 2 індэксы: удзелу 50 і ўзорнага партфоліё. У жніўні 2014 году скасавалі абедзенны перапынак у гандлі па-за рынкамі паёў і індэксаў, а таксама ўвялі рынкаўтваральнікаў у гандлі аблігацыямі. У лістападзе 2014 году пачалі вылічаць Індэкс устойлівасьці «БіСт». У сьнежні 2014 «БіСт» запусьціла індэкс 10 найбольшых прадпрыемстваў «Сараеўскай біржы» і падпісала мэмарандум паразуменьня зь «Лёнданскай фондавай біржай» (Ангельшчына) наконт разьмяшчэньня ф'ючарсаў і апцыёнаў на індэкс «БіСт 30». У студзені 2015 году запусьцілі рынкаўтварэньне на падставе падзелу выручкі і «БіСт» павялічыла сваю долю ў «Сараеўскай біржы» да 9,89%. У лістападзе 2015 году «БіСт» і Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь падпісалі мэмарандум паразуменьня[10]. У 2018 годзе выручка АТ «Біржа Стамбулу» склала 1,538 млрд турэцкіх ліраў ($289,802 млн), апэрацыйны прыбытак — 1,167 млрд ліраў ($219,925 млн), а чысты прыбытак — 1,173 млрд ліраў ($221,032 млн)[12]. У 2018 годзе біржа стала 21-й у сьвеце паводле абсягу гандлю паямі прадпрыемстваў.

  • Мухарэм Карсьлі (сакавік 1985 — сакавік 1990)
  • Яман Торунэр (сакавік 1990 — красавік 1994)
  • Тункай Артун (красавік 1994 — красавік 1997)
  • Асман Бірсэн (кастрычнік 1997 — лістапад 2007)
  • Хюсэйн Эркан (лістапад 2007 — 31 сьнежня 2011)
  • Ібрагім Турхан (1 студзеня 2012 — 26 верасьня 2018)[10]
  • Эрышаха Арыкан (ад 27 верасьня 2018 году)
  1. ^ Рада кіраўнікоў (тур.) // АТ «Біржа Стамбулу», 2020 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  2. ^ Зводная справаздача за 2018 год (анг.) // АТ «Біржа Стамбулу», 2019 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  3. ^ Зьвяжыцеся з намі (тур.) // АТ «Біржа Стамбулу», 2020 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  4. ^ Гандлёвыя гадзіны фондавага рынку (тур.) // АТ «Біржа Стамбулу», 4 лістапада 2019 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  5. ^ Карпаратыўнае кіраваньне (тур.) // АТ «Біржа Стамбулу», 2020 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  6. ^ Зьвесткі пра ўдзельнікаў (тур.) // АТ «Біржа Стамбулу», 2020 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  7. ^ Удзельнікі фондавага рынку, упаўнаважаныя на рынкаўтварэньне (анг.) // АТ «Біржа Стамбулу», 27 сьнежня 2019 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  8. ^ Пералік збораў (анг.) // АТ «Біржа Стамбулу», 2020 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  9. ^ Умовы разьмяшчэньня паёў (тур.) // АТ «Біржа Стамбулу», 2020 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  10. ^ а б в г Гістарычныя падзеі (тур.) // АТ «Біржа Стамбулу», 2020 г. Архіўная копія ад 2020 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  11. ^ Рынак капіталу (анг.) // Падарожніцкі даведнік Турэччыны, 1995 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.
  12. ^ Альпэр Гювэнч. Кансалідаваная фінансавая справаздача за 2018 год з высновамі незалежнага аўдытара (тур.) // АТ «Біржа Стамбулу», 6 сакавіка 2019 г. Архіўная копія ад 6 сакавіка 2019 г. Праверана 19 красавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]