Перайсьці да зьместу

Сараеўская біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сараеўская біржа
бас. Sarajevska berza
Тып фондавая
Разьмяшчэньне Сараева, Босьнія і Герцагавіна
Заснаваная 13 верасьня 2001 (23 гады таму)
Ключавыя асобы Тарык Турбегавіч[1], Зіяд Блекіч[2]
Валюта канвэртаваная марка
Колькасьць лістынгаў 327 (6 красавіка 2019 г.)[3]
РынКап 5 358,304 млн канв.марак (6 красавіка 2019 г.[4]; $3 077,456 млн)
Аб'ём 288,196 млн канв.марак (2018 г.[5]; $168,777 млн)
Індэксы Басьнійскі індэкс інвэстыцыйных фондаў
Сайт sase.ba

Сараеўская біржафондавая біржа Босьніі і Герцагавіны, заснаваная ў верасьні 2001 году ў Сараеве.

Гандлёвы тыдзень доўжыцца з панядзелка па пятніцу з 10:00 да 13:30. Гандаль адбываецца паводле расцэнак на паі і на вольным рынку паёў 1-га, 2-га і 3-га парадку. Таксама на біржы дзеяць рынкі паёў неплатаздольных прадпрыемстваў і аблігацыяў. Месьціцца ў Сараеве па вуліцы Джокі Мазаліча, д. 4/І. У 2018 год абсяг біржавога гандлю ўпаў да 288,2 канвэртаваных марак ($168,8 млн), што склала 40,3 % абарачэньня на фондавых біржах Босьніі і Герцагавіны[5]. У выніку Сараеўская біржа апусьцілася на 2-е месца сярод басьнійскіх фондавых рынкаў пасьля Баня-Луцкай біржы(be) ў Рэспубліцы Сэрбскай.

  • Управа. Складалася з кіраўніка і 2 намесьнікаў.
  • Наглядальная рада. Складалася з 5 сябраў, сярод якіх па адным прадстаўніку было ад прадпрыемстваў на рынку расцэнак і прадпрыемстваў на вольнага рынку біржы.
  • Біржавая камісія. Складалася са старшыні, 2 сябраў і 3 намесьнікаў сябраў, якіх прызначала Наглядальная рада. У яе складзе мела быць прынамсі па адным прадстаўніку Наглядальнай рады, Управы і Самарэгулявальнай арганізацыі прафэсійных пасярэднікаў у гандлі каштоўнымі паперамі. Накладала спагнаньне за парушэньне Правілаў біржы.
  • Рада расцэнак. Налічвала 5 пастаянных і 3 запасных сяброў. Зь іх 7 прызначала Наглядальная рада на 4 гады і аднаго — Управа. Спыняла гандаль каштоўнымі паперамі, якімі не гандлявалі больш як 10 працоўных дзён. Дапускала каштоўныя паперы да гандлю на рынку расцэнак.
  • Біржавы арбітраж. Улучаў 4 сябраў[2].

На 2019 год сябрамі Сараеўскай біржы былі 6 брокераў, кожны зь якіх адначасны быў пайшчыкам біржы: ТАА «ВГТ-брокер» (Высока, Зеніцка-Дабойскі кантон) — ад 2002 году, АТ «Райфайзэн-банк» (Вена, Аўстрыя) — ад 2003 году, ТАА «АВ брокер» (Сараева) — ад 2004 году, ТАА «Інвэстыцыйныя рашэньні СЕЕ» (Сараева) — ад 2005 году, ТАА «Уніброкер» (Сараева) — ад 2007 году і АТ «Аса-банк» (Сараева) — ад 2016 году[6]. Уласьнікамі Сараеўскай біржы выступалі 20 пайшчыкаў: 10,47 % — АТ «Райфайзэн-банк», 9,89 % — Біржа Стамбулу (Турэччына), 8 басьнійскіх пайшчыкаў па 5,24 % — «АВ брокер», ТАА «Агульнае кансультаваньне», АТ «Адыка-банк», «Аса-банк», «ВГТ-брокер», ТАА «Е-брокеры», «Уніброкер» і ТАА «Эўрадом», 2 пайшчыкі з Турэччыны па 5,01 % — Галоўны рэгістар каштоўных папераў (Стамбул) і АТ «Такасбанк», 4,93 % — ТАА «Палісаен» (Сараева), 4,88 % — Касім Баравіна, 4,54 % — ТАА «Аўктор» (Загрэб, Харватыя), 3 басьнійскія грамадзяніны па 4,07 % — Азра Блекіч-Айдаган, Эмір Імшыравіч і Мірсад Шкальіч, 0,83 % — Мірсад Лека і 0,36 % — «Інвэстыцыйныя рашэньні СЕЕ»[7].

Рынак расцэнак Сараеўскай біржы складаўся з 4 галінаў для: 1) паёў прадпрыемстваў, 2) паёў інвэстфондаў, 3) аблігацыяў, 4) іншых каштоўных папераў. Для ўваходу на рынак расцэнак прадпрыемствы мелі: 1) налічваць прынамсі 150 пайшчыкаў, 2) разьмясьціць на біржы прынамсі 25 % паёў, 3) падаць на аўдыт справаздачы за папярэднія 3 гады, 4) дасягаць рынкавай вартасьці звыш 2 млн канвэртаваных марак (каля 1 млн эўра), 5) валодаць капіталам на прынамсі 4 млн канв.марак (каля 2 млн эўра). Аблігацыі дапускалі да гандлю на суму звыш 3 млн канв.марак пасьля 3 гадоў аўдыту іх выпускальніка. Вольны рынак падзяляўся на 4 часткі:

  • 1-га парадку — паі 30 прадпрыемстваў з рынкавай вартасьцю звыш 2 млн канв.марак пры знаходжаньні звыш 25 % паёў у вольным абарачэньні;
  • 2-га парадку — першаснае разьмяшчэньне паёў;
  • 3-га парадку — паі прадпрыемстваў, што перасталі падаваць справаздачы на аўдыт;
  • неплатаздольных прадпрыемстваў — да заканчэньня разгляду заявы на банкруцтва[8].

Таксама дзейнічаў вольны рынак аблігацыяў для прадпрыемстваў на 3—5 гадоў і мясцовага самакіраваньня кантонаў і гарадоў.

На 2019 год Сараеўская біржа выпускала 5 індэксаў:

  • Басьнійскі індэкс інвэстыцыйных фондаў (БІІФ; анг. BIFX). Першы індэкс біржы, які вылічаюць з 28 траўня 2002 году ад першапачатковага значэньня ў 1000 пунктаў. Складаецца з паёў 11 інвэстфондаў Саюзу Босьніі і Герцагавіны. На 5 красавіка 2019 году налічваў 780,88 пункту.
  • Сараеўскі біржавы індэкс 10 (СБІ-10; анг. SASX-10). Вылічаецца з 31 сьнежня 2004 году ад пачатковай вартасьці ў 1000 пунктаў. Ёсьць цэнавым індэксам паёў 10 прадпрыемстваў з найбольшай рынкавай вартасьцю на біржы. Удзел аднаго прадпрыемства ў індэксе абмяжоўваўся доляй да 20 %. Паямі прадпрыемстваў мелі гандляваць прынамсі 2/3 працоўных дзён кожныя паўгады. На 5 красавіка 2019 году складаў 763,14 пункту.
  • СБІ-30 (анг. SASX-30). Цэнавы роўнаўзважаны індэкс, што пачаў вылічацца з 31 сакавіка 2009 году ад вартасьці ў 1000 пунктаў. Складаецца з роўных доляў паёў 30 найбольшых прадпрыемстваў на вольным рынку 1-га парадку Сараеўскай біржы. Дзённае ваганьне ў цане дапускаюць у памеры да 20 %. На 5 красавіка 2019 году складаў 1208,02 пункту.
  • Сараеўскі біржавы ісламскі індэкс (СБІІ; анг. SASX-BBI). Цэнавы індэкс, які Міжнародны басьнійскі банк пачаў вылічаць з 7 кастрычніка 2016 году ад вартасьці ў 10 000 пунктаў. Удзел аднаго прадпрыемства ў індэксе абмяжоўваўся доляй да 15 %. Улучае паі 25 найбольшых прадпрыемстваў паводле рынкавай капіталізацыі і біржавога абарачэньня, што трымаюцца шарыяту. На 5 красавіка 2019 году налічваў 11 193,82 пункту.
  • Сараеўскія біржавыя асновы (СБА; SASX-FN). Вылічаецца з 18 жніўня 2017 году ад вартасьці ў 10 000 пунктаў. Улучаў паі 15 прадпрыемстваў Саюзу Босьніі і Герцагавіны, што мелі 3 найвышэйшыя паказьнікі за папярэдні год: рэнтабэльнасьць уласнага капіталу(uk), прыбытак на акцыю(uk) і прыбытковасьць(en)[9].

13 верасьня 2001 году 8 брокерскіх дамоў заснавалі Сараеўскую біржу. 12 красавіка 2002 году адбыўся першы гандаль на суму 3099 канвэртаваных марак. 28 красавіка 2003 году зьявіўся першы біржавы індэкс, якім стаў Басьнійскі індэкс інвэстыцыйных фондаў (БІІФ). 7 кастрычніка 2003 году запусьцілі вэб-сайт біржы sem-on.net. 11 студзеня 2004 году да гандлю дапусьцілі 11 прыватызацыйных інвэстфондаў. 22 лістапада 2004 году гандлёвы дзень павялічылі з 9:00 да 13:30. 19 сакавіка 2005 году на сайце біржы разьмясьцілі зьвесткі пра каштоўныя паперы. 4 кастрычніка 2005 году на сайце зьмясьцілі гадавыя справаздачы. 6 лютага 2006 году прадставілі Сараеўскі біржавы індэкс 10 (СБІ-10). 26 верасьня 2006 году АТ «Босналіек» (Сараева) стала першым прадпрыемствам, што разьмясьціла акцыі на біржы. 3 студзеня 2007 году ўвялі 5-дзённы гандлёвы тыдзень замест 4-дзённага. 2 жніўня 2007 году абарачэньне Сараеўскай біржы перавысіла 1 млрд канвэртаваных марак. 22 лістапада 2007 году Сараеўская біржа стала сябрам Саюзу эўрапейскіх фондавых біржаў (Брусэль, Бэльгія)[10].

11 ліпеня 2008 году ўпершыню разьмясьцілі аблігацыі, якія выпусьцілі Тузьлянскі банк (Тузла) і АТ «Фіма-банк» (Сараева). 3 лістапада 2008 году ўвялі ўнутрыдзённы гандаль. 1 красавіка 2009 году пачалі выдаваць індэкс SASX-30. 31 траўня 2011 году акцыянэрамі Сараеўскай біржы сталі 3 турэцкія прадпрыемствы: Біржа Стамбулу, АТ «Такасбанк» (Стамбул) і Галоўны рэгістар каштоўных папераў. 29 траўня 2012 году ўпершыню разьмясьцілі аблігацыі Саюзу Босьніі і Герцагавіны. 19 кастрычніка 2012 году падпісалі пагадненьне аб супрацы з Баня-Луцкай (Рэспубліка Сэрбская) і Чарнагорскай біржамі[10]. У 2018 годзе з агульнага абарачэньня біржы ў памеры 288,2 канв. марак ($168,8 млн) 37,8 % прыпала на першаснае разьмяшчэньне паёў 4 прадпрыемстваў[5].

  1. ^ Сустракайце кіраўніка (бас.) // Сараеўская біржа, 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  2. ^ а б Органы біржы (бас.) // Сараеўская біржа, 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  3. ^ Улучаныя каштоўныя паперы (Расцэнкі на паі ўсіх прадпрымальніцкіх таварыстваў) (бас.) // Сараеўская біржа, 6 красавіка 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  4. ^ Стан на рынку (бас.) // Сараеўская біржа, 6 красавіка 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  5. ^ а б в Стан на рынку (бас.) // Справаздача за 2018 год, 16 студзеня 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  6. ^ Сябры біржы (бас.) // Сараеўская біржа, 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  7. ^ Пайшчыкі біржы (бас.) // Сараеўская біржа, 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  8. ^ Часткі рынку (бас.) // Сараеўская біржа, 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  9. ^ Біржавыя індэксы (бас.) // Сараеўская біржа, 5 красавіка 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.
  10. ^ а б Гісторыя (бас.) // Сараеўская біржа, 2019 г. Праверана 6 красавіка 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]