Біржа
Біржа (ад нямецкага: Börse, лацінскага: bursa — каліта) — асноўная форма рэґулярна функцыянуючага аптовага (вальнага) рынку, установа, дзе ажыцьцяўляецца гандаль каштоўнымі паперамі (фондавая біржа), валюты (валютная біржа) або тавараў, што прадаюцца па стандартах ці абразчыках (таварная біржа). Біржы граюць ролю пасярэднікаў у працэсе арганізацыі гарызантальных гаспадарчых сувязяў.
Рэальныя пастаўкі на біржы рэдка перавышаюць 5—10% сусьветнага гандлю адпаведнымі таварамі, аднак уплыў біржаў на цэны сусьветнага рынку і канкрэтных гешэфтаў надзвычай высокі.
Таксама біржаю завецца будынак, дзе ажыцьцяўляюцца біржавыя апэрацыі.
Біржы ў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая біржа ў Беларусі ўзьнікла ў 1908 годзе — Менская лясная біржа. Празь некалькі гадоў рэгіянальная біржа ўзьнікла і ў Віцебску. Пасьля пачатку савецкае акупацыі ўсе беларускія біржы зьніклі, бо пры Савецкай уладзе зь яе плянавай эканомікай яны як рынкавыя структуры не маглі існаваць. Пасьля распаду СССР і ўтварэньня незалежнай Беларусі біржы зьявіліся зноў. У пачатку 1990-х гадоў было больш як 25 біржавых структураў.
Многія тавары, якія гандляваліся на тых біржах, не былі біржавымі таварамі, таму гэтыя біржы трансфармаваліся ў 1992—1995 гадах у гандлёвыя дамы.
Паводле спэцыялістаў, біржавы рух у Беларусі пачатку 1990-х гадоў быў стыхійным. Шмат хто са стваральнікаў біржаў быў недасьведчаным у гэтай справе і ствараў біржу пад нейкі тавар, які ў цывілізаваных краінах рэалізуецца праз гандлёвыя крамы. Відавочна, на «нябіржавыя» тавары не было пакупнікоў і некаторыя біржы як рынкавыя структуры прыходзілі ў заняпад. З другога боку, ў станаўленьні біржаў як элемэнтаў цывілізаванага рынку ня быў зацікаўлены тагачасны дырэктарат дзяржаўных прадпрыемстваў, бо рэалізоўваў тавар праз свае структуры. Было таксама шмат чыноўнікаў, якія супрацьдзейнічалі разьвіцьцю біржавога гандлю. Таму біржы былі, напрыклад, пад моцным падатковым прэсам. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пачаўся моцны прэсінг на прыватны сэктар і ўрэшце рэшт амаль на дзесяцігодзьдзе біржавы рух у Беларусі спыніўся.
2 чэрвеня 2005 году адбыліся першыя таргі на Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы. З аднаго боку, спэцыялісты выказваюць аптымізм наконт пэрспэктываў у Беларусі біржавага гандлю, паколькі гэтая ініцыятыва палягае ў рэчышчы ўсясьветнаэканамічных тэндэнцыяў. З другога боку, мае месца і вялікі пэсымізм на гэты конт, паколькі ў Беларусі нізкі ўзровень эканамічнай свабоды. Цяперашняя біржа, паводле рашэньня ўраду, мусіць гандляваць лесам і мэталам. Аднак, досьвед першых таргоў сьведчыць, што ахвотнікаў браць удзел у іх вельмі мала. Як зазначаюць дзелавыя асобы, створаныя дзяржавай умовы біржавога гандлю, нявыгадныя. Як і на пачатку 1990-х гадоў, застаецца вялікі дзяржаўны сэктар і моцнае дзяржаўнае рэгуляваньне эканомікі.