Перайсьці да зьместу

Белпалівагаз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°53′49″ пн. ш. 27°33′22″ у. д. / 53.89694° пн. ш. 27.55611° у. д. / 53.89694; 27.55611

«Белпалівагаз»
Тып дзяржаўнае аб’яднаньне
Заснаваная 6 лістапада 1958 (66 гадоў таму)
Заснавальнікі Савет міністраў Беларускай ССР
Уласьнікі Міністэрства энэргетыкі Беларусі
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Ленінскі раён, мікрараён Новае Места, вул. К.Маркса, д. 14[1]
Ключавыя фігуры Аляксей Кушнарэнка (генэральны дырэктар), Зьміцер Шаўлоўскі (1-ы намесьнік)[2]
Галіна горная справа, машынабудаваньне
Прадукцыя паліўны брыкет, тарфяная сушонка, верхавы і паліўны торф, торфадраўнянае паліва, фрэзэрны барабан, пагрузчык, газавы балён, воданагравальнік і лічыльнік, вогнетушыльнік
Лік супрацоўнікаў 23 000 (2022 год)
Матчына кампанія Міністэрства энэргетыкі Беларусі[3]
Даччыныя кампаніі Завод тарфянога машынабудаваньня «Бальшавік» (Гомельскі раён), «Наваградзкі завод газавай апаратуры»

«Белпалівагаз» — дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне паліва і газіфікацыі Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1958 году ў якасьці Галоўнай управы газіфікацыі Беларускай ССР.

На 2022 год улучаў 28 прадпрыемстваў, якія налічвалі звыш 23 000 супрацоўнікаў. Пастаўляў звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) чыгункай і загадваў сеткай разьмеркавальных газаправодаў у Беларусі. Вёў здабычу торфу і вытворчасьць паліўных брыкетаў. Выконваў праектаваньне ў тарфяной прамысловасьці і будаўніцтва газавых сетак. Вырабляў газавыя эўрабалёны, газавыя і электрапліты, прылады газазабесьпячэньня і машыны для здабычы і перапрацоўкі торфу. Ажыцьцяўляў навучаньне ў прамысловай цеплаэнэргетыцы і торфаздабычы[4].

На 2022 год «Белпалівагаз» улучаў:

На 2022 год прадпрыемствы «Белпалівагазу» выраблялі:

  • паліўны брыкет, верхавы і паліўны торф, тарфяную сушонку і торфадраўнянае паліва[6];
  • машыны для мэханічнай і пнэўматычнай здабычы кавалкавага і фрэзэрнага торфу — фрэзэрны барабан, варашылка, валкавальнік, скрэпэрна-бункерныя машыны на вусенічным ходзе, штабэлявальныя машыны, пнэўмаўборачныя машыны на пнэўмаколавым ходзе, машыны здабычы кавалкавага торфу, пагрузчыкі і транспартныя сродкі для кавалкавага торфу[7];
  • побытавыя газавыя балёны ёмістасьцю 5, 12, 27 і 50 літраў, вэнтылі, кляпаны, рэгулятары ціску вады і газу, газавыя воданагравальнікі, вузлы газавых плітаў, газавыя лічыльнікі, парашковыя вогнетушыльнікі і апаратуру пераводу самаходаў на звадкаваны і сьціснуты прыродны газ[8].

6 лістапада 1958 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 738 «Аб пляне газіфікацыі гарадоў і населеных пунктаў Беларускай ССР у 1959—1965 гадах». Паводле 3-га пункту Пастановы, стварылі Галоўную ўправу газіфікацыі БССР (Галоўгаз БССР) для кіраваньня праектаваньнем, будаўніцтвам і выкарыстаньнем сетак і газавых станцыяў. У склад Галоўгазу БССР улучылі абласныя і сталічная газавыя гаспадаркі Беларусі. На той час доля торфу ў паліўным балянсе БССР дасягала 60 %. У сьнежні 1960 году ўвялі магістральны газаправод «Дашава — Менск» для пастаўкі прыроднага газу са Львоўскай вобласьці Ўкраінскай ССР. Наступны пуск газаправодаў «Таржок — Менск — Івацэвічы» і «Таржок — Даліна» дазволіў падаць газ з паўночных радовішчаў і распачаць газіфікаваньне гарадоў Беларусі. У 1978 годзе Галоўгаз БССР пераўтварылі ў Дзяржаўны камітэт газіфікацыі БССР (Дзяржкамгаз БССР). У 1988 годзе Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову аб пераўтварэньні Дзяржкамгазу БССР у Дзяржаўны камітэт паліва і газіфікацыі БССР (Дзяржкампалівагаз БССР) у выніку далучэньня Міністэрства паліўнай прамысловасьці БССР[9].

13 красавіка 1992 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 204 аб пераўтварэньні Дзяржкампалівагазу ў канцэрн «Белпалівагаз». 24 верасьня 2001 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 516, якім падпарадкаваў «Белпалівагаз» Міністэрству энэргетыкі Беларусі. 30 лістапада 2006 году Міністэрства энэргетыкі Беларусі зацьвердзіла Загад № 326 аб пераўтварэньні канцэрну «Белпалівагаз» у дзяржаўнае аб’яднаньне[9]. На 2014 год «Белпалівагаз» меў у сваім складзе 26 торфаздабыўных прадпрыемстваў, у склад якіх уваходзіла 19 торфабрыкетных заводаў. Торфабрыкеты пастаўлялі для патрэбаў звыш 200 000 сельскіх дамоў. Гадавая здабыча торфу склала каля 3 млн тонаў пры геалягічных запасах у 4 млрд тонаў на амаль 9000 тарфяных радовішчах плошчай 24 000 кв.км. За год вырабілі 1,3 млн тонаў торфабрыкетаў. Доля торфу ў энэргабалянсе Беларусі перавышла 2 %, што дазволіла замяніць 590 млн кубамэтраў прыроднага газу коштам 107,7 млн даляраў[10]. На 2022 год «Белпалівагаз» налічваў 28 прадпрыемстваў, дзе працавала звыш 23 000 чалавек. Спажыўцам пастаўлялі торф і паліўныя брыкеты зь яго, а таксама звадкаваны (ЗПГ) і прыродны газ[9].

  1. ^ Кантактная інфармацыя (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  3. ^ Вышэйстаячая арганізацыя (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  4. ^ Аб аб'яднаньні (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  5. ^ Падведамныя прадпрыемствы (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  6. ^ Тарфяная прадукцыя (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  7. ^ Машынабудаваньне (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  8. ^ Газавае абсталяваньне (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  9. ^ а б в Гісторыя (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  10. ^ Сяргей Куркач. Грошы на балоце // Зьвязда : газэта. — 20 сакавіка 2014. — № 51 (27661). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]