Ленінскі (Берасьцейская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ленінскі
трансьліт. Lieninski
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Жабінкаўскі
Сельсавет: Ленінскі
Насельніцтва
колькасьць: 1781 чал. (2015)
колькасьць двароў: 728
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1641
Паштовы індэкс: 225111[1]
СААТА: 1225815026
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°9′55.64″ пн. ш. 24°6′31.10″ у. д. / 52.1654556° пн. ш. 24.1086389° у. д. / 52.1654556; 24.1086389Каардынаты: 52°9′55.64″ пн. ш. 24°6′31.10″ у. д. / 52.1654556° пн. ш. 24.1086389° у. д. / 52.1654556; 24.1086389
Ленінскі на мапе Беларусі ±
Ленінскі
Ленінскі
Ленінскі
Ленінскі
Ленінскі
Ленінскі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ле́нінскі[2] — пасёлак у Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Ленінскі ўваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Ленінскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гатэчына (Гатачызна, Ацячызна), таксама Гатаўшчызна-Зьдзітавец згадваецца ў дакумэнтах Вялікага Княства Літоўскага з 2-й паловы XVII ст. як шляхецкі двор роду Фядзюшкаў. З XVIII ст. Гатэчына належыць роду Сяклюцкіх, затым маёнтак пераходзіць ва ўласнасьць князёў Бельскіх. З таго часу і да 1939 г. Бельскія былі пастаяннымі ўладальнікамі Ацячызны. Апошнім яе гаспадаром быў Эдвард Бельскі. 

У маёнтку меўся стары драўляны дворак, пабудаваны пры Бельскіх у XVIII ст. Аднапавярховы, з высокім чатырохсхільным гонтавым дахам, ён меў форму доўгага простакутніка. З боку галоўнага ўваходу меўся невялікі ганак на чатырох драўляных слупах, на якія абапіраўся трохкутны шчыток. У 2-й палове XIX ст. Ксавэры Бельскі дабудаваў да левага крыла палацу чатыры службовыя пакоі. 

Сядзібны дом меў шырокія сені і 13 пакояў. Рэпрэзэнтыўныя пакоі месьціліся ў правым крыле. У доме стаяла мэбля ў стылі Людовіка XV, на сьценах разьмяшчаліся ўнікальныя карціны, у прыватнасьці «Сьвятая сям’я» Рубэнса (верагодна — не арыгінал), два палатны мастака Граўза і палатно мастака Тэнірса «Два рыбакі зь сеткай». У вялікім сталовым пакоі вісела таксама шмат карцінаў, у тым ліку 15 партрэтаў прадстаўнікоў роду Бельскіх. Увесь гэты каштоўны збор мастацкіх твораў быў абрабаваны нямецкімі войскамі ў 1915 г.

Палац стаяў сярод маляўнічага старажытнага парку плошчай каля 20 га. Новую кампазыцыйную пляніроўку парку зрабіў у 1910 г. архітэктар Франсуа Шэнье. У непасрэднай блізкасьці ад палацу парк меў шэраг баскетаў, абкружаных стрыжанымі дрэвамі і кустамі. Перад домам разьмяшчаўся велізарны газон, побач рос старажытны (700—800 гадоў) дуб, далей 2 альтанкі, абсаджаныя 250-гадовымі каштанамі і вельмі старымі ліпамі, некалькі прагулачных кляновых і ліпавых алей. Асаблівую прыгажосьць парку надавалі каналы і сажалка. 

Палацава-паркавы ансамбль моцна пацярпеў у гады 1-й і 2-й сусьветных войнаў, а падчас апошняй вайны палац быў спалены. У савецкія часы парк прыйшоў у заняпад. Сёньня плошча рэшткаў парку складае некалькі гектараў. Захаваліся старажытны дуб і частка дрэвастою лісьцевых парод.

Старажытны дуб у парку мае вышыню каля 25 м пры дыямэтры ствала 2,6 м. Зьяўляецца адным з найбольш самых старых у парках Беларусі і абвешчаны помнікам прыроды. Яго крона — шацёр у памеры 30×26 м.

Парк узяты на ўлік і пад ахову дзяржавы.

З 1905 г. у маёнтку Бельскіх працаваў бровар. Цяпер ён належыць СВК «Рагазьнянскі».

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1816 г. у Гатэчыне жылі 112 сялянскіх сямей, у 1845 г. — 461 селянін. Згодна з устаўной граматай 1862 г., у маёнтку засталося 80 дваровых людзей; 410 былых прыгонных атрымалі волю ад памешчыка I. Бельскага бяз выкупу. Паводле перапісу 1897 г. Гатэчына (Ацячызна) складалася зь сядзібы і будкі № 18 пры Маскоўска-Варшаўскай шашы, дзе агулам жылі 48 чалавек.

  • 1999 год — 1677 чалавек
  • 2010 год — 1705 чалавек
  • 1 студзеня 2015 году — 1781 чалавек, 728 прыватных гаспадарак[3]

Інфраструктура і сацыяльныя аб’екты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У аграгарадку Ленінскі знаходзіцца сядзіба СВК «Рагазьнянскі», існуе фэрмэрская гаспадарка «АтэчызнаАгра», вырабляе мёд на продаж пчаляр-прыватнік.

У аграгарадку дзейнічаюць таксама[3]:

  • філіялы ААТ «Беларусбанк»,
  • аддзяленьне паштовай сувязі,
  • Дом культуры,
  • сярэдняя школа,
  • ясьлі-сад,
  • крама,
  • амбуляторыя,
  • комплексны прыёмны пункт.

У Ленінскім таксама працуе дзіцячая школа мастацтваў (адна зь дзьвюх у Жабінкаўскім раёне), народны ансамбль «Музычны вянок». У траўні 2014 году з ініцыятывы пэдагогаў дзіцячай школы мастацтваў у аграгарадку Ленінскі ўпершыню ў Жабінкаўскім раёне ладзіўся творчы конкурс эстраднай песьні «Мы сьпяваем» для выканаўцаў ва ўзросьце ад 6 да 18 гадоў.[4]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Белпошта
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 129
  3. ^ а б Ленинский сельсовет
  4. ^ Анатоль Ростаў. Чым культурная ніва багатая? // Сельская праўда, 5 сакавіка 2015 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ленінскі (Берасьцейская вобласьць)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў