Башнафта
Каардынаты: 54°43′50″ пн. ш. 55°56′41″ у. д. / 54.73056° пн. ш. 55.94472° у. д.
рас. «Башнефть» | |
Тып | публічнае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | МБ: BANE |
Заснаваная | 1935 |
Уласьнікі | Раснафта[d] |
Краіна | Расея |
Разьмяшчэньне | Башкартастан |
Адрас | Уфа, Ленінскі раён, вул. К.Маркса, д. 30, корп. 1 |
Ключавыя фігуры | Павал Фёдараў[1], Андрэй Шышкін[2] |
Галіна | нафтавая прамысловасьць |
Прадукцыя | авіягаза, бэнзін, дызэльнае паліва, мазута, нафта, плястмаса і поліэтылен |
Абарачэньне | 670,964 млрд рас.руб.[3] (2017 г.; $11,649 млрд)[4] |
Апэрацыйны прыбытак | 98,074 млрд рас.руб. (2017 г.; $1,703 млрд) |
Чысты прыбытак | 141,857 млрд рас.руб. (2017 г.; $2,463 млрд) |
Лік супрацоўнікаў | 25 000 (2019 г.) |
Матчына кампанія | ПАТ «Раснафта» (Масква) |
«Башнафта» — акцыянэрная нафтавая кампанія Башкартастану, заснаваная ў 1935 годзе ў якасьці трэста.
На 2019 год ПАТ «АНК «Башнафта» мела звыш 180 нафтарадовішчаў у Башкартастане, Ненецкай і Ханты-Мансійскай аўтаномных акругах. За 2018 год «Башнафта» здабыла звыш 21 млн тонаў нафты. Зь іх звыш 18 млн тонаў перапрацавалі на ўласных нафтазаводах, дзе глыбіня перапрацоўкі складала 82 %[5].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год ПАТ «АНК «Башнафта» ўлучала:
- 5 прадпрыемстваў выведкі і здабычы нафты — ТАА «Башнафта-Здабыча» (Уфа), ТАА «Башнафта-Полюс» (Нар'ян-Мар, Ненецкая аўтаномная акруга), ТАА «Усход НАА» (Нар’ян-Мар), ТАА «Сароўскнафта» (Цюмень) і ТАА «Міжнародная Башнафта» (Багдад, Ірак);
- 8 прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі — філіі «Башнафта-Уфанафтахім» (6 млн тонаў, 3 % расейскай магутнасьці), «Башнафта-Уфімскі НПЗ» (6,1 млн тонаў) і «Башнафта-Новойл» (Уфа), ПАТ «Уфааргсынтэз» (15 % расейскага поліэтылену), ТАА «Шпакаўскае газаперапрацоўчае прадпрыемства» («Шпакаўскае ГПП»; пас. Прыютава, Белябееўскі раён) і ТАА «Туймазынскае ГПП» (в. Туркеева, Туймазынскі раён) на захадзе Башкартастану, ТАА «РусПЭТФ» (Уфа, плястмаса) і АТ «Аб’яднаная нафтахімічная кампанія» («АНК», Масква);
- 3 прадпрыемствы збыту — філія «Башнафта-Рэгіянальныя продажы», ТАА «Башнафта-Раздроб» (Уфа) і ТАА «Башнафта-Азія» (Нур-Султан, Казахстан);
- 12 абслуговых прадпрыемстваў — ТАА «БашНДПІнафта» (Салават, распрацоўка), ТАА «Башнафта-Буд» (Кураскава, Уфімскі раён), ТАА «Башнафта-Лягістыка» (Нефцякамск), ТАА «Башнафта-Пэтратэст» (Уфа), ТАА «Энэргазбытавая кампанія» (Уфа), ТАА «Башнафта-Сэрвіс НПЗ», ТАА «Башэнэрганафта», ТАА «БашнафтаАўтатранс», ТАА «Башнафта-Сэрвіс», ТАА «Башнафта-Інфарм», ТАА «Башнафта-Інвэст» і ТАА «Гасьцінічны комплекс Башкартастан»[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1935 годзе стварылі трэст «Башнафта» для распрацоўкі Ішымбайскага нафтарадовішча(ru), адкрытага ў 1932 годзе на поўдні Башкірскай АССР. У 1936 годзе збудавалі нафтаправод «Ішымбаева—Уфа». У 1938 годзе запусьцілі Ўфімскі крэкінг-завод. У 1944 годзе пачалі здабычу на Туймазынскім нафтарадовішчы(ru), якое адкрылі ў 1937 годзе на захадзе Башкірскай АССР. У 1946 годзе «Башнафтахімкамбінат» пераўтварылі ў «Башнафту». У 1951 годзе запусьцілі Нова-Ўфімскі нафтаперапрацоўчы завод. Па выніках 1954 году «Башнафта» стала найбольшым нафтаздабывальным аб’яднаньнем СССР. У 1956 годзе ўвялі ў дзеяньне Ўфімскі завод сынтэтычнага сьпірту. У 1957 годзе скончылі будаўніцтва паліўнага завода «Уфанафтахім». У 1975 годзе «Башнафту» пераўтварылі ў вытворчае аб’яднаньне (ВА). 13 студзеня 1995 году ВА пераўтварылі ў ААТ «Акцыянэрная нафтавая кампанія «Башнафта»[3].
У 2002 годзе акцыі АНК «Башнафта» выкупіў «Башкірскі капітал» Урала Рахімава, які быў сынам прэзыдэнта Башкартастану Муртазы Рахімава. У 2005 годзе ААТ «Акцыянэрная фінансавая карпарацыя «Сыстэма» (Масква) Уладзімера Еўтушэнкава набыла 25 % акцыяў «Башнафты» і 5 башкірскіх паліўных прадпрыемстваў за $600 млн. У 2009 годзе АФК «Сыстэма» выкупіла кантрольны пакет акцыяў, што зрабіла «Башнафту» матчынай кампаніяй для ААТ «Уфімскі НПЗ», ААТ «Новойл», ААТ «Уфанафтахім» і ААТ «Уфааргсынтэз». Адначасна стварылі даччынае ТАА «Башнафта-Здабыча», што ўлучыла 6 нафтагазаздабывальных кіраўніцтваў (НГЗК) у Ішымбаі, Туймазах, Уфе і Чакмагушы, а таксама ў сёлах Арлан (Краснакамскі раён) і Краснахолмскі (Калтасынскі раён) на поўначы Башкартастану. У 2011 годзе АНК «Башнафта» атрымала дазвол на распрацоўку нафтарадовішчаў Трэбса і Цітова(ru) на поўначы Ненецкай аўтаномнай акругі, дзе пачала здабычу ў рамках сумеснага ТАА «Башнафта-Полюс». У красавіку 2011 году «Башнафта» набыла за $100 млн нафтагазавую кампанію «Руснафта» (Масква) і ААТ «Арэнбургнафтапрадукт». 31 ліпеня 2012 году беларускае ТАА «Трайпл» заключыла з «Башнафтай» гадавы кантракт на экспарт нафтапрадуктаў на суму $4,4 млрд[6].
У 2012—2013 гадах пачалі сумесную нафтаздабычу ў Іраку і М’янме. У сакавіку 2014 году за $1 млрд набылі ТАА «Бурнафтагаз», што здабывала нафту на Сароўскім радовішчы ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. 8 сьнежня 2014 году Фэдэральнае агенцтва па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю Расеі адсудзіла ў АФК «Сыстэма» 71 % акцыяў «Башнафты». 21 чэрвеня 2015 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 317 аб перадачы 25 % акцыяў башкірскаму ўраду. 12 кастрычніка 2016 году ПАТ «Раснафта» набыла 50,08 % акцыяў «Башнафты» ва ўраду Расеі за 330 млрд расейскіх рублёў ($5,306 млрд).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Рада кіраўнікоў (рас.) // АНК «Башнафта», 2019 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
- ^ Кіраўніцтва (рас.) // АНК «Башнафта», 2019 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
- ^ а б в Справаздача за 2017 год (рас.) // АНК «Башнафта», 28 чэрвеня 2018 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
- ^ Афіцыйныя курсы валют на 30 сьнежня 2017 г., што ўсталёўваюць штодня (57,6002 рас.рубля за даляр) (рас.) // Цэнтральны банк Расеі, 30 сьнежня 2017 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
- ^ Кампанія (рас.) // АНК «Башнафта», 2019 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
- ^ Чыж заключыў кантракт на $4,4 мільярда // Наша ніва : газэта. — 8 жніўня 2013. — № 30 (771). — С. 5. — ISSN 1819-1614.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кантакты (рас.) // ТАА «Усход НАА» (Нар'ян-Мар), 2019 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
- Кантакты (рас.) // ТАА «БашНДПІнафта» (Салават), 2019 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
- Кантакты (рас.) // ТАА «Энэргазбытавая кампанія» (Уфа), 2019 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
- Кантакты (рас.) // Гасьцініца «Башкірыя», 2019 г. Праверана 30 сакавіка 2019 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
|