Перайсьці да зьместу

Бабруйская фартэцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бабруйская крэпасьць»)
Помнік гісторыі і абарончай архітэктуры
Бабруйская фартэцыя
Бабруйская фартэцыя
Бабруйская фартэцыя
Краіна Беларусь
Места Бабруйск
Каардынаты 53°08′20″ пн. ш. 29°14′45″ у. д. / 53.13889° пн. ш. 29.24583° у. д. / 53.13889; 29.24583Каардынаты: 53°08′20″ пн. ш. 29°14′45″ у. д. / 53.13889° пн. ш. 29.24583° у. д. / 53.13889; 29.24583
Аўтар праекту Карл Апэрман
Заснавальнік Расейская імпэрыя
Першае згадваньне 1810
Дата заснаваньня 1807
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Бабруйская фартэцыя на мапе Беларусі
Бабруйская фартэцыя
Бабруйская фартэцыя
Бабруйская фартэцыя
Бабруйская фартэцыя на Вікісховішчы

Баруйская фартэцыя або крэпасьць — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя ў Бабруйску, магутная фартыфікацыя, збудаваная ўладамі Расейскай імпэрыі на месцы Старога Места і старажытнага замка (зь іх руйнаваньнем, як і ў выпадку Берасьця). Знаходзіцца пры ўтоку ракі Бабруйкі ў Бярэзіну. Твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бабруйск апынуўся пад уладай Расейскай імпэрыі. У 1807 годзе тут пачалося будаваньне бастыённай фартэцыі. На будоўлі працавала каля 50 батальёнаў салдатаў, а таксама людзі з навакольных вёсак. Да 1810 году насыпалі валы і зрабілі земляныя фартыфікацыі. У 1810—1812 гадох паводле праекту інжынэра Карла Опэрмана збудавалі 5 бастыёнаў, валы дадаткова ўмацавалі глыбокімі равамі. Тады ж часткова зруйнавалі комплекс езуіцкага калегіюму ў выніку яго рэканструкцыі пад парахавы склад, а таксама збудавалі кашары, шпіталь і склады.

У 1812 годзе фартэцыю ўзяла ў аблогу дывізія Яна Дамброўскага, аднак узяць ня здолела. На той час тут было амаль 300 гарматаў. Па вайне 1812 году пачаўся другі этап будаваньня, які характарызаваўся шырокім размахам: павялічылася тэрыторыя фартэцыі, зьявіліся 17 дадатковых бастыёнаў, вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм». У 1830-я гады на вонкавым рове ўзьвялі капаніры дзеля флянгавага артылерыйнага і ружэйнага агню.

Па паўстаньні дзекабрыстаў у 1825 годзе з фартэцыі зрабілі турму, куды звозілі вырачаных «за вальнадумства і бунт супраць цара». Тут трымалі ў зьняволеньні 23 дзекабрыстаў, беларускага пісьменьніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а таксама за «крамольныя» вершы — слыннага селяніна-паэта Паўлюка Багрыма. У 1840-х гадох сюды выслалі сяброў падпольнага гуртку Петрашэўскага на чале з сваім кіраўніком. У 1905 годзе ў фартэцыі выбухнула паўстаньне дысцыплінарнага палку, якое жорстка здушылі расейскія карнікі.

У пачатку 1918 году фартэцыю заняў Першы Польскі корпус пад камандаю генэрала Юзэфа Доўбара-Мусьніцкага. У 1919—1920 гадох польскія ўлады стварылі на тэрыторыі фартэцыі лягер для ваеннапалонных. З такімі ж мэтамі выкарыстоўвалі фартэцыю немцы ў час Другой сусьветнай вайны.

Твор архітэктуры клясыцызму. Паводле пляну 1818 году, структуру комплексу вызначала сетка ўзаемна пэрпэндыкулярных вуліцаў, забудаваных мураванымі 2—3-павярховымі дамамі. Уваход на тэрыторыю фартэцыі ажыцьцяўляўся празь Вадзяную, Менскую і Слуцкую брамы. На скрыжаваньні галоўных вуліцаў, адна зь якіх вяла ад Менскай да Вадзяной брамы, другая — да Слуцкай брамы, знаходзіўся парадны Саборны пляц з домам камэнданта (1818 год), будынкамі шпіталя (1822 год) і штаба (1824 год), саборнай царквой Аляксандра Неўскага (1827 год). У заходняй частцы разьмяшчаліся кашары, ва ўсходняй — склады, артылерыйскі і інжынэрны паркі. У аздабленьні будынкаў выкарыстоўваліся рызаліты, руст, абрамленьні аконных праёмаў[1]

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 63.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Скрыпка М. Цытадэль над Бярэзінай (з гісторыі Бабруйскай крэпасці) // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. № 4, 1987.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  512Г000059