Перайсьці да зьместу

Аршанскі авіярамонтны завод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аршанскі авіярамонтны завод
Тып Адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 24 сьнежня 1956 (67 гадоў таму)
Краіна
Разьмяшчэньне Баўбасаў, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь
Ключавыя фігуры Уладзімер Троіцкі, Андрэй Хмялёў
Галіна Авіяцыйная прамысловасьць
Прадукцыя Верталёт
Абарачэньне 121 932 млн рублёў[1] (2013; $13 591,7 тыс.)[2]
Апэрацыйны прыбытак 3242 млн руб ($361,4 тыс.)
Чысты прыбытак 16 млн руб ($1,8 тыс.)
Лік супрацоўнікаў 593 (2013)
Матчына кампанія «Матор Січ»(en) (Запарожжа, Украіна; 59,5%)

Аршанскі авіярамонтны завод — прадпрыемства па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, заснаванае ў 1956 годзе ў мястэчку Баўбасаў (за 10 км ад Воршы). Заводам асвоены капітальны рамонт гелікоптэраў Мі-8, Мі-17, Мі-24, самалётаў Ту-134, а таксама асобных агрэгатаў авіяцыйнай тэхнікі. З 2013 году таксама вырабляе сэрыйныя верталёты «Мі-8 МСБ».

Другая сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 ліпеня 1941 году быў створаны ў якасьці 2-га авіярамонтнага цягніку Ваенна-паветраных сілаў Балтыйскага флёту ў адказ на пачатак Другой сусьветнай вайны. Першым дырэктарам стаў ваенны тэхнік 1-га рангу Абрам Абекавіч Левін. Перад цягніком была пастаўлена задача забясьпечыць аднаўленьне і рамонт франтавой авіяцыі.

З 1941 па 1945 год на прадпрыемстве быў асвоены рамонт 33 тыпаў баявых самалётаў, у тым ліку 6 замежнай вытворчасьці, і 25 тыпаў авіярухавікоў. У прыватнасьці, рамантаваліся такія самалёты, як Пе-2, Пе-3, І-16, МіГ-3, С-2, Р-5, УТІ-2, Як-9, ІІ-2, Як-9У, Як-1, Як-7У, ЛАГГ-3, Дуглас, Гарыкэйн, Кіцігоук, Мэрлін, Аэракобра.

Канец вайны прадпрыемства сустрэла на Далёкім Усходзе, дзе рамантавала авіяцыю Ціхаакіянскага флёту, які ўдзельнічаў у ваенных дзеяньнях супраць Японіі.

Пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе завод знаходзіўся ў складзе Чарнаморскага флёту і займаўся рамонтам марской авіяцыі. У гэты пэрыяд заводам быў асвоены рамонт рэактыўных зьнішчальнікаў МіГ-15.

Аэрадром Баўбасаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 24 сьнежня 1956 году завод атрымлівае новае месца дысьлякацыі — аэрадром «Баўбасаў» і новую назву — 571-шы авіярамонтны завод Міністэрства абароны СССР. Новай задачай прадпрыемства было засваеньне рамонту бамбардзіроўшчыка дальняй авіяцыі Ту-16, на якія з 1955 году быў пераведзены 402-гі тбап.

У пэрыяд з 1957 па 1985 год завод адрамантаваў 1726 самалётаў гэтага тыпу. У пачатку 70-х гадоў на прадпрыемстве працавала каля 1200 працаўнікоў і ён зьяўляўся адным з найбуйнейшых заводаў па рамонту дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі ў СССР.

У пачатку 80-х гадоў заводам быў асвоены звышгукавы дальні бамбардзіроўшчык Ту-22МЗ і ў пэрыяд з 1982 па 1992 год было адрамантавана 68 самалётаў гэтага тыпу.

Незалежная Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля распаду Савецкага Саюзу ў рамках скарачэньня ўзбраеньняў самалёты Ту-22МЗ былі выведзены на тэрыторыю Расеі, а 571-ы авіярамонтны завод перададзены ў падпарадкаваньне Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемства засталося без загрузкі вытворчых магутнасьцяў і ў гэты час было прынятае рашэньне асвоіць рамонт цывільнай авіяцыйнай тэхнікі. У выніку быў асвоены капітальны рамонт гелікоптэраў Мі-8 і Мі-24 розных мадыфікацыяў, самалётаў Ту-134, рамонт асобных агрэгатаў авіяцыйнай тэхнікі.

З 1996 году завод быў перададзены ў падпарадкаваньне Дзяржаўнаму камітэту па авіяцыі Рэспублікі Беларусь і атрымаў сваё сучаснае найменьне. Пасьля пераўтварэньня структуры дзяржаўных органаў РБ у 2006 годзе прадпрыемства падпарадкоўвалася Дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь (Мінтранс Беларусі).

30 сьнежня 2011 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэньне № 335 аб продажы дзяржаўных 99,2% паёў завода ўкраінскаму публічнаму АТ «Матор Січ» (59,5% за 12 млрд бел. руб.) і беларускаму закрытаму АТ «Сыстэмы інвэстыцыяў і інавацыяў» (39,7% за 8 млрд бел. руб.)[3]. 28 студзеня 2012 году Мінтранс Беларусі заключыў адпаведную дамову з інвэстарамі, якія 21 лютага аплацілі куплю паёў. Да канца году паступілі каля $14,6 млн укладаньняў[4]. 23 верасьня 2013 году ў пасёлку Баравая (Менскі раён) завод прадставіў першы верталёт уласнай сэрыйнай вытворчасьці «Мі-8 МСБ»[5]. На ім удалося паставіць 12 сусьветных рэкордаў, у тым ліку па вышыні гарызантальнага палёту — 9150 мэтраў[6].

Міжнародныя санкцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 траўня 2023 году Украіна ўвяла санкцыі супраць заводу[7]. У жніўні таго ж году да санкцый далучылася Вялікабрытанія[8].

У лютым 2024 году аб санкцыях супраць заводу ды яго гендырэктара Паўла Случака абвясьцілі ўлады ЭЗ. У сакавіку да гэтага пакета санкцый далучылася Швайцарыя[9][10], а таксама Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Малдова, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя[11].

У верасьні 2024 году Новая Зэляндыя таксама далучылася да санкцый супраць заводу[12].

На дадзены момант завод ажыцьцяўляе працы па капітальным рамонце ваеннай і цывільнай авіяцыйнай тэхнікі: розных мадыфікацыяў гелікоптэраў Мі-8, Мі-17, Мі-24, самалётаў Ту-134А, Б, а таксама рамонт здымнага і няздымнага абсталяваньня, камплектуючых, агрэгатаў, сыстэм і сродкаў вымярэньня і кантрольна-праверачнай апаратуры.

Акрамя гэтага прадпрыемства ажыцьцяўляе мадэрнізацыю гелікоптэраў Мі-8 пад санітарны, дэсантны і іншыя варыянты, а таксама фарбаваньне розных тыпаў паветраных судоў.

Асноўны рамонт авіяцыйнай тэхнікі ажыцьцяўляецца ў двух ангарах: ангар №1 — самы буйны спэцыялізаваны будынак для рамонту авіяцыйнай тэхнікі ў РБ, дазваляе прымаць самалёты клясы Іл-76, карысная плошча 7100 м², вышыня створак 13,5 м; ангар №2 дазваляе рамантаваць паветраныя суды клясы Ту-134 і гелікоптэры ўсіх тыпаў, карысная плошча 12800 м², вышыня створак 11 м.

У падпарадкаваньні прадпрыемства знаходзіцца аэрадром клясы «Б», даўжыня яго ўзьлётна-пасадачнай паласы 3000 м, ён годны для эксплюатацыі паветраных судоў клясаў Ан-124, Іл-76 і ніжэй. Аэрадром сэртыфікаваны Дэпартамэнтам па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў РБ для прыёму паветраных судоў у дзённы час сутак.

Прадпрыемства мае Ліцэнзію Міністэрства абароны РБ на права ажыцьцяўляць дзейнасьць, зьвязаную з прадукцыяй ваеннага прызначэньня, а таксама Пасьведчаньне Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь на права ажыцьцяўляць зьнешнегандлёвую дзейнасьць у адносінах да ваеннай авіяцыйнай тэхнікі.

Партнэрамі прадпрыемства зьяўляюцца дзясяткі фірмаў і арганізацыяў з васьмі краінаў сьвету.

  1. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2013 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
  2. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2013 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
  3. ^ Лукашэнка прадаў Аршанскі авіярамонтны завод // Газэта «Наша Ніва», 9 студзеня 2012 г. Праверана 28 лістапада 2014 г.
  4. ^ Транспартнай галіне Беларусі ў 2013 годзе неабходна прыцягнуць $150 млн. прамых інвестыцыяў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 лютага 2013 г. Праверана 28 лістапада 2014 г.
  5. ^ Якаў Бута. Вялікая авіяпрэм’ера // Белтэлерадыёкампанія, 23 верасьня 2013 г. Праверана 28 лістапада 2014 г.
  6. ^ Аршанскі авіярамонтны завод мае намер пачаць сэрыйную вытворчасьць верталётаў // Газэта «Зьвязда», 25 ліпеня 2014 г. Праверана 28 лістапада 2014 г.
  7. ^ Украина ввела санкции против 51 человека и 220 юридических лиц. В списке структуры РЖД и 19 белорусских предприятий (рас.) Настоящее время
  8. ^ Великобритания ввела санкции против гражданина Словакии Мкртычева, подозреваемого в причастности к поставкам оружия из КНДР в Россию (рас.) Настоящее время
  9. ^ Відкрите акціонерне товариство "Оршанський авіаремонтний завод"
  10. ^ Павло Олександрович СЛУЧАК
  11. ^ Statement by the High Representative on behalf of the EU on the alignment of certain third countries concerning restrictive measures in respect of actions undermining or threatening the territorial integrity, sovereignty and independence of Ukraine (анг.) Рада Эўрапейскага зьвязу(be) Праверана 2024-03-14 г.
  12. ^ Russia Sanctions Amendment Regulations (No 4) 2024 (анг.) New Zealand Legislation

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]