Пасланьне да габрэяў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кніга Новага Запавету

Пасланьне да габрэяў


Гістарычныя кнігі
Дыдактычныя кнігі
Прароцкія кнігі

Пасланьне да габрэяў — адзін зь лістоў апостала Паўла, які ўваходзіць у сьпіс кнігаў Новага Запавету. Звычайна знаходзіцца пасьля Пасланьня да Філімона й перад Адкрыцьцём Яна Багаслова.

Адрасат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладна невядома да каго асабіста адрасаваны гэтае пасланьне. Слова «габрэям» зьявілася ў рукапісах пасьля III стагодзьдзя, у самім пасланьні яно не ўжываецца. У лісьце адсутнічаюць традыцыйныя тэмы апостала Паўла: выкананьне справаў Закона, абразаньне, харчовыя забароны, — усё тоё, што магло хваляваць габрэяў. Наадварот аўтар засяродзіўся на тэмах храмавага культу, ерусалімскага сьвятарства й сымболікі Старога Запавету. Гэта прыводзіць да высновы, што ягоныя чытачы таксама добра ведалі гэтыя пытаньні, і маглі быць ня толькі этнічнымі габрэямі, але нават і сьвятарамі. Але ліст напісаны на грэцкай мове, зь зьместу ліста бачна, што аўтар знаёмы са старажытнагрэцкай філязофіяй.

Мэта напісаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Са зьместу пасланьня можна даведацца, што ягоныя чытачы былі даволі працяглы час хрысьціянамі й нават вытрымалі ганеньні. Яны спагадвалі сваім братам, што апынуліся ў няволі, праяўлялі шчодрасьць. Аднак апостал засьцерагае: вернікаў чакаюць яшчэ больш жорсткія ганеньні. Гэтае ёсьць асноўнай мэтай напісаньня пасланьня. Другая мэта — узьніклыя спэцыфічныя духоўныя праблемы. Чытачы ліста ўжо даўно панінны былі дасягнуць сталасьці й стаць настаўнікамі, але на вялікі жаль аўтара вернікі засталіся на месцы, праяўляючы застой і духоўную ляноту. Аўтар бачыць у гэтым пагрозу страты веры ў Хрыста й адвечную пагібель. Таму аўтар заклікае ўспомніць тыя ранейшыя дні, калі чытачы толькі сталі хрысьціянамі й нават перад небясьпекай сьмерці былі цьвёрдымі ў веры; не вагаюцца, што прывядзе да пагібелі, але стаяць у веры, што прынясе паратунак душы.

Аўтарства й асаблівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвяты Павал працы Рэмбранта, 1635

Згадкі пра аўтарства пасланьня вяліся з самай старажытнасьці. Вядомы айцец царквы Тэртуліян лічыў, што ліст мог напісаць Барнаба. Іншыя апалягеты меркавалі, што аўтарам мог быць Лука, аўтар аднаго з Эвангельляў і Дзеяў Сьвятых Апосталаў, ці Клемэнт Рымскі.

Нават тыя, хто лічыў Паўла аўтарам пасланьня да габрэяў, паказвалі на шматлікія адрозьненьні. Звычайна Павал пачынаў свае лісты з наведамленьня пра сваё імя й імя тых, каму ліст адрасаваны. У пасланьні да габрэяў нічога не паведамляецца ні пра імя аўтара, ні пра адрасат ліста. Таксама вялікія адрозьненьні маюцца ў стылі ліста. Велічная ўрачыстасьць, выдатная грэцкая мова, старанная вырабка фразаў, прадуманнасьць структуры, спакойны й стрыманы тон — усё гэты моцна адрозьніваецца ад звыклага стылю Паўла, да якога больш падобныя хуткія зьмены тэмаў, гарачы тон, шматлікія рытарычныя пытаньні й выклікі. Таму другі айцец царквы Арыген адзначаў: «Хто на самой справе яго напісаў, ведае сам Бог».

Зь цягам часу ўсе спрэчкі забыліся, і ў Царкве апанавала агульнае меркаваньне, што аўтарам ліста быў Павал, мабыць з-за таго, што ў канцы ліста згадваецца Цімафей, які быў блізкім сябрам і супрацоўнікам Паўла.

Доўгі час ліст знаходзіўся пасьля Пасланьня да рымлянаў, потым пасьля Пасланьня да галятаў, затым перад Пастырскімі лістамі. Але ў рэшце рэшт ліст стаў завяршаць лісты Паўла. Нават у гэтым можна ўбачыць нейкія сумненьні старажытнай Царквы адносна аўтара, таму што ў каноне Новага Запавету лісты знаходзяцца адносна іхнай працягласьці, і тое, што такі вялікі ліст стаіць пасьля самага кароткага ліста ў Новым Запавеце, безумоўна апавядае пра гэта.

Доўгі час кананічнасьць ліста падвяргалася сумнёву. Калі Усходняя Царква, хоць і не аднагалосна, але хутка прыняла яго, Заходняя царква доўгі час аспрэчвала кананічнасьць ліста. Пасланьне ўвайшло ў канон толькі ў VI стагодзьдзі й аўтарам быў прызнаны Павал.

Пасланьне да габрэяў ёсьць даволі ўнікальным тэкстам. Ён выклікае пытаньні нават пра ягоны жанр. У ім няма зачыну, звычайнага да лістоў, але ў той жа час канцоўка звыклая для іх. Некатарыя дасьледчыкі, разглядаючы складанасьць разгледжваемых пытаньняў, бесзапальную манеру й крыху навуковы стыль пасланьня, разглядаюць яго як багаслоўскі трактат. Другія ж, наадварот, разглядаюць пасланьне як шэраг пропаведзей на розныя тэмы: пра Мэльхісэдэка, пра суботні адпачынак, пра герояў веры Старога Запавету. Гэтым можа й тлумачыцца словы аўтара, што яго ліст «кароткі».

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адной з мэтаў ліста было падбадзёрыць вернікаў. Таму ў лісьце аўтар напамінае чытачам, што Хрыстос вышэй за ўсе істоты: Ён значна вышэй за Анёлаў, вышэй Майсея, вышэй юдэйскіх сьвятароў і першасьвятароў. Усе ахвяры, якія прыносіліся ў Храме, мелі тэрміновы характар, таму што паказвалі на Хрыста, і зь Ягоным прыходам страцілі сэнс. Хрыстос стаў сапраўднай Ахвярай і сапраўдным Першасьвятаром. Ягоная Ахвяра была прынесена адзін раз і больш няма патрэбы ў ейным паўтарэньні. І калі на зямлі Хрыстос ня змог нават стаць сьвятаром, бо ня быў з роду Левія, але Ягонае сьвятарства нагадвае сьвятарства Мэльхісэдэка, загадкавай асобы ў Пісаньні, якому сам Абраам заплаціў дзясятую частку сваёй маёмасьці й якога ўвасаблялі будучым Памазанікам. Пасьля сьмерці Хрыстос стаў Першасьвятаром у нябесным сьвяцільне.

Хрыстос дзейнічаў і ў Старым Запавеце, у Ім зьдзейсьніліся ўсе абяцаньні й прароцтвы, гэта Ён уводзіць свой народ у супакой. Таму хрысьціяне з габрэяў павінны моцна трымацца веры, ісьці шляхам веры, не пакідаючы яе й не ўпадаючы ў духоўную сьпячку. Цяпер вернікам ужо не магчыма спадзявацца на ахвяры як на сымбаль Выратаваньня, таму што ахвяры толькі паказвалі на Хрыста. Аўтар займае жорсткую пазыцыю, заяўляючы, што калі вернікі адмаўляюцца ад Ахвяры Хрыста й вяртаюцца да ранейшых ахвяраў, то тым самым яны зноўку ўкрыжоўваюць свайго Пана, і шляху назад ім ужо няма.

Аўтар пералічвае асобаў Старога Запавету, якія павінны стаць для хрысьціянаў прыкладам веры. І калі чытычы маюць гэткае воблака сьведкаў, то яны павінны быць асабліва цярплівымі ў нястачах, каму што крывя Ісуса значна важнейшая за ўсе ахвяры Старога Запавету. У заканчэньні пасланьня Павал дае парады адносна паўсядзённага жыцьця й паведамляе, што брат Цімафей вызвалены, як і аўтар ліста.

Час і месца напісаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што ліст быў напісаны да 70 году, калі быў зруйнаваны Ерусалімскі Храм, таму што аўтар ніяк не ўзгадвае пра гэту падзею. Але яно магло быць напісана й пазьней. Ужо ў 96 годзе Клемэнт Рымскі цытуе ліст. Месцам напісаньня мог быць Рым, бо ў лісьце перадаецца прывітаньне ад вернікаў Італіі, але дакладна гэта невядома.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасланьне складаецца з 13 разьдзелаў, яно пачынаецца з доказу, што Хрыстос ёсьць сын Божы, дасканалае адкрыцьцё Бога, і што Ён вышэй за Анёлаў. Аўтар даказвае, што Ісус вышэй як Ісуса Навіна, дык і Майсея. Толькі Хрыстос уводзіць свой народ у спакой. Гэтаму прысьвечаны першыя тры разьдзелы. У разьдзелах 5—7 разглядаецца тэма Мэльхісідэка. Аўтар паказвае, што першасьвятарства Хрыста стаіць вышэй за Мэльхісідэка. Далей у разьдзелах 8—10 апісваецца чаму сьвятарства Ісуса й Ягонае нябеснае служэньне пераўзыходзіць зямное сьвятарства й служэньне ў храме ў Ерусаліме. 11 разьдзел прысьвечаны тэме веры. Аўтар разглядае працяглы шэраг Біблейскіх герояў веры, жадаючы пераканаць, што вернікі ўсіх часоў гэтак і не атрымалі чакаемага, таму што Бог прадугледзеў нешта лепшае. У 12—13 разьдзелах аўтар падводзіць вынікі з вышэйсказанага, заклікае быць вернымі й трывалымі, дае парады й настаўленьні, перадае прывітаньні.

Кароткі плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Адкрыцьцё Хрыста (1:1-3)
  • Хрыстос вышэй за Анёлаў (1:4—2:18)
  • Хрыстос вышэй Майсея й Ісуса Навіна (3:1—4:13)
  • Сьвятарства Хрыста вышэй за зямное сьвятарства (4:14—7:28)
  • Сьвятарскае служэньне Хрыста й перавага Новага Запавету (8:1—9:22)
  • Ахвяра Хрыста вышэй за зямныя ахвяры (9:23—10:18)
  • Заклік захаваць веру (10:19—12:29)
  • Практычныя парады й малітва (13:1—21)
  • Прывітаньні й заканчэньне ліста (13:22—25)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]