Першае пасланьне да карынцянаў
Кніга Новага Запавету |
Гістарычныя кнігі |
Дыдактычныя кнігі |
Прароцкія кнігі |
Першае пасланьне да карынцянаў — адно з пасланьняў апостала Паўла, якое ўваходзіць у сьпіс кнігаў Новага Запавету. У сьпісе кнігаў Новага Запавету пасланьне знаходзіцца пасьля пасланьня да рымлянаў і перад другім пасланьнем да карынцянаў.
Адрасат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ліст накіраваны да хрысьціянаў Карынту. Павал наведаў Карынт падчас сваёй другой місіянэрскай вандроўкі, пасьля чаго заснаваў там царкву. Апостал даволі працяглы час заставаўся ў Карынце. Больш за паўтара году ён прапаведваў і вучыў у гэтым грэцкім горадзе. Гэтак атрымалася невыпадкова, бо ў сярэдзіне I стагодзьдзя Карынт быў вялізным гандлёвым горадам з двума партамі, населены рознымі народамі, як грэкамі, гэтак і рымлянамі. Дакладна вядомы час, калі Павал прыйшоў у Карынт. Згодна з кнігай Дзеяў Сьвятых Апосталаў, гэта здарылася падчас пачатку кіраваньня праконсула Юніюса Галіёна, у 51 годзе н. э., да якога Паўла прывялі разьюшаныя габрэі.
Карынцкая суполка амаль цалкам складалася з былых паганцаў, таму нядзіва, што апостал сутыкнуўся з праблемамі, якія былі распаўсюджаныя сярод паганскага сусьвету. Гэтыя праблемы ён яскрава акрэсьлівае ў сваім лісьце: распуцтва й судовыя цяжбы. Таму апостал прыкладае шмат намаганьняў, каб зьвярнуць карынцянаў да сьвятога жыцьця. Акрамя таго, жыхары Карынту, як дарэчы й усе грэкі, былі апанаваныя старадаўнягрэцкай філязофіяй і рыторыкай, што лічылася сапраўднай праявай розуму. З гэтае прычыны яны зь вялікім натхненьнем прымалі настаўнікаў-вандроўнікаў, а таксама чакалі ад Паўла звыклых для іх паводзінаў. Таму апосталу прыходзілася прыкладаць вялікія намаганьні, каб пераканаць карынцянаў ачысьціць царкву ад распусных людзей, якія не жадалі мяняць свой лад жыцьця. Таму нават пасьля таго, як Павал пакінуў Карынт, ён напісаў вернікам ліст, які не захаваўся да нашых дзён, і пра існаваньне ліста можна даведацца з тэкстаў гэтага пасланьня (5:9—10), і ў якім апостал паўтарыў сваі патрабаваньні. Але, на жаль, вернікі Карынту няслушна зразумелі апостала, яны інтэрпрэтавалі словы Паўла як загад адмежавацца ад сьвету, што ён зусім ня меў на ўвазе.
Мэты напісаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Павал даведаўся ад рабоў заможнай жыхаркі Карынту Хлёі, якіх даслалі ў Эфэс па гаспадарчых справах, што ў карынцкай суполцы зьявіліся сур’ёзныя праблемы. Гэтак, у царкве ўтварыліся розныя групоўкі, паміж якімі пэрыядычна ўзьнікалі спрэчкі й сваркі. Таксама Павал даведаўся пра абуральныя амаральныя паводзіны некаторых сяброў суполкі, гэтак жа як і пра судзебныя цяжбы сярод хрысьціянаў. Празь непрацяглы час да Паўла прыбылі прадстаўнікі царквы Стэфанас, Фартунат і Ахаік, якія прынесьлі ахвяраваньні для Ерусалімскай царквы. Акрамя грошай яны прынесьлі шэраг пытаньняў, на якія карынцкая суполка жадала атрымаць адказ. Таму Павал накіраваў у Карынт свайго блізкага сябра й супрацоўніка Цімафея зь лістом-адказам, у якім растлумачвалася пазыцыя апостала па вострых пытаньнях у жыцьці хрысьціянаў.
Аўтарства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтарства ліста ніколі ня ставілася пад сумнёў. У самым першым тэксьце прыводзіцца імёны аўтараў: гэта апостал Павал і яго супрацоўнік Састэн. Дакладна не вядомая роля, якую адыгрываў Састэн у напісаньні пасланьня, але сапраўдным ягоным аўтарам зьяўляецца Павал, бо з пачатку й да канца ліста выкарыстоўваецца займеньнік першай асобы адзіночнага ліку.
Месца й час напісаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ліст напісаны ў горадзе Эфэс, час напісаньня — 55 год, у той час апостал меў намер пакінуць правінцыю Азію й накіравацца ў Македонію й Ахэю, а адтуль у Ерусалім.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасланьне складаецца з 16 разьдзелаў. Па колькасьці гэта столька ж, колькі й у пасланьні да рымлянаў, аднак па колькасьці разгляданых тэмаў пасланьне да карынцянаў значна пераўзыходзіць усе іншыя пасланьні Паўла.
Пачынаецца ліст з апавяданьня пра то, аб чым апостал даведаўся ад рабоў Хлёі. Павал вельмі заклапочаны тым, што ў Карынце зьявілася шмат кіраўнікоў, якія падзялілі царкву на групы, што стала прычынай разладаў. Таму апостал шмат часу прысьвячае тмумачэньню таго, што ў сваіх духоўных кіраўнікоў вернікі павінныя бачыць служкаў Хрыста й прыклад браць з Хрыста. Потым Павал пераходзіць да адказаў на пытаньні карынцянаў. Вернікаў цікавіць погляд Паўла на шлюб, развод, удоўства й бясшлюбнасьць. Таксама ў суполцы зьявіліся аскетычныя вучэньні, у якіх адмаўляліся шлюбныя адносіны. Яшчэ аднім спрэчным пытаньнем было ўжываньне ў ежу прынесенага ў ахвяру паганскім багам мяса. Пыталі вернікі й пра дарункі Духа й пра тое, які з дароў Павал лічыць самым важкім. Карынцяне асабліва ганарыліся тым, што яны размаўлялі мовамі, гэта, як яны лічылі, рабіла іх асабліва духоўнымі. Былі ў вернікаў праблемы й з разуменьнем уваскрасеньня мёртвых, якое яны разумелі выключна матэрыяльна. На ўсе гэтыя пытаньні адзін за адным апостал дае адказы й тлумачэньні.
Але неглядзячы на ўсю гаму разгляданых пытаньняў, апостал выяўляе асноўную прычыну духоўных нястачаў карынцянаў: у іх мала любові. Гэтым тлумачацца разлады й цяжбы, узьнясеньне адзін перад адным духоўнымі дарамі, і бязладзіца падчас багаслужэньня, і сацыяльная розьніца падчас імшы. Дарэчы, у лісьце зьмешчанае самое старадаўняе апавяданьне пра правядзеньне імшы ў першай царкве.
Павал параўноўвае хрысьціянскую царкву з чалавечым целам, у якім кожны сябар суполкі зьяўляецца часткай цела, пры адсутнасьці якога цела ня можа паўнавартасна жыць і існаваць. І гэтак жа, як у целе ўсе часткі розныя, дык і ў царкве ў кожнага сваё духоўнае служэньне, а таму кожны мае свой непаўторны дарунак Духа. І як часткі цела ўзяемазьвязаныя адным кіраўніцтвам, дык і царкве ўсе вернікі зьвязаныя ўзаемнай любоўю, якая зыходзіць ад галавы царквы — Хрыста. Тэме любове Павал прысьвячае цэлы разьдзел, які стаў велічным гімнам любові.
Кароткі плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Прывітаньне й малітва (1:1-9)
- Падзяленьні ў царкве (1:10-4:21)
- Маральнасьць, шлюбныя адносіны (5:1-7:40)
- Ужываньне ў ежы мяса паганцкіх ахвяраў (8:1-11:1)
- Пытаньні духоўнага парадку (11:2-14:40)
- Паўстаньне зь мёртвых Хрыста й вернікаў (15:1-58)
- Збор сродкаў для Ерусалімскіх вернікаў (16:1-4)
- Пляны Паўла й завяршэньне пасланьня (16:5-24)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жан Кальвин. Толкование на Первое Послание апостола Павла к Коринфянам. Евангелие и Реформация, 2012, 342 стр. ISBN: 1-56773-027-2
- Н. Т. Райт. Павел. Послания к Коринфянам. Популярный комментарий. ББИ, 2010, 448 стр. ISBN 978-5-98647-215-7
- Джон МакАртур. Толкование книг Нового Завета: 1 Коринфянам. СЕО, 2005, 572 стр. ISBN 1-56773-027-2