Перайсьці да зьместу

Амішы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
амішы
этнарэлігійная група
Падкляса адшвайцарцы, немцы Рэдагаваць
Дата заснаваньня / стварэньня1693 Рэдагаваць
Назва арыгінальнай мовайAmisch Рэдагаваць
Родная мовапэнсыльванска-нямецкая гаворка Рэдагаваць
Валодае мовайпэнсыльванска-нямецкая гаворка, амэрыканская жэставая мова Рэдагаваць
Веравызнаньнеанабаптызм Рэдагаваць
Названа ў гонарЯкаб Аман Рэдагаваць
ЗаснавальнікЯкаб Аман Рэдагаваць
КраінаЗлучаныя Штаты Амэрыкі, Канада, Балівія, Аргентына Рэдагаваць

А́мішы — супольнасьць хрысьціянаў, заснаваная ў 1693 годзе Якабам Аманам у Швайцарыі і Эльзасе як адгалінаваньне анабаптыстаў.

Падкрэсьліваюць важнасьць сьціпласьці ў паводзінах і звычаёвай вопраткі. Трымаюцца адасобленага пражываньня ад сьвецкіх асобаў з адрозным ладам жыцьця. Кіруюцца нормамі наўпрост зь Бібліі. Ад XVIII стагодзьдзя пераважна пражывалі на поўначы ЗША[1].

Амішы моляцца дома. Яны адмаўляюць моду і гонку за багацьцем. Удзел у царкоўнай грамадзе пачынаецца з хрышчэньня дарослымі ў веку ад 16 да 23 гадоў. Царкоўная акруга складаецца з 20—40 сем’яў. Кожную 2-ю нядзелю ладзяць набажэнства па чарзе ў дамах і пунях, якія належаць сябрам грамады. Аддаюць перавагу сямейным і царкоўным зносінам. Трымаюцца непраціўленьня злу, таму ня служаць у войску[1].

Амішы жывуць у вёсках без выкарыстаньня электрычнасьці. Яны навучаюць дзяцей цягам 8 клясаў да 13—14 гадоў (базавая школа). Вучаць дзяцей дома. Трымаюцца ўласнай эльзаскай гаворкі нямецкай мовы ў набажэнстве і паўсядзённых зносінах. Захоўваюць уласны лад жыцьця згодна з «Парадкам», які пераглядаецца ўсімі сябрамі грамады кожныя паўгады. Выкарыстоўваюць конныя фурманкі для паездак. Абмяжоўваюць выкарыстаньне самаходаў і тэлефонаў[1].

Маюць уласныя школы, дзе выкладае аднавясковец. З маленства дзеці вучацца працаваць дома, на сямейнай фэрме і грамадзкай зямлі. Па дасягненьні падлеткавага веку дазваляецца незвычаёвая вопратка і выезд у горад для азнаямленьня з сучаснымі прыладамі і іншым ладам жыцьця як «беганіна вакол». Пасьля гэтага даецца выбар прайсьці хрышчэньне ў царкве і вярнуцца ў грамаду амішаў або пакінуць яе[1].

Сэнс жыцьця амішаў палягае ў нараджэньні і гадаваньні дзяцей, таму ў сярэднім ў сем’ях амішаў нараджаецца па 7 дзяцей. Яны ня плоцяць унёскаў у дзяржаўныя фонды страхаваньня і сацыяльнага забесьпячэньня[1].

У XXI стагодзьдзі амішы належалі да адной з найбольш хуткарастучых групаў насельніцтва ў сьвеце праз высокую нараджальнасьць, якая ў сярэднім складала па 7 дзяцей на сям’ю. За 2015—2024 гады іх лік вырас з 300 000 да 401 000. Лік іх грамадаў павялічыўся на 35% з 501 да 675. На 2024 год у ЗША налічвалася 395 000 амішаў (98%), якія пражывалі ў вёсках пераважна на поўначы ЗША. Агулам іх грамады знаходзіліся ў 32-х зь 50 штатаў ЗША. Найбольш амішаў пражывала ў штатах Пэнсыльванія (92 700 чал.), Агаё (86 000 чал.) і Індыяна (65 500 чал.). Яшчэ 6000 амішаў пражывала ў суседняй Канадзе[1].

У пачатку XVIII стагодзьдзя амішы перасяліліся ў брытанскую правінцыю Пэнсыльванія ў Паўночнай Амэрыцы, каб пазьбегнуць рэлігійнага перасьледу ў Заходняй Эўропе і жыць згодна з уласным веравызнаньнем[1].

На прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША 2024 году амішы ўпершыню масава прагаласавалі. Дарадца выбарчага штабу Дональда Трампа Джан Халпэр-Хэйз зьвярнула ўвагу на тое, што за вылучэнца ад Рэспубліканскай партыі прагаласавалі 180 000 новых выбарцаў зь ліку амішаў. У выніку тыя дапамаглі Трампу выйграць у штаце Пэнсыльванія, які вызначыў вынік выбараў[1].

  1. ^ а б в г д е ё ж Антось Жупран. Перамогу Трампа ў Пэнсільваніі забясьпечылі амішы // Партал «Наша ніва», 7 лістапада 2024 г. Праверана 8 лістапада 2024 г.