Аляксандар Дажбог Сапега
Аляксандар Дажбог Сапега. Партрэт з Коданскай галерэі, 1709 год | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1585 |
Памёр | 1635 |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Рыгор Сапега Соф’я з Стравінскіх |
Жонка | Альжбета з Хадкевічаў |
Дзеці | Ганна, Крыстына Канстанцыя |
Аляксандар Дажбог Сапега[a] (1585 — студзень 1635) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Кашталян віцебскі (1613—1615; адмовіўся ад пасады), чашнік вялікі літоўскі (1631—1632)[1].
Быў старостам аршанскім (з 1610 году), прапойскім, чачэрскім (абодва з 1622 году) і крычаўскім (з 1631 году). Валодаў мястэчкам Астроўна ў Віцебскім павеце.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Рыгора (пам. у 1600 годзе), падкаморага аршанскага, і Соф’і з Стравінскіх (пам. да 1611 году). Меў малодшага брата Крыштапа Стэфана, пляменьнік канцлера Леў Сапега.
Ахрышчаны ў кальвінізьме, па сьмерці бацькоў перайшоў пад апеку дзядзькі. Навучаўся ў езуіцкім калегіюме ў Брунсбэргу (Браневе), дзе перайшоў у каталіцтва. Працягаў адукацыю ў Кракаве. У 1606 годзе атрымаў урад падкаморага віцебскага. У 1607 годзе абіраўся паслом на сойм.
Удзельнічаў у баях за Смаленск у вайну з Маскоўскай дзяржавай (1609—1611). У 1613 годзе атрымаў урад кашталяна віцебскага, паўторна абіраўся паслом на сойм. У 1614 годзе надаў значную дапамогу абаронцам Смаленску ў час маскоўскай аблогі. У 1615 годзе адмовіўся ад віцебскай пасады.
Браў удзел у Хоцінскай бітве (1621) з турэцкім войскам, у час якой па сьмерці гетмана вялікага Яна Караля Хадкевіча ачоліў войска Вялікага Княства Літоўскага. У 1625 годзе знаходзіўся ў Італіі. Удельнічаў у вайне з Швэцыяй, у 1627 годзе прыбыў на часе ўласнага войска ў Інфлянты.
У 1628 годзе разам з стрыечным братам Янам Станіславам Сапегам выехаў да водаў у Вугоршчыну. У 1631 годзе атрымаў урад чашніка вялікага літоўскага, але з прычыны кепскага стану здароўя адмовіўся ад яго ў 1632 годзе.
Заснаваў у мястэчку Астроўна касьцёл і кляштар дамініканаў, дзе яго пахавалі[2].
Ажаніўся з Альжбетай, дачкой кашталяна віленскага Гераніма Хадкевіча. У шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Ганна, якая выйшла за пісара вялікага літоўскага Станіслава Нарушэвіча;
- Крыстына Канстанцыя (пам. да 1650 году), жонка падстолія вялікага літоўскага Яна Самуэля Паца.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Імя Дажбог утварылася ад словазлучэньня «дадзены Богам», таксама сустракаюцца іншыя формы гэтага імя: лацінская Тэадат і славянская Багдан
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 548.
- ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 52.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аляксандар Дажбог Сапега — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў