Айн Рэнд
Айн Рэнд | |
Ayn Rand | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Аліса Зіноўеўна Разэнбаўм |
Нарадзілася | 2 [ст. ст. 1905 год] лютага Санкт-Пецярбург, Расейская Імпэрыя |
Памерла | 6 сакавіка 1982 Новы Ёрк, ЗША |
Пахаваная | |
Сужэнец | Фрэнк О’Конар[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | літаратар, філёзаф, драматург, сцэнарыстка |
Гады творчасьці | 1926—1982 |
Кірунак | палітычны раман |
Жанр | антыўтопія |
Мова | ангельская |
Дэбют | «Мы — жывыя» (1936) |
Узнагароды | |
Подпіс | ![]() |
http://www.aynrand.org Ayn Rand Institute |
Айн Рэнд (па-ангельску: Ayn Rand [aɪn ɹænd]; пры народзінах Аліса Зіноўеўна Разэнбаўм па-расейску: Али́са Зино́вьевна Розенба́ум; 2 [ст. ст. 1905 год] лютага, Санкт-Пецярбург, Расейская Імпэрыя — 6 сакавіка 1982, Новы Ёрк, ЗША) — амэрыканская пісьменьніца й філёзаф. Вядомая па сваім двум раманам-бэстсэлерам — «Крыніца» й «Атлянт расправіў плечы»; працавала таксама як драматург й сцэнарыстка. Айн — стваральніца філязофскай сыстэмы, якую яна назвала аб’ектывізмам.
Атрымала адукацыю ў Расеі, а ў 1926 годзе пераехала ў Амэрыку. У 1935 і 1936 гадах паставіла п’есу ў брадвейскім тэатру. Першыя два раманы Рэнд не былі пасьпяховымі. Вядомасьць да яе прыйшла з выхадам рамана «Крыніца» ў 1943 годзе. У 1957 годзе выйшла яе самая вядомая праца — раман «Атлянт расправіў плечы». Пасьля яна пераключылася на навуковую літаратуру, дзеля папулярызацыі свае філязофіі. Пачала публікаваць пэрыядычныя выданьні, а таксама напісала некалькі зборнікаў эсэ.
Рэнд расхвальвала розум як адзіную крыніцу набыцьця ведаў і адпрэчвала веру й рэлігію. Яна падтрымлівала рацыянальны й этычны эгаізм і адпрэчвала альтруізм. Рэнд вельмі нэгатыўна ставілася да большасьці вядомых ёй філёзафаў й да філязофскіх традыцыяў (акрамя Арыстоцеля, Тамаша Аквінскага й клясічных лібэралаў).
Рэцэнзіі крытыкаў на творы Рэнд былі зьмяшаныя, а акадэмічныя колы ігнаравалі або адпрэчвалі яе філязофію.
Рух аб’ектывістаў распаўсюджвае ідэі Рэнд як для публікі, так і для акадэмічных колаў. Рэнд аказала значны ўплыў на лібэртарыянцы й амэрыканскіх кансэрватараў.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аліса Разэнбаўм нарадзілася ў сям’і фармацэўта Залман-Вольфа (Зіновія Захаравіча) Разэнбаўма і яго жонкі, зубнога тэхніка Ханы Беркаўны, старэйшай сярод трох дачок (Аліса, Натальля і Нора). Неўзабаве пасьля нараджэньня малодшай дачкі Норы ў 1910 годзе Зіновій Захаравіч пачаў загадваць буйной аптэкай Аляксандра Клінге на Неўскім праспэкце й Знаменскай Плошчы, і сям’я пераехала ў вялікую кватэру на другім паверсе асабняка над аптэкай. Ужо ў 1912 годзе Зіновій Захаравіч стаў суўладальнікам, а ў 1914 годзе — аднаасобным уладальнікам гэтае аптэкі.
Чытаць і пісаць Аліса навучылася ў 4 гады, а невялікія апавяданьні пачала пісаць у дзяцінстве. У жаночай гімназіі яна вучылася разам зь сястрой Уладзіміра Набокава Вольгай.
У 1917 годзе, пасьля рэвалюцыі ў Расеі, уласнасьць Зіновія Разэнбаўма была канфіскаваная, і сям’я пераехала ў Крым, дзе Аліса скончыла школу ў Эўпаторыі.
Юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
2 кастрычніка 1921 году Аліса паступіла ў Петраградзкі ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «сацыяльная педагогіка» на трохгадовы курс, які аб’ядноўваў гісторыю, філялёгію й права. У гады навучаньня яна пазнаёмілася з ідэямі Фрыдрыха Ніцшэ, якія зрабілі на яе вялікі ўплыў. Скончыла ўнівэрсытэт Аліса вясной 1924 году, але некаторыя крыніцы памылкова сьцьвярджаюць, нібыта яна была выключаная за «буржуазнае паходжаньне». У 1925 годзе ў сэрыі «Папулярная кіна-бібліятэчка» асобнай кнігай выйшла першая друкаваная праца Алісы Разэнбаўм «Пола Негры» — нарыс творчасьці папулярнай кінаактрысы.
Пераезд у ЗША[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1925 годзе Аліса атрымала візу для паездкі на навучаньне ў ЗША й пасялілася ў Чыкага ў родных сваёй маці. Яе бацькі засталіся ў Ленінградзе і памерлі падчас блакады ў гады Другой сусьветнай вайны. Абедзьве сястры таксама засталіся ў СССР. Натальля Разэнбаўм (1907—1945) скончыла Ленінградскую кансэрваторыю. Элеанора Разэнбаўм (у замужжы Дробышава, 1910—1999) эмігравала ў ЗША ў 1973 годзе па запрашэньні Айн Рэнд, але неўзабаве вярнулася ў Савецкі Саюз і да самай сьмерці жыла ў Санкт-Пецярбургу. Першае каханьне Алісы — выпускнік Ленінградзкага тэхналягічнага інстытуту Леў Бэкерман (1901—1937, Леа Каваленскі ў яе рамане «Мы — жывыя») быў расстраляны 6 мая 1937 г.
Аліса засталася ў ЗША й пачала працаваць статыстам у Галівудзе. Чатыры гатовыя кінасцэнарыі, якія яна прывезла з Расеі, не зацікавілі амэрыканскіх кінапрадусараў. У 1929 годзе яна выйшла замуж за кінаактора Фрэнка О’Конара (1897—1979), 13 сакавіка 1931 году атрымала амэрыканскае грамадзянства.
У 1927 годзе студыя, дзе працавала Айн Рэнд, зачынілася, і да 1932 году пісьменьніца перабіваецца на розных часовых працах: афіцыянткай, гандляркай газэтных падпісак, а затым касьцюмерам на студыі RKO Radio Pictures. У 1932 годзе яна змагла прадаць кінакампаніі Universal Studios сцэнарыяў «Чырвонай пешкі» (па-ангельску: Red Pawn) за 1500 даляраў, што на той момант было вельмі вялікай сумай. Гэтыя грошы дазволілі ёй пакінуць працу і засяродзіцца на літаратурнай дзейнасьці.
Айн Рэнд памерла ад раку лёгкіх 6 сакавіка 1982 і была пахаваная на могілках Кенсіка ў горадзе Вальхала, штат Новы Ёрк. Пасьлядоўнікі філязофіі Айн Рэнд і яе чытачы склалі ля труны пісьменьніцы кветкі ў выглядзе знаку даляра.
Літаратурная творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сваё першае апавяданьне на ангельскай мове — «The Husband I Bought» — Рэнд напісала ў 1926 годзе, гэта быў першы год яе жыцьця ў ЗША. Аповяд не публікаваўся да 1984 году[1]. У 1936 годзе ў Амэрыцы й у 1937 годзе ў Вялікабрытаніі выйшаў першы раман Айн Рэнд «Мы — жывыя» (па-ангельску: We the Living) пра жыцьцё лішэнцаў ў СССР. Рэнд аддала працы над раманам шмат сілаў: яна пісала яго на працягу шасьці гадоў. Аднак крытыка сустрэла раман халаднавата, амэрыканскія чытачы таксама не праявілі да кнігі вялікае цікавасьці. У 1942 годзе рэжым Мусаліні, бязь ведама аўтара, даў санкцыю на экранізацыю рамана, палічыўшы яго крытыкай савецкага камунізму. У фільме былі зьнятыя вядучыя акторы італьянскага кіно. У наступныя гады сумарны тыраж кнігі дасягнуў 2 мільёны асобнікаў[2]. У 1937 годзе яна напісала невялікі аповяд «Гімн», які ў 1938 годзе выйшаў ў Вялікабрытаніі. Другі буйны раман «Крыніца» выйшаў у 1943 годзе, а трэці — «Атлянт расправіў плечы» — у 1957. Хоць раман трапіў у сьпіс бэстсэлераў The New York Times ўжо праз тры дні пасьля выхаду і заставаўся там амаль паўгады, Рэнд моцна перажывала з-за адмоўных водгукаў крытыкаў[3].
Пасьля «Атлянта» Рэнд пачала пісаць філязофскія кнігі: «Для новага інтэлектуала» (1961), «Дабрадзейнасьць эгаізму» (1964), «Капіталізм: невядомы ідэал» (1966), «Новыя левыя: антыіндустрыяльная рэвалюцыя» (1971), «Уводзіны ў філязофію пазнаньня аб’ектывізму» (1979), «Філязофія: каму гэта трэба» (1982) і многія іншыя, а таксама чытаць лекцыі ў амэрыканскіх унівэрсытэтах.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Chronology & Bibliography of Ayn Rand's Life & Works Праверана 2010-01-20 г.
- ^ [http: //www.itogi.ru/archive/2000/41/115274.html Алиса из страны чудес]
- ^ Сторр У. Селфи. Почему мы зациклены на себе и как это на нас влияет — М.: Individuum, 2019. — 408 С.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларускія пераклады — prajdzisvet.org
- Ayn Rand Institute, па-беларуску: Інстытут Айн Рэнд Праверана 2017-09-14 г.(анг.)