Азэрбайджанская чыгунка
Каардынаты: 40°22′45″ пн. ш. 49°51′19″ у. д. / 40.37917° пн. ш. 49.85528° у. д.
«Азэрбайджанская чыгунка» | |
азэрб. Azərbaycan Dəmir Yolları | |
Тып | закрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 1 кастрычніка 1945 (79 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Дзяржаўны камітэт абароны СССР |
Уласьнікі | Урад Азэрбайджану |
Краіна | Азэрбайджан |
Разьмяшчэньне | Баку |
Адрас | Насімінскі раён, вул. Дыляры Аліевай, д. 230 |
Ключавыя фігуры | Джавід Гурбанаў, Алірза Сулейманаў[1] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | чыгунка |
Паслугі | чыгуначная перавозка грузаў і людзей |
Лік супрацоўнікаў | 4929 (2021 год) |
«Азэрбайджа́нская чыгу́нка» («АЧ») — дзяржаўнае чыгуначнае прадпрыемства Азэрбайджану, заснаванае ў кастрычніку 1945 году.
На 2021 год улучала 4 дэпартамэнты: 1) грузаперавозак, 2) інфраструктуры, 3) рамонту і будаўніцтва чыгункі і тэхнічных сродкаў, 4) пасажырскіх перавозак[2].
Графік руху
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год унутры Азэрбайджану пасажырскія цягнікі хадзілі штодня з Баку ў 8 напрамках: 1) Астрара—Горадзіз, 2) Беюк Кясік, 3) Гянджа, 4) Кючарлі—Балакяны, 5) Піршагі, 6) Сумгаіт, 7) Шырван—Гаджыгабул, 8) Ялама. За мяжу «Азэрбайджанская чыгунка» адпраўляла штодзень цягнік у Грузію (Тбілісі) і штотыдзень 3 цягнікі ў 2 краіны Эўропы — Расею (Масква і Растоў-на-Доне) і Ўкраіну (Кіеў)[3].
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Азэрбайджанская чыгунка» мела 2954,74 км галоўных чыгуначных шляхоў, зь якіх выкарыстоўвалі 2133,07 км (72 %). Зь іх 1329,72 км (62 %) былі аднакаляінавымі і 803,3 км дзьвюхкаляінавымі. Электрыфікаванымі былі 54,82 % (1169,17 км) чыгункі, а рэшта працавала на цеплавознай цязе. Аўтаматычнай сыгналізацыяй абсталявалі 1527,7 км (71 %) чыгункі. Сярод 176 чыгуначных станцыях 12 мелі кантэйнэрныя пляцоўкі, а на 3-х (Гянджа, Кешля і Хырдалан) маглі разгрузіць шматтонныя кантэйнэры. У якасьці аўтаматызаваных сартавальняў выкарыстоўвалі Баладжарскую (Бінагадзінскі раён Баку) і Шырванскую станцыі[4].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]6 ліпеня 1945 году Дзяржаўны камітэт абароны СССР ухваліў Пастанову аб стварэньні «Азэрбайджанскай чыгункі». 28 ліпеня 1945 году міністар шляхоў зносін СССР падпісаў Загад № 674 аб утварэньні «Азэрбайджанскай чыгункі» зь 1 кастрычніка 1945 году. 14 траўня 1953 году «Азэрбайджанскую чыгунку» ўлучылі ў склад «Закаўкаскай чыгункі», управа якой месьцілася ў Тбілісі (Грузінская ССР). 3 кастрычніка 1955 году Савет міністраў СССР зацьвердзіў Пастанову № 1773 аб аднове «Азэрбайджанскай чыгункі». 13 кастрычніка 1955 году Пастановай № 717 «Азэрбайджанскую чыгунку» падпарадкавалі Міністэрству шляхоў зносін СССР. 2 сакавіка 1963 году Міністэрства шляхоў зносін СССР зацьвердзіла Загад № 270, якім зноў улучыла «Азэрбайджанскую чыгунку» ў склад «Закаўкаскай чыгункі». 1 чэрвеня 1967 году міністар шляхоў зносін падпісаў Загад № 15-859, якім аднавіў самастойнасьць «Азэрбайджанскай чыгункі». 8 жніўня 1995 году Кабінэт міністраў Азэрбайджану ўхваліў Загад № 171, якім перайменаваў прадпрыемства ў «Азэрбайджанскую дзяржаўную чыгунку» («АДЧ»). 20 ліпеня 2009 году прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхам Аліеў падпісаў Распараджэньне, якім пераўтварыў «АДЧ» у закрытае акцыянэрнае таварыства «Азэрбайджанская чыгунка». 15 лютага 2010 году Кабінэт міністраў Азэрбайджану ўхваліў сваёй Пастановай будову і Статут чыгункі[4].
За 2019 год перавезьлі 15,221 млн тонаў грузаў і 5,152 млн пасажыраў. У грузаперавозках пераважалі міжнародныя, а ў пасажырскіх — унутраныя[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кіраўніцтва (рас.) // ЗАТ «Азэрбайджанская чыгунка», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
- ^ Дэпартамэнты (рас.) // ЗАТ «Азэрбайджанская чыгунка», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
- ^ Графік руху (рас.) // ЗАТ «Азэрбайджанская чыгунка», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
- ^ а б Нашая гісторыя (рас.) // ЗАТ «Азэрбайджанская чыгунка», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
- ^ Ключавыя паказьнікі выніковасьці за 2019 год (рас.) // ЗАТ «Азэрбайджанская чыгунка», 2020 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Пішыце нам (рас.) // ЗАТ «Азэрбайджанская чыгунка», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
- Інтэрнэт-продаж квіткоў (рас.)
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |