Перайсьці да зьместу

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Грэцыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Адміністрацыйны падзел Грэцыі»)
Адміністрацыйны падзел Грэцыі па праграме Калікратыса. Колеры адпавядаюць пэрыфэрыям. Чорнымі лініямі яны падзелены на аддзелы, белымі — на муніцыпалітэты.

Адміністрацыйны падзел Грэцыі — сучасны падзел Грэцыі, сфармаваны па праграме Калікратыса[1] і дзейнічае з 1 студзеня 2011 году. Паводле гэтага падзелу Грэцыя адміністрацыйна складаецца з 7 дэцэнтралізаваных адміністрацыяў, 13 пэрыфэрыяў і 325 муніцыпалітэтаў. Пэрыфэрыі і муніцыпалітэты маюць поўнае самакіраваньне. Аўтаномная манаская дзяржава Сьвятой Гары вызваляецца ад гэтых рэформаў і захоўвае свае інстытуты паводле «Статутнай хартыі сьвятой гары Атонскай» 1924 году.

Ніжэйшай формай арганізацыі мясцовага самакіраваньня зьяўляецца муніцыпалітэт. Мэр і гарадзкая рада выбіраюцца на пяць гадоў усеагульным галасаваньнем. Муніцыпалітэты падзелены на аддзелы, а яны, ў сваю чаргу, на грамады. Апошнія маюць уласныя рады.

Арганізацыяй мясцовага самакіраваньня другога ўзроўню зьяўляецца пэрыфэрыя, якая адпавядае вялікай геаграфічнай вобласьці. Пэрыфэрыярх і рада выбіраюцца на пяць гадоў усеагульным галасаваньнем. Пэрыфэрыі падзелены на аддзелы, якія як правіла супадаюць з номамі. Аддзелы кіруюцца ўласнымі віцэ-пэрыфэрыярхамі, якіх выбіраюць разам з пэрыфэрыярхам.

Дэцэнтралізаваныя адміністрацыі не зьяўляюцца органамі самакіраваньня, а служаць мэтам дэцэнтралізацыі кіраваньня краінай. Складаюцца з 1—3 пэрыфэрыяў і кіруюцца генэральным сакратаром, які прызначаецца ўрадам Грэцыі і прымае ўсе рашэньні, а таксама радай, у якую ўваходзяць усе пэрыфэрыярхі і прадстаўнікі муніцыпалітэтаў і якая выконвае дарадчую ролю.