Іван Колас
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Колас (неадназначнасьць).
Іван Андрэевіч Колас | |||||||
5 чэрвеня 1923 — 12 жніўня 2007 | |||||||
Мянушка | Алег, Фэлікс | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | сяло Картынічы, Лельчыцкая воласьць, Мазырскі павет, Беларуская ССР, СССР | ||||||
Месца сьмерці | пасёлак Унукаўскае(ru), Ленінскі раён(ru), Маскоўская вобласьць, Расея | ||||||
Прыналежнасьць | СССР | ||||||
Род войскаў | Вайсковая выведка(en) | ||||||
Гады службы | 1941—1947, 1953—1987 | ||||||
Званьне | Палкоўнік (1985) | ||||||
Частка | Галоўная разьведвальная ўправа СССР(ru) | ||||||
Бітвы/войны | Нямецка-савецкая вайна | ||||||
Узнагароды | | ||||||
Сувязі | Андрэй Арцёмавіч Колас (партызан, бацька), Натальля Навумаўна Колас (маці), Кацярына Пятроўна Колас (бібліятэкарка) |
Іва́н Ко́лас (1923; вёска Картынічы, цяпер Лельчыцкі раён, Гомельская вобласьць, Беларусь — 2007; цяпер Новамаскоўская адміністрацыйная акруга, Масква, Расея) — савецкі выведнік і пісьменьнік беларускага паходжаньня. Стваральнік і кіраўнік Лельчыцкай партызанскай брыгады ў Беларусі (1943). Герой Расейскай Фэдэрацыі (1994).
Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Скончыў 7-гадовую сярэднюю школу, затым — пэдагагічны тэхнікум. У 1939 г. пачаў настаўнічаць у вясковай школе Лельчыцкага раёну (Палеская вобласьць, Беларуская ССР) і пісаць артыкулы ў мясцовую газэту. Пасьля пачатку нямецкага ўварваньня ў СССР 22 чэрвеня 1941 г. атрымаў заклік у Чырвоную армію. У сувязі зь веданьнем польскай і ўкраінскай моваў атрымаў залічэньне ў каманду адмысловага прызначэньня пры штабе Заходняга фронту (Магілёў, БССР). У ліпені 1941 г. удзельнічаў у абарончых баях у Беларусі і 19-гадовым юнаком заснаваў у Палескай вобласьці партызанскі атрад імя І. Кутузава[1]. У жніўні 1941 г. накіраваўся на навучаньне ў Вольскую пяхотную вучэльню (Саратаўская вобласьць, Расейская СФСР; цяпер Расея), якую перавялі з Магілёва. У траўні 1942 г., пасьля навучаньня, стаў начальнікам штаба стралковага батальёна 107-га стралковага палка (38-я армія, Паўднёва-Заходні фронт(uk)). У чэрвені 1942 г. большасьць жаўнераў батальёна загінула ў акружэньні пад Харкавам (Украінская ССР; другая бітва за Харкаў(en)).
Партызанскі рух[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Улетку 1942 г. праз захопленую немцамі Ўкраіну дабраўся да роднага сяла Картынічы (Петрыкаўская акруга, Генэральная акруга Жытомір), дзе стварыў Лельчыцкі партызанскі атрад. Зладзіў звыш 100 нападаў на нямецкіх вайскоўцаў і заснаваў яшчэ 3 партызанскія атрады, якія ў 20 гадоў злучыў у Лельчыцкую брыгаду (каля 700 байцоў). Тады ж выкрыў у Палескай вобласьці (БССР) аддзяленьне шпіёнскай школы Вайсковай выведкі Нямеччыны, дзе рыхтавалі да закіду ў савецкі тыл і ў партызанскія зоны. У траўні 1943 г. устанавіў сувязь з Цэнтральным штабам партызанскага руху (Масква; начальнік Панцеляймон Панамарэнка), які ўпаўнаважыў яго ажыцьцяўляць выведку пад загадам Галоўнай разьведвальнай ўправы СССР(ru). 12 чэрвеня 1943 г. з урочышча Вясьліднае (Лельчыцкі раён, БССР), дзе месьцілася Лельчыцкая брыгада Коласа, пачаўся 2000-кілямэтровы Карпацкі паход(ru) Сумскога партызанскага злучэньня (1,5 тыс. чал.) на чале з Сідарам Каўпаком(uk). Адсюль жа ў Малдаўскую ССР (губэрнатарства Заднястроўе, Каралеўства Румынія) выправіўся атрад Макара Кажухара, палову якога склалі беларусы з брыгады Коласа. Тут жа пасьля партызанскіх паходаў спыняліся камандзіры Аляксандар Сабураў(ru), Аляксей Фёдараў, Сямён Руднеў(uk), Уладзімер Дружынін(uk), Якаў Мельнік(uk), Аляксей Рыгоравіч Іваноў(ru) і Васіль Бегма(uk)[1].
Выведка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Увосень 1943 г. яго адклікалі ў Маскву для падрыхтоўкі на кіраўніка выведвальнай групы, на чале якой закінулі ў Ельскі раён (Палеская вобл., БССР; Мазырская вобласьць, Ген. акруга Жытомір). Для аддзела выведкі штаба 1-га Беларускага фронту за 5 месяцаў выявіў умацаваньні і перамяшчэньне нямецкага войска ў Ельскім і Мазырскім раёнах Беларускай ССР. Узімку выкрыў дакладны час пачатку нямецкай апэрацыі «Зіма» (ням. Winter) супраць савецкіх партызанаў у Палескай вобласьці БССР, што дазволіла падрыхтавацца да нападу. Затым вярнуўся ў штаб фронту. У сакавіку 1944 г. дэсантаваўся на чале выведвальнай групы ў Налібоцкай пушчы пад пасёлкам Івянец (Баранавіцкая вобласьць, БССР; Генэральная акруга Беларусь). Ажыцьцяўляў выведку ў Баранавічах, Карэлічах, Лідзе, Слоніме (Баранавіцкая вобл.) і Маладэчне (Вялейская вобласьць, БССР) для падрыхтоўкі Беларускай наступальнай апэрацыі «Багратыён». Выведаў другі эшалён абароны нямецкага войска на лініі Баранавічы—Пінск, чым дапамог зьнішчыць большасьць умацаваных баявых кропак[1]. У ліпені 1944 г. злучыўся з войскамі 1-га Беларускага фронта падчас іх наступу.
Ноччу 21 верасьня 1944 г. на заданьне галоўнага камандзіра 1-га Бел. фронту Канстанціна Ракасоўскага дэсантаваўся з самалёта над Варшавай (Генэрал-губэрнатарства(pl), Нямецкая дзяржава) разам з радыстам Зьмітром Сьцянько. Падчас прызямленьня радыст Сьцянько напароўся на арматуру разбуранага дома і загінуў на наступны дзень ад нямецкага гарматнага абстрэлу. Іван Колас атрымаў пералом рукі падчас прызямленьня на дах дома і кантузію ад разрыву снарада. Пад мянушкай «Алег» патрапіў да польскіх паўстанцаў Народнай арміі(pl) (польск. Арміі людовай), што падпарадкоўвалася савецкаму камандаваньню. Празь некалькі дзён знайшоў савецкую радыстку з раней скінутай і разьбітай выведвальнай групы. У выніку перадаў у штаб лік і разьмяшчэньне злучэньняў нямецкага войска ў варшаўскім гарнізоне і ваколіцах для наводкі савецкай зэнітнай і наземнай артылерыі, што стаяла на іншым беразе Віслы. Правёў 2 сустрэчы з кіраўніком Краёвай арміі Польшчы (польск. Арміі краёвай) Тадэвушам Камароўскім(pl) (мянушка «Бор»), які 1 жніўня 1944 г. загадаў пачаць Варшаўскае паўстаньне. Пасьля сустрэчы перадаў па рацыі пра адмову Камароўскага мець справу з урадам СССР у сувязі з масавым расстрэлам польскіх афіцэраў у Катыні (Смаленскі раён, Расейская СФСР) у красавіку 1940 г., які правёў Народны камісарыят унутраных справаў СССР. 2 кастрычніка 1944 г. выйшаў да Віслы па каналізацыйнай трубе ў суправаджэньні 2 польскіх паўстанцаў Народнай арміі і пераплыў раку. Пры сустрэчы галоўны камандзір фронта Ракасоўскі сказаў Івану Коласу: «Быць табе героем». Аднак пасьля справаздачы І. Колас патрапіў пад 2-тыднёвы турэмны арышт, бо Асобы аддзел фронту (КДБ) насьцярожыла згадка па рацыі Катынскага расстрэлу польскіх афіцэраў. Сябра Ваеннай рады 1-га Беларускага фронту Мікалай Булганін даклаў аб выведцы Івана Коласа ў Варшаве вярхоўнаму камандзіру савецкіх войскаў Ёсіфу Сталіну. У студзені 1945 г. атрымаў прадстаўленьне (узнагародны ліст) да званьня Герой Савецкага Саюзу, аднак у сувязі з таемнасьцю застаўся без узнагароды[1].
У студзені 1945 г. пад мянушкай Фэлікс быў выведнікам Галоўнай разьведвальнай управы (ГРУ) СССР у правінцыі Саксонія (Нямецкая дзяржава). Выявіў у Саксоніі разьмяшчэньне злучэньняў нямецкага войска і бэнзольны завод, дзе выраблялі бэнзін зь мясцовага каменнага вугалю на патрэбу войска. У сакавіку 1945 г. на заданьне галоўнага камандзіра 1-га Беларускага фронту Георгія Жукава захапіў у Бэрліне генэрала нямецкага генштаба, які пазьней даставіў Гітлеру савецкі ўльтыматум аб безагаворачнай капітуляцыі[1].
Паваенны час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1947 г. у званьні капітана звольніўся з войска пасьля адмовы навучацца ў Вайсковай акадэміі і вярнуўся ў Беларусь, дзе займаўся выкладаньнем і журналістыкай. У 1947 г. нарадзіўся першы сын Леанід. У 1953 г. — другі сын Валянцін. У 1953 г. вярнуўся на службу ў ГРУ Генштаба СССР і выкладаў у вайсковых вучэльнях. У 1956 г. выдаў у Маскве першую аповесьць «Варшава ў агні» (Ваеннае выдавецтва Міністэрства абароны СССР, 106 с.) пра выведку падчас Варшаўскага паўстаньня 1944 году. У 1964 г. атрымаў польскі вайсковы знак «Крыж Храбрых». У 1985 г. атрымаў званьне палкоўнік. У 1987 г. сышоў у адстаўку па ўзросьце. 25 лістапада 1994 г. расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын Указам № 2118 надаў Івану Коласу званьне Герой Расейскай Фэдэрацыі за выведку ў ходзе Варшаўскага паўстаньня 1944 году. 18 жніўня 2003 г. Іван Колас атрымаў беларускі ордэн Францішка Скарыны за ўмацаваньне беларуска-расейскіх культурных сувязяў. Да канца жыцьця выдаў звыш 20 аповесьцяў на расейскай мове, шэраг зь якіх адзначылі расейскімі прэміямі імя Сіманава, Фадзеева і Пікуля за ваеннае пісьменства[1].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Нарадзіліся 5 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1923 годзе
- Памерлі 12 жніўня
- Памерлі ў 2007 годзе
- Кавалеры ордэна Францішка Скарыны
- Узнагароджаныя крыжам Мужных
- Героі Расеі
- Кавалеры ордэна Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны
- Узнагароджаныя мэдалём «Партызану Айчыннай вайны» 1 ступені
- Нарадзіліся ў Гомельскай вобласьці
- Савецкія вайскоўцы
- Выведка
- Партызаны нямецка-савецкай вайны
- Савецкія літаратары
- Расейскія літаратары
- Памерлі ў Перадзелкіне
- Пахаваныя на Траекураўскіх могілках