Перайсьці да зьместу

Юстас Палецкіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юстас Палецкіс
па-летувіску: Justas Paleckis
Старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Летувіскай ССР
25 жніўня 1940 — 14 красавіка 1967
Наступнік: Матэюс Шумаўскас
Прэзыдэнт Летувы
17 чэрвеня 1940 — 3 жніўня 1940
Папярэднік: Антанас Меркіс
Наступнік: Альгірдас Бразаўскас
Прэм’ер-міністар Летувіскай рэспублікі
17 чэрвеня 1940 — 24 чэрвеня 1940
Папярэднік: Антанас Меркіс
Наступнік: Вінцас Крэве-Міцкевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 10 студзеня 1899
Цельшы, Ковенская губэрня
Памёр: 26 студзеня 1980 (81 год)
Вільня
Партыя: КПСС
Сужэнец: Генавайце Паляцкене
Дзеці:
  • Вільнюс
  • Юстас
  • Сігіта
  • Герута
  • Віта
Бацька: Ігнас Палецкіс
Маці: Она Петраўскайце
Адукацыя: Летувіскі ўнівэрсытэт
Узнагароды:
Герой Сацыялістычнай Працы
Герой Сацыялістычнай Працы
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Сяброўства народаў

Ю́стас Пале́цкіс (па-летувіску: Justas Paleckis; 22 студзеня [ст. ст. 10 студзеня] 1899, Цельшы Ковенскай губэрні, Расейская імпэрыя — 26 студзеня 1980, Вільня, Летувіская ССР, СССР) — летувіскі журналіст, савецкі палітычны дзяяч. Кароткачасова выконваў абавязкі прэзыдэнта Летувы пасьля савецкага ўварваньня ў 1940 року.

Нарадзіўся ў сям’і каваля. З 1915 — працоўны, потым служка ў Рызе, з 1922 року — настаўнік. Быў заснавальнікам і рэдактарам летувіскай газэты «Naujas Žodis», выдаванай у Рызе. Супрацоўнічаў у пэрыёдыках Летувы. У 1926—1927 працаваў дырэктарам летувіскага дзяржаўнага агенцтва навінаў ELTA, пасьля ваеннага перавароту быў звольнены.

Навучаўся ў ковенскім Летувіскім унівэрсытэце (1926—1928), працаваў журналістам. У 1931 наладзіў сувязі з падпольнай кампартыяй Летувы, у 1937 быў абраны сябрам Антыфашысцкага камітэту Коўны, у 1939 арыштаваны і ўвязьнены ў канцлягер.

Пасьля таго, як у выніку акупацыі краіны Саветамі прэзыдэнт Антанас Сьмятона зьбег у Злучаныя Штаты, ягоныя абавязкі перайшлі да прэм’ер-міністра Антанаса Меркіса. На наступны дзень пасьля ад’езду Сьмятоны Меркіс абвясьціў пра фармальнае зрынаньне яго з пасады і прызначыў прэм’ер-міністрам Палецкіса. Адначасна Меркіс адмовіўся ад пасады прэзыдэнта, што перадавала ягоныя паўнамоцтвы Юстасу Палецкісу. Гэта дало падставу сумнявацца ў законнасьці ўсіх гэтых перастановак, паколькі Сьмятона ня складваў паўнамоцтваў прэзыдэнта[1].

Прызначэньне Палецкіса прэм’ер-міністрам было праведзенае з ухвалы савецкае амбасады ў Коўне, паколькі ў гэты час у Летуве ўжо прысутнічалі савецкія войскі. Прысланы з Масквы намесьнік наркама замежных справаў СССР Уладзімер Дэканозаў каардынаваў дзейнасьць празь Летувіскую камуністычную партыю, а кабінэт міністраў Палецкіса выконваў адміністрацыйную функцыю. На загад з Масквы марыянэткавы ўрад Палецкіса прызначыў на 14—15 ліпеня выбары ў Народны сойм з мэтаю легалізаваць далучэньне Летувы да СССР. Кандыдатамі на выбарах маглі быць толькі камуністы ды іхнія хаўрусьнікі. 21 ліпеня абраны парлямэнт сабраўся дзеля абмеркаваньня адзінага пытаньня па ўваходзе ў Савецкі Саюз, што было падтрымана адзінагалосна.

У 1940—1966 — сябра ЦК і Бюро ЦК КП Летувы. У ЛетССР Палецкіс заняў пасаду старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. На гэтай пасадзе ён асабіста падпісваў загады па масавай дэпартацыі. Так, зь ягонай згоды Меркіс і міністар замежных справаў незалежнай Летувіскай рэспублікі Юозас Урбшыс былі высланыя ў РСФСР. Да 1953 року ў Сыбір, Запаляр’е і Сярэднюю Азію былі дэпартаваныя каля 132 000 грамадзянаў.

З пачаткам нямецкага наступу на Савецкі Саюз Палецкіс эвакуяваны. У 1941—1966 — намесьнік старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР. З 1955 — прадстаўнік у Савеце Міжпарлямэнцкага саюзу, у 1966—1970 — старшыня Савету Нацыянальнасьцяў Вярхоўнага Савету СССР.

Дэлегат XIX, XX, XXI, XXII, XXIII зьездаў КПСС, на якіх быў абраны кандыдатам у сябры ЦК. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 1—8-га скліканьняў. Ад 1970 на пэнсіі.

Жонка Генавайце Паляцкене. Пяцёра дзяцей — сыны Вільнюс і Юстас, дачкі Сігіта, Герута, Віта.

  1. ^ Presidents of the Republic of Lithuania (анг.). Office of the President of the Republic of Lithuania.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]