Перайсьці да зьместу

Цэнтральны банк Мальты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 35°53′43″ пн. ш. 14°30′35″ у. д. / 35.89528° пн. ш. 14.50972° у. д. / 35.89528; 14.50972

Цэнтральны банк Мальты
мальт. Bank Ċentrali ta' Malta

Галаўная сядзіба (2013 год)
Абрэвіятура ЦБМ
Дата ўтварэньня 17 красавіка 1968 (56 гадоў таму)
Тып банк
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта устойлівасьць цэнаў
Штаб-кватэра Валета, плошча Кастыліі[1]
Месцазнаходжаньне Паўднёва-ўсходняя вобласьць
Сяброўства Эўрапейскі цэнтральны банк, МВФ, Сусьветны банк
Афіцыйныя мовы ангельская, мальтыйская
Старшыня Марыё Вэлья
Намесьнікі Олівэр Бонэльё, Аляксандар Дэмарко
Асноўныя асобы Франк Бэцына, Філямэна Мэлі, Пэтэр Бальдачыно, Роміна Куш'еры
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў
Матчына кампанія Урад Мальты
Бюджэт 60,163 млн эўра (2018 год)[2]
Колькасьць супрацоўнікаў 347 (2019 год)
Сайт centralbankmalta.org

Цэнтра́льны банк Ма́льты — галоўны банк Мальты, заснаваны ў красавіку 1968 году.

На 2020 год ЦБМ працаваў у будні з 1 верасьня па 15 чэрвеня ад 7:45 да 16:15 і з 16 чэрвеня па 31 жніўня ад 7:30 да 14:30[3]. Паводле пагадненьняў, зьбіраў і складаў падлікі з Нацыянальным бюро статыстыкі Мальты, а таксама абменьваўся зьвесткамі датычна аплаты і разьліку за каштоўныя паперы з Управай фінансавых паслуг Мальты (УФПМ)[4]. Выступаў рынкаўтваральнікам аблігацыяў Дзяржаўнага скарбу Мальты на ўнутраным другасным рынку. Штодзень абнародаваў заяўкі і прапановы на цэны і даходнасьць гадавых, 9-, 6-, 3- і 1-месячных аблігацыяў[5]. ЦБМ выдаваў па-ангельску «Квартальны агляд», «Гадавую справаздачу» і «Справаздачу аб фінансавай устойлівасьці» (штогод), а таксама штомесяц «Гаспадарчую абнову». Таксама штогод выходзілі «Дасьледчы бюлетэнь», «Працоўныя паперы», «Нататкі палітыкі» і «Дарадчыя паперы»[6].

На 2020 год Цэнтральны банк Мальты меў 10 паўнамоцтваў:

  • падтрыманьне цэнавой устойлівасьці;
  • кіраваньне валютнымі запасамі;
  • пазычаньне банкам і ўраду;
  • забесьпячэньне фінансавай устойлівасьці;
  • вызначэньне і ажыцьцяўленьне макраразважлівай палітыкі;
  • выпуск грошай;
  • дачыненьні зь міжнароднымі фінансавымі ўстановамі;
  • гаспадарчыя дасьледаваньні і агляды;
  • збор, складаньне, распаўсюд і выданьне падлікаў;
  • прасоўваньне і падтрымка разьвіцьця фінансавага рынку і спраўнага ладу аплаты і разьліку[7].
  • Рада кіраўнікоў. Складаецца са старшыні, 2 намесьнікаў і 4 іншых кіраўнікоў. Прызначаецца на 5 гадоў. Першы намесьнік займаецца грашовай палітыкай, а 2-і — фінансавай устойлівасьцю. Старшыню і ягоных намесьнікаў прызначае прэзыдэнт Мальты на параду старшыні ўраду. Іншых кіраўнікоў прызначае старшыня ўраду Мальты. Кожныя 6 месяцаў старшыня складае справаздачу перад Камітэтам гаспадарчых і фінансавых справаў Палаты дэпутатаў Мальты[8].
  • Камітэт праверкі. Складаецца з 3-х невыканаўчых сябраў Рады кіраўнікоў на яе выбар. Штоквартал складае справаздачу перад Радай кіраўнікоў. Двойчы на год сустракаецца са зьнешнімі аўдытарамі. Назірае за фінансавай справаздачнасьцю ЦБМ і якасьцю працы зьнешняга аўдытара[9].

Міжнародная супраца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год чыноўнікі Цэнтральнага банку Мальты (ЦБМ) суправаджалі прадстаўнікоў Управы фінансавых паслуг Мальты (УФПМ) на паседжаньнях Эўрапейскай банкаўскай управы (ЭБУ; Курбэвуа, дэп. Вярхоўі Сэны, Францыя). Вышэйшыя чыноўнікі ЦБМ удзельнічалі ў Гаспадарча-фінансавым камітэце Эўразьвязу, які раіў Радзе гаспадарчых і фінансавых справаў (РГФС) ЭЗ. Чыноўнікі ЦБМ таксама бралі ўдзел у Камітэце грашовай, фінансавай і плацежна-балянсавай статыстыкі, які дапамагае Эўрапейскай камісіі (Брусэль, Бэльгія). Старшыня ЦБМ суправаджаў міністра фінансаў Мальты на паседжаньнях РГФС Эўразьвязу. ЦБМ таксама раіў Мінфіну Мальты датычна ўдзелу ў Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР; Вашынгтон, ЗША) і Агенцтве шматбаковай аховы інвэстыцыяў (АШАІ), якія былі ўстановамі Групы Сусьветнага банку. Старшыня ЦБМ таксама быў замяшчальнікам ад Мальты ў Радзе кіраўнікоў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР; Лёндан, Ангельшчына) і Азіяцкага банку інфраструктурных укладаньняў (АБІУ; Пэкін, Кітай). Ён жа наведваў штогадовы Агульны сход Банка міжнародных разьлікаў (БМР; Базэль, Швайцарыя) у якасьці назіральніка. Старшыня ЦБМ і ягоны намесьнік прадстаўлялі Мальту ў Радзе кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ; Вашынгтон). Старшыня ЦБМ таксама быў сябрам Агульнай управы Эўрапейскай рады сыстэмнай рызыкі (ЭАСР; Франкфурт-на-Майне, Нямеччына), Кіраўнічай і Агульнай радаў Эўрапейскага цэнтральнага банку (ЭЦБ; Франкфурт-на-Майне). Урэшце ЦБМ удзельнічаў у Эўрасыстэме, бо на Мальце ў абарачэньні быў эўра, а таксама ў Эўрапэйскай сыстэме цэнтральных банкаў, бо ўрад Мальты быў сябрам Эўразьвязу[10].

На 31 сакавіка 2020 году сродкі і абавязкі Цэнтральнага банка Мальты былі роўныя 9,294 млрд эўра. Сродкі пераважна ўлучалі: 1) патрабаваньні ўнутры Эўрасыстэмы — 62% (5,772 млрд эўра), 2) каштоўныя паперы асобаў эўразоны ў эўра — 14% (€1,336 млрд), 3) патрабаваньні да асобаў па-за эўразонай у замежнай валюце — 7,5% (€701,8 млн), 4) патрабаваньні да асобаў па-за эўразонай у эўра — 6% (€564,3 млн) і 5) патрабаваньні да асобаў эўразоны ў замежнай валюце — 0,7% (€65,8 млн). Абавязкамі ў асноўным былі: 1) абавязкі грашовай палітыкі — 58% (€5,393 млрд), 2) абавязкі перад асобамі эўразоны ў эўра — 14% (€1,311 млрд), 3) банкноты ў абарачэньні — 13,6% (€1,268 млрд), 4) капітал і запасы — 4% (€372,7 млн), 5) абавязкі перад асобамі эўразоны ў замежнай валюце — 3,3% (€308,4 млн)[11].

17 красавіка 1968 году ўрад Мальты стварыў Цэнтральны банк Мальты (ЦБМ) паводле адпаведнага Закону ад 11 лістапада 1967 году. Закон зацьвердзілі на прапанову чыноўніка Банка Ангельшчыны Філіпа Хога, які стаў 1-м яго старшынём. У 1968 годзе старшыня ЦБМ і ягоны намесьнік сталі прадстаўнікамі Мальты ў Радзе кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ; Вашынгтон, ЗША). У верасьні 1969 году ЦБМ ажыцьцявіў свой першы выпуск мальтыйскіх фунтаў. У 1970 годзе зацьвердзілі Закон «Аб банкаўскай справе», згодна зь якім ЦБМ атрымаў паўнамоцтвы нагляду за банкамі. У траўні 1972 году ЦБМ выпусьціў першыя манэты ў выглядзе цэнтаў, якія падзяліў фунт. Таксама ЦБМ стаў выдаваць кароткатэрміновыя пазыкі ўраду і наглядаць за абсягам яго наяўных грошай. У ліпені 1972 году Палата дэпутатаў Мальты зацьвердзіла Закон «Аб валютным кантролі», у выніку якога ЦБМ стаў кіраваць валютнымі запасамі. Адначасна ЦБМ прывязаў мальтыйскую ліру да гандлёвага кошыка валютаў замест брытанскага фунта стэрлінгаў і стаў адзіным пакупніком і пастаўшчыком валюты для ўраду і банкаў. У 1990 годзе Палата дэпутатаў Мальты ўхваліла Закон «Аб Біржы Мальты», нагляд за якой даручылі ЦБМ. У 1994 годзе зацьвердзілі Закон «Аб фінансавых установах», паўнамоцтвы нагляду за якімі атрымаў ЦБМ. Адначасна папраўкі ў Закон «Аб Цэнтральным банку Мальты» скасавалі паўнамоцтвы ЦБМ даваць кароткатэрміновыя пазыкі ўраду. Паводле паправак у Закон, утварылі Раду грашовай палітыкі ЦБМ, што перайшла да рынкавай уліковай стаўкі мальтыйскай ліры замест адміністратыўнага яе прызначэньня. Умяшаньне абмежавалі гандлем 3-ма валютамі з банкамі. Валютныя абмежаваньні выплатаў па бягучым рахунку паступова скасавалі[12].

У 2002 годзе новыя папраўкі ў Закон «Аб ЦБМ» увялі 5-гадовы тэрмін паўнамоцтваў старшыні, намесьнікаў і сябраў Рады кіраўнікоў. Паводле паправак, ЦБМ увёў аплатную сыстэму міжнароднага ўзору і перадаў паўнамоцтвы нагляду за біржай, банкаўскай і фінансавай галінамі Ўправе фінансавых паслуг Мальты (УФПМ). 1 траўня 2004 году старшыня ЦБМ Майкл Бонэльё пачаў засядаць у Агульнай радзе Эўрапейскага цэнтральнага банку (ЭЦБ; Франкфурт-на-Майне, Нямеччына). Адначасна ЦБМ прыбраў кантроль капіталу, а чыноўнікі ЦБМ сталі сябрамі камітэтаў Эўрапэйскай сыстэмы цэнтральных банкаў (ЭСЦБ). У траўні 2005 году ЦБМ прывязаў мальтыйскую ліру да эўра па курсе 0,4293 ліры за эўра ў адпаведнасьці з Эўрапейскім мэханізмам валютных курсаў (ЭМВК). 1 студзеня 2008 году набылі моц папраўкі ў Закон «Аб ЦБМ», у выніку якіх на Мальце ўвялі эўра. Старшыня ЦБМ стаў сябрам Кіраўнічай рады ЭЦБ, а чыноўнікі ЦБМ — сябрамі камітэтаў Эўрасыстэмы[12]. 1 студзеня 2011 году старшыня ЦБМ стаў сябрам Агульнай управы Эўрапейскай рады сыстэмнай рызыкі (ЭАСР).

  • Філіп Хог (17 красавіка 1968 — 31 сакавіка 1972)
  • Борджэ Андэрсэн (1 красавіка 1972 — 16 сакавіка 1973)
  • Р. Дж. Іэрлэнд (17 сакавіка 1973 — 25 студзеня 1974)
  • Ліно Сьпітэры (26 студзеня 1974 — 22 лістапада 1981)
  • Гэнры дэ Габрыель (14 сьнежня 1981 — 6 лістапада 1986)
  • Энтані Гальдэс (3 чэрвеня 1987 — 2 чэрвеня 1993)
  • Фрэнсіс Васальё (15 верасьня 1993 — 30 верасьня 1997)
  • Эмануэль Элюль (1 кастрычніка 1997 — 30 верасьня 1999)
  • Майкл Бонэльё (1 кастрычніка 1999 — 30 чэрвеня 2011)
  • Джосэф Бонічы (1 ліпеня 2011 — 30 чэрвеня 2016)
  • Марыё Вэлья (з 1 ліпеня 2016 году)[13].
  1. ^ Зьвяжыцеся з намі (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  2. ^ Марыё Вэлья, Фабіё Аксыза. Фінансавыя заявы за 2018 год  (анг.) // 51-я гадавая справаздача і заява аб рахунках за 2018 год. — Валета: Цэнтральны банк Мальты, 2019. — С. А-10. — ISSN 0577-0653.
  3. ^ Працоўныя гадзіны (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  4. ^ Мясцовыя дачыненьні (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  5. ^ Скарбавыя аблігацыі Мальты (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  6. ^ Выданьні (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  7. ^ Паўнамоцтвы (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  8. ^ Рада кіраўнікоў (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  9. ^ Аўдытарскі камітэт (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  10. ^ Міжнародныя дачыненьні (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  11. ^ Мар'яна Атард, Раймонд Філеці. Сродкі і абавязкі на 31 сакавіка 2020 году (анг.) // Цэнтральны банк Мальты, 31 сакавіка 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  12. ^ а б Наша гісторыя (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.
  13. ^ Мінулыя і цяперашнія старшыні (мальт.) // Цэнтральны банк Мальты, 2020 г. Праверана 15 красавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]