Франшыза
Франшы́за (франц. franchise — прывілей) — дамова наданьня карыстальніку за ўзнагароджаньне права найменьня і камэрцыйнай таямніцы праваўладальніка.
Віды: бестэрміновая і тэрміновая, сусьветная і тэрытарыяльная. Вызначае найменшы і найбольшы абсягі выкарыстаньня адпаведных правоў датычна пэўнага віду прадпрымальніцтва. Бакамі франшызы могуць выступаць прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі. Узнагароджаньне выплочваецца ў выглядзе адлічэньня ад выручкі або вызначанай пэрыядычнай ці разавай выплаты. Заключаецца пісьмова і падлягае ўліку ў патэнтным органе[1].
Падфраншыза
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праваўласьнік можа ўпаўнаважыць карыстальніка дазваляць выкарыстаньне франшызы другаснымі карыстальнікамі. Паводле дамовы, карыстальніка могуць абавязаць выдаць пэўны лік падфраншызаў за пэўны тэрмін. Пагатоў, карыстальнік нясе адказнасьць за другасных карыстальнікаў перад праваўладальнікам франшызы. Тэрмін падфраншызы абмяжоўваецца тэрмінам франшызы[1].
Абавязкі бакоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праваўладальнік абавязаны садзейнічаць у навучаньні работнікаў для выкарыстаньня франшызы і наглядаць за якасьцю вырабленых тавараў. Карыстальнік франшызы абавязаны: 1) выкарыстоўваць фірмовае найменьне праваўладальніка; 2) забясьпечваць адпаведнасьць вырабленых тавараў якасьці тавараў праваўладальніка; 3) выконваць указаньні праваўладальніка датычна зьнешняга і ўнутранага афармленьня памяшканьняў, а таксама характару, спосабаў і ўмоваў выкарыстаньня франшызы; 4) аказваць дадатковыя паслугі праваўладальніка, якія пакупнік атрымлівае пры набыцьці тавара; 5) захоўваць вытворчую таямніцу праваўладальніка; 6) выдаваць агавораны лік падфраншызаў; 7) апавяшчаць пакупнікоў пра выкарыстаньне фірмовага найменьня і таварнага знака на падставе франшызы. Адначасна праваўладальнік адказвае разам з карыстальнікам на патрабаваньні да вырабленых тавараў. Урэшце праваўладальнік нясе адказнасьць за неадпаведнасьць прададзеных карыстальнікам тавараў якасьці яго тавараў[1].
Перамена бакоў і найменьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры пераходзе франшызы да новага праваўладальніка той становіцца бокам дамовы папярэдніка. У выпадку сьмерці індывідуальнага прадпрымальніка спадкаемца мае стаць на ўлік у якасьці ІП цягам 6 месяцаў з дня адкрыцьця спадчыны дзеля ўспадкаваньня франшызы. Да такога ўліку даверны кіраўнік ажыцьцяўляе абавязкі і правы памерлага. Франшыза працягвае дзейнічаць датычна новага фірмовага найменьня пры зьмяненьні старога праваўладальнікам. Аднак карыстальнік мае права запатрабаваць сувымернага зьмяншэньня ўзнагароджаньня для праваўладальніка за працяг франшызы са зьмененым найменьнем[1].
Спыненьне і скасаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Франшыза спыняецца пры спыненьні права на фірмовае найменьне. Пры спыненьні ўсялякага іншага выключнага права франшыза працягвае дзейнічаць без адпаведанага страчанага права, а карыстальнік набывае права патрабаваць сувымернага зьмяншэньня ўзнагароджаньня праваўладальніку. Скасаваньне бестэрміновай франшызы і датэрміновае скасаваньне тэрміновай франшызы падлягае ўліку ў патэнтным органе. Бакі бестэрміновай франшызы маюць паведаміць пра яе скасаваньне за 6 месяцаў[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2005 годзе ў Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь унесьлі папраўку, якой замацавалі дамовы франшызы. На 2013 год у Беларусі ўлічылі 130 дамоваў франшызы, большасьць якіх прыпадала на грамадзкае харчаваньне, раздробны гандаль і прамысловасьць. Таксама існавала Асацыяцыя «Белфранчайзінг». Найбольш пасьпяховымі мясцовымі франшызамі былі «Белкамунмаш» і «Мілавіца». На сьнежань 2013 году ЗАТ «Мілавіца» стварыла паводле франшызы гандлёвую сетку са 610 крамаў у Малдове, Расеі, Украіне і Казахстане. Посьпеху спрыяла навучаньне прадаўцоў і ўкладаньне звыш 50 000 эўра на краму. Самі крамы разьмяшчалі на крытых рынках і каля аўтобусных прыпынкаў. Для прасоўваньня выкарыстоўвалі блогі ў сацыяльных сетках і сэмінары[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д А. Лукашэнка. Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 7 сьнежня 1998 г. № 218-З (Артыкул 910) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 сакавіка 2020 г. Праверана 18 ліпеня 2020 г.
- ^ Любоў Касьпяровіч. Без рызыкі для бізнэсу // Зьвязда : газэта. — 3 сьнежня 2013. — № 227 (27592). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |