Перайсьці да зьместу

Расейскі крыж

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Расейскі праваслаўны крыж»)
Расейскі крыж

Расейскі крыж — шасьціканцовы крыж з кароткай дыяганальнай папярочкай унізе. Адметнасьць Расейскай праваслаўнай царквы і культурнага ляндшафту Расеі[1][2].

У беларускіх энцыкляпэдычных крыніцах апісваецца як расейскі праваслаўны крыж[3]. Аднак беларускі філёзаф і тэоляг Ірына Дубянецкая зьвяртае ўвагу на тое, што самі па сабе крыжы не бываюць канфэсійнымі, яны — адзнака мясцовай традыцыі[1].

У расейскамоўных крыніцах звычайна апісваецца як расейскі крыж (рас. русский крест), часам — шасьціканцовы праваслаўны крыж (рас. шестиконечный православный крест[4][5]). Назву «праваслаўны крыж» Ірына Дубянецкая тлумачыць сьвядомых зьмяшэньнем «праваслаўнага» і «расейскага» дзеля падмены паняцьцяў[1]. Такім жа чынам у пачатку XX ст. улады Расейскай імпэрыі называлі ўсё расейскае славянскім, каб потым усё славянскае назваць расейскім[1].

Паводле позьняга тлумачэньня, якое ўзьнікла ў Маскоўскай дзяржаве[6][7], пахіленасьць ніжняй папярочкі абазначае расьпятых з бакоў Ісуса Хрыста злачынцаў. Той злодзей, які пакаяўся, абазначаецца ўзьнятым уверх краем лініі. Другі злодзей, які адмовіўся ад пакаяньня, абазначаецца пахіленым уніз краем лініі[8]. Аднак такое тлумачэньне крытыкуюць на той падставе, што пры разьмяшчэньні ўкоснага крыжа на харугвах, выяўленыя сымбалічныя месцы злодзеяў могуць зьмяняцца[9].

Тым часам расейскі сьвятар і багаслоў (пазьней — протаярэй, сябар «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду», па сьмерці кананізаваны Расейскай праваслаўнай царквой) Яан Кранштацкі крытыкаваў сам факт зьяўленьня на крыжы касой папярочкі, якую ён лічыў чыста расейскім новаўвядзеньнем XV—XVI стагодзьдзя («часу скрайняга невуцтва»), і зьвяртаў увагу на тое, што аўтарытэтных багаслоўскіх тлумачэньняў гэтага элемэнта, увогуле, не існуе[10].

Новая царква Беларускага экзахату ў Менску з купаламі-цыбулінамі і расейскімі крыжамі

Паходжаньне ўкоснага шасьціканцовага крыжа няпэўнае[4]. У некаторых беларускіх крыніцах можна сустрэць інфармацыю, што на Маскоўскім саборы 1654 году патрыярх маскоўскі Нікан дамогся пастановы аб замене васьміканцовага крыжа на шасьціканцовы, што ў спалучэньні зь іншымі новаўвядзеньнямі выклікала раскол Маскоўскай царквы[11]. Аднак прытым не ўдакладняецца, які менавіта шасьціканцовы крыж маецца на ўвазе — расейскі або патрыяршы (Крыж Эўфрасіньні Полацкай). Раней на саборы 1551 году кананічна ізаляванай Маскоўскай царквы гаспадар Іван IV Тыран пастанавіў уніфікаваць формы крыжоў на купалах цэркваў на васьміканцовыя, каб адмежаваць Маскоўскую дзяржаву ад «літоўскага, Полацкага крыжа Эўфрасіньні»[12]. Тым часам рэформы патрыярха Нікана мелі на мэце прыбраць адрозьненьні ад Канстантынопальскай царквы ў богаслужбовых кнігах, богаслужбовай практыцы і абрадах, якія ўзьніклі ў пэрыяд кананічнай ізаляцыі Маскоўскай царквы як расейскія нацыянальныя адметнасьці[13]. Важную ролю ў правядзеньні гэтых рэформаў адыгралі ўкраінскія і беларускія праваслаўныя багасловы і кніжнікі, якія дзеялі ў Маскоўскай дзяржаве[14]. Увогуле, у іншых крыніцах[15], у тым ліку афіцыйнай энцыкляпэдыі Расейскай праваслаўнай царквы[16], зазначаецца, што ў час рэформаў патрыярха Нікана васьміканцовы крыж спрабавалі замяніць на чатырохканцовы, а не на шасьціканцовы.

У XIX ст. улады Расейскай імпэрыі шырока выкарыстоўвалі расейскі крыж у геральдыцы: яго адлюстравалі на гербах Арэнбурскай, Тыфліскай, Херсонскай і Эрыванскай губэрняў. У 1843 годзе расейскія ўлады распрацавалі новыя гербы местаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага з адлюстраваньнем Пагоні ў ніжняй частцы гербавай тарчы (пад расейскім двухгаловым арлом), прытым на шчыце вершніка замест традыцыйнага патрыяршага разьмясьцілі расейскі крыж.

У другой палове XIX ст. расейскія ўлады прасоўвалі расейскі крыж (разам з укосным варыянтам васьміканцовага) у рэчышчы палітыкі русіфікацыя Беларусі: згодна з пастановай урадавага сыноду Расейскай імпэрыі новыя прыдарожныя крыжы ў Беларусі мусілі быць укоснымі васьміканцовымі або шасьціканцовымі і іх можна было ставіць толькі з дазволу расейскіх уладаў паводле адмысловых правілаў[17].

З канца XX ст. у Беларусі назіраецца тэндэнцыя масавай замены экзархатам Маскоўскага патрыярхату ў цэрквах старых чатырохканцовых каваных крыжоў («сонцакрыжоў»), твораў беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на ўкосныя шасьціканцовыя і васьміканцовыя крыжы[1]. Таксама на ўкосныя замяняюцца традыцыйныя чатырохканцовыя драўляныя прыдарожныя крыжы[2]. Новыя цэрквы будуюцца пераважна з укоснымі крыжамі.

  1. ^ а б в г д Бурштын Я. Ірына Дубянецкая: Дзякуючы намаганням РПЦ пачынае мяняцца культурны ландшафт Беларусі (Фота і відэа), Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», 16 ліпеня 2016 г.
  2. ^ а б Бараноўскі І. Грэка-католікі Берасьцейшчыны усталявалі крыж у Курапатах // Царква. 12 лістапада 2015 г.
  3. ^ Зайкоўскі Э. Крыж // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 501.
  4. ^ а б Русский крест: символика православного надглавного креста. — Москва, 2006. С. 133.
  5. ^ Плужников В. И. Термины российского архитектурного наследия: Словарь-глоссарий / В. И. Плужников. — М.: Искусство, 1995. С. 137.
  6. ^ Фещин А. Довірся Хресту // Християнский голос. № 18 (2854), 2002. С. 232.
  7. ^ Яременко В. Золоте Слово: Хрестоматія літератури України-Русі епохи Середньовіччя IX—XV століть. Книга перша. — Київ: Аконіт, 2002. С. 485.
  8. ^ Праваслаўныя крыжы: як разабрацца ў значэньнях (рас.) // Партал «Праваслаўе і сьвет», 26 верасьня 2011 г. Праверана 21 красавіка 2018 г.
  9. ^ Гнідець Р. Св. Хрест, його форма та різновиди в Україні // Греко-Католицька Традиція. № 9 (193), вересень 2013 р.
  10. ^ Иоанн Сергиев [святой праведный Иоанн Кронштадтский]. О кресте Христовом (против раскольников). — СПб, 1896.
  11. ^ Натальля Лоўчая. Масьцішча – лясная вёска // Газэта «Працоўная слава», 29 жніўня 2014 г. Праверана 21 красавіка 2018 г.
  12. ^ Белы А. Крыж Еўфрасінні Полацкай // Наша Слова. № 29 (817), 1 жніўня 2007 г.
  13. ^ Нуруллаев А. А. Нуруллаев А. Ал. Религия и политика. — М., 2006. С. 299.
  14. ^ Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
  15. ^ Изотова О., Касперович Г., Гурко А., Бондарчик А. Кто живет в Беларуси. — Минск: «Беларуская навука», 2012. С. 740
  16. ^ Реформа богослужения во 2-й пол. XVII в. // Православная энциклопедия. Том 00. Русская Православная Церковь / По благословению Святейшего Патриарха Московского и всея Руси Алексия II. — М.: Церковно-научный центр Русской Православной Церкви «Православная Энциклопедия». 2000. — 688 с. — ISBN 5-89572-005-6.
  17. ^ Мілаш Я. Традыцыі ўшанавання крыжа беларусамі ў канцы XIX ст. // Наша Вера. № 3 (65), 2013.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]