Полацкі Богаяўленскі манастыр
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Полацкі Богаяўленскі манастыр
| |
Полацкі Богаяўленскі манастыр
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Полацак |
Каардынаты | 55°29′03″ пн. ш. 28°46′06″ у. д. / 55.48417° пн. ш. 28.76833° у. д.Каардынаты: 55°29′03″ пн. ш. 28°46′06″ у. д. / 55.48417° пн. ш. 28.76833° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Статус | Ахоўная зона |
Полацкі Богаяўленскі манастыр | |
Полацкі Богаяўленскі манастыр на Вікісховішчы |
Полацкі Богаяўленскі манастыр — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Полацку. Знаходзіцца на правым беразе Дзьвіны, на гістарычнай Вялікай вуліцы[a]. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока і клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс складаецца з Богаяўленскай царквы і жылога корпуса зь дзьвюма цёплымі Эўрасіньнеўскай і Кацярынінскай цэрквамі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеля пабудовы манастыра 8 траўня 1582 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў два пляцы і вызваліў яго ад мескіх павіннасьцяў[1]. У XVI—XVIII стагодзьдзяў манастыр складаўся з драўлянай царквы і будынка брацкай школы. Падпарадкоўваўся беспасярэдне Кіеўскай мітраполіі і канстантынопальскаму патрыярху. Упамінаецца ў 1633—1636 гадох, калі князь Самуэль Леў Агінскі і міравы земскі судзьдзя Сэбастыян Мірскі аднавілі прыстанак па пажары і паспрыялі заснаваньню праваслаўнага брацтва. У 1633 годзе манастыр як праваслаўны зацьвердзіў сваёй граматай кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза. Сэбастыян Мірскі ахвяраваў пляц на Вялікай вуліцы дзеля пабудовы тэатра і школы (у 1656—1659 гадох у ёй выкладаў беларускі пісьменьнік і філёзаф Сімяон Полацкі). У 1650-я гады маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч перадаў манастыру апусьцелы Спаскі манастыр зь яго вёскамі і двума млынамі на рацэ Палаце. У манастырскім архіве захоўваліся старажытныя акты і прывілеі, сярод якіх былі граматы маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча 1655—1660 гадоў. Асноўнай уласнасьцю манастыра была вёска Ропна.
У чэрвені 1683 году манастыр пацярпеў ад мескага пажару, таму манахі мусілі закласьці на правабярэжным баку Полацка капліцу і новую царкву. Па пажары 1757 году ў 1761—1779 гадох збудавалі мураваную Богаяўленскую царкву.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Полацак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, комплекс канчаткова перайшоў у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1782 годзе архітэктар Дж. Кварэнгі распрацаваў праект пашырэньня манастыра. Прадугледжвалася раскрыцьцё архітэктурнага ансамбля ўздоўж Вялікай вуліцы — з бакоў царквы паўсталі два 2-павярховыя будынкі, разьмешчаныя чырвонай лініяй вуліцы: з захаду жылы корпус, з усходу — школа (з 1835 году мужчынская духоўная вучэльня, не захавалася). У 1798 годзе манастыр пакінулі за штатам, а ў 1842 годзе ўзьвялі ў другую клясу. У пачатку XIX ст. з усходу ад царквы збудавалі «эканамічны дом» (не захаваўся). У пачатку XX ст. пры манастыры налічвалася 28 чалавек браціі пад кіраўніцтвам архімандрыта Яўфімія.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1920-я гады савецкія ўлады зачынілі манастыр. У 1970-я гады жылы корпус рэстаўравалі, па чым яго выкарыстоўвалі як жылы дом. Пазьней будынак прыстасавалі пад музэй-бібліятэку Сімяона Полацкага і музэй беларускага кнігадрукаваньня. У 1959 годзе на будынку павесілі мэмарыяльную дошку Сімяону Полацкаму.
Па рэстаўрацыі ў 1981 годзе ў царкве разьмяшчалася карцінная галерэя. У 1991 годзе царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Богаяўленская царква
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Царква Божага Яўленьня — помнік архітэктуры барока. Гэта крыжова-купальная базыліка з 2 вежамі на галоўным (заходнім) фасадзе і паўкруглай апсыдай. Над перакражаваньнем асноўнага аб’ёму і трансэпту — высокі сьветлавы барабан з сфэрычным купалам, завершаным гранёным ліхтаром. Такімі ж купаламі завяршаюцца 1-ярусныя фасадныя вежы, паўночная зь якіх зьяўлялася званіцай (7 званоў). Сьцены вежы, грані барабана праразаюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і падзяляюцца пілястрамі ў прасьценках. Галоўны фасад вэртыкальна падзяляецца магутнымі слаістымі пілястрамі на высокіх цокалях, восьсю сымэтрыі аркавы ўваходны партал і аконны праём хораў над ім. Вось сымэтрыі бакавых фасадаў падкрэсьліваецца рызалітам з лучковым уваходным праёмам з глыбокімі адхіламі. Пэрымэтрам будынка праходзіць карніз простага профілю.
Усярэдзіне 4 масіўныя слупы квадратнага сечавы, перакінутыя церазь іх аркі і ветразі нясуць сфэрычны купал зь ліхтаром. Цыліндрычны барабан пад купалам мае выгляд ратонды. Перакрыцьці — цыліндрычныя скляпеньні на распалубках. Над нартэксам на тройной аркадзе разьмяшчаюцца хоры з каванай агароджай. На левым перадалтарным слупе месьціцца ракальная арка — выхад на колішні амбон. Фрагмэнтарна захаваўся фрэскавы росьпіс на ўнутранай паверхні барабана.
Жылы корпус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жылы корпус — помнік архітэктуры барока і клясыцызму. Гэта Г-падобны ў пляне будынак. Ва ўсходнім крыле разьмяшчаліся кельлі манахаў, пакоі ігумена, у кутняй частцы — дзьве цёплыя царквы: Эўфрасіньнеўская і Кацярынінская (плян зьмяніўся). З прычыны няроўнасьці рэльефу частка будынка мае наўпадвальны паверх. Галоўны (паўночны) фасад арыентуецца на гістарычную Вялікую вуліцу. У кампазыцыі галоўных фасадаў будынкаў выкарыстоўваецца характэрны для клясыцызму прынцып ордэру, але безь яго вэртыкальных частак. Першы паверх выступае як п’едэстал пад больш парадным другім паверхам, дэкаруецца рустам і падзяляецца невялікімі лучковымі аконнымі праёмамі. На гладкай паверхні сьценаў другога паверха — шырокі пасак, вокны больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завяршаюцца разьвітым прафіляваным карнізам. Кутняя частка (тут знаходзіліся кельлі) вылучаецца чатырма дарыцкімі паўкалёнамі, завяршаецца франтонам і невялікай вежай з купалам на цыліндрычным барабане[2].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1846 г.
-
Д. Струкаў. 1864—1867 гг.
-
1885 г.
-
1897 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1889—1891 гг.
-
1889—1891 гг.
-
1890-я гг.
-
1900 г.
-
1900 г.
-
1902 г.
-
1903 г.
-
1903 г.
-
1906 г.
-
1910 г.
-
С. Пракудзін-Горскі, 1912 г.
-
1918 г.
-
Ф. Краўскопф, 1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1941 г.
-
1941 г.
-
1942—1943 гг.
-
1941—1943 гг.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
З боку ракі
-
Жылы корпус з боку двара
-
Жылы корпус з боку вуліцы
-
Уваход у жылы корпус
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Ніжне-Пакроўская, 22, 24
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ярашэвіч А. Полацкі Богаяўленскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 452.
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 212Г000617 |