Паўночнае мора
Паўночнае мора | |
Мапа Паўночнага мора | |
Месцазнаходжаньне | Эўропа |
---|---|
Тып вадаёма | Мора |
Этымалёгія | поўнач, захад і германцы |
Асноўныя рэкі | Эльба, Вэзэр, Эмс, Райн, Маас, Шэльда, Спэй, Дон, Дзі, Тэй, Тайн, Тэмза |
Краіны вадазбору | |
Найб. працягласьць | 960 км |
Найб. шырыня | 580 км |
Плошча паверхні | 570000 км² |
Сяр. глыбіня | 95 м |
Найб. глыбіня | 700 м |
Аб’ём вады | 54000 км³ |
Салонасьць | 3,4–3,5 ‰ |
Вышыня над узроўнем мора | 0 м |
Найб. тэмпэратура | 17 °C |
Найм. тэмпэратура | 6 °C |
Населеныя пункты | Ратэрдам, Лёндан, Антвэрпэн, Гамбург, Эдынбург, Бэрген, Осьлё |
Паўно́чнае мо́ра — мора якое амывае Эўропу на поўначы, зьяўляецца часткай Атлянтычнага акіяна. Паўночнае мора знаходзіцца паміж берагамі Даніі, Швэцыі і Нарвэгіі на ўсходзе, Вялікабрытаніі на захадзе, і Нямеччыны, Бэльгіі, Нідэрляндаў і Францыі на поўдні. З Балтыйскім морам Паўночнае злучаецца пралівамі Катэгат, Сунд, Вялікі Бэлт і Малы Бэлт. Мора спрадвеку зьяўляецца месцам праляганьня важных эўрапейскіх марскіх шляхоў, а таксама месцам буйнога рыбнага промыслу. Мора зьяўляецца папулярным месцам адпачынку і турызму ў краінах, разьмешчаных ля яго, і ў апошні час ператварылася ў багатую крыніцу энэргетычных рэсурсаў, як то выкапнёвага паліва з дна мора, а таксама энэргіі ветру і хваляў.
На дне Паўночнага мора знаходзіцца кратэр Сылвэрпіт. Існуе гіпотэза, згодна зь якой ён утварыўся ў выніку падзеньня на Зямлю 65 млн гадоў таму фрагмэнта той самай камэты, галоўная частка якой утварыла кратэр Чыксулуб. Гэта катастрофа магла быць прычынай выміраньня дыназаўраў у крэйдавым пэрыядзе. Хвалі цунамі якія ўзьніклі пад час выбуху ў кратэры Сілвэрпіт, павінны былі затапіць усё ўзьбярэжжа Паўночнага мора.
Гістарычна склалася, што Паўночнае мора займае бачнае месца ў геапалітычных і вайсковых справах, асабліва ў Паўночнай Эўропе. Таксама мора мела важнае сусьветнае значэньне, бо паўночныя эўрапейцы вандравалі праз мора амаль па ўсім сьвеце на працягу большай часткі гісторыі Сярэднявечча і ў сучасную эпоху. Мора было цэнтрам уздыму вікінгаў, а пасьля іхнага зыходу, Ганзейскі зьвяз, Нідэрлянды і ангельцы імкнуліся дамінаваць у Паўночным моры, і, такім чынам, атрымаць доступ да рынкаў і рэсурсаў сьвету. Стратэгічна важнае месца мора займала і падчас абедзьвюх сусьветных войнаў.
Узьбярэжжа Паўночнага мора ўяўляе сабой разнастайнасьць геалягічных і геаграфічных асаблівасьцяў. На поўначы маюцца глыбокія ф’ёрды і стромыя скалы ля нарвэскага і шатляндзкага ўзьбярэжжаў, у той час як на поўдні берагавая лінія ў асноўным прадстаўляе зь сябе пясковыя пляжы. У сувязі з высокай шчыльнасьцю насельніцтва, цяжкай прамысловасьцю і інтэнсіўнага выкарыстаньня мора і вобласьці вакол яго маюцца шэраг экалягічных праблемаў, якія закранаюць экасыстэмы мора. Да шэрагу экалягічных праблемаў ставяцца празьмерны вылаў рыбы, прамысловы і сельскагаспадарчы сьцёк, працы па бурэньню марскога дна. У моры здабываюць газ, нафта, каменны вугаль, якімі багатае марское дно.