Літаратурныя жанры
Літарату́рныя жа́нры (па-француску: genre, ад лац. genus — «род, від») — устойлівыя разнавіднасьці літаратурных твораў, што склаліся ў працэсе гістарычнага разьвіцьця літаратуры. Нярэдка ў гэтым значэньні ўжываецца паняцьце літаратурны від. У аснове кожнага жанру ляжыць пэўны характар адлюстраваньня жыцьця, які выяўляецца ў адпаведнай форме твораў.
Кожны з трох асноўных родаў (эпас, лірыка, драма) мае свае жанры. Напрыклад:
- эпічны род — раман, аповесьць, апавяданьне, навэля;
- лірычны род — песьня, гімн, эпіграма, дыфірамб, ода, эпітафія, раманс;
- драматычны род — трагедыя, камэдыя, драма.
Характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эпічныя жанры адрозьніваюцца адзін ад аднаго ступеньню складанасьці жыцьцёвага матэрыялу, працягласьцю адлюстраваньня часу дзеяньня, шырынёй ахопу зьяў рэчаіснасьці, лірычныя — асаблівасьцямі адлюстраваных у іх перажываньняў, пачуцьцяў, драматычныя — характарам жыцьцёвага матэрыялу й адносін аўтара да гэтага матэрыялу.
Існуюць таксама «зьмешаныя» жанры, у якіх спалучаны прыкметы розных родаў, напрыклад, ліра-эпічныя жанры (паэма, баляда). Многія жанры маюць у сабе элемэнты розных родаў (у рамане можа прысутнічаць лірычны або драматычны элемэнт, у драме — эпічны й гэтак далей).
Пры характарыстыцы мастацкіх твораў вызначэньне жанру можа быць недастатковым, таму акрамя паняцьця «жанр» ужываецца й тэрмін «жанравая форма», які выяўляе больш прыватныя асаблівасьці твора. Так, жанр раману можа мець разнавіднасьці: філязофскі, гістарычны, прыгодніцкі, дэтэктыўны й іншыя.
Жанравая сыстэма беларускай літаратуры такая, як і ў іншых эўрапейскіх літаратурах. Аднак некаторыя жанры, выкліканыя спэцыфічнымі ўмовамі яе разьвіцьця, ужо зьніклі (напрыклад, гутаркі), зьявіліся новыя (драматычная паэма).
Табліца жанраў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторыя жанры паводле родаў | ||
---|---|---|
Лірыка | Драма | Эпас |
лірычны верш | трагедыя | байка |
песьня | камэдыя | легенда |
элегія | драма | гісторыя |
эпіграма | вадэвіль | раман |
эпітафія | фарс | навэля |
мастацкая памяць | ||
казка |
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1998 Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. Жанр.