Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў (Слонім)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў
| |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў, аўтэнтычны выгляд
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Слонім |
Каардынаты | 53°05′30.37″ пн. ш. 25°19′13.98″ у. д. / 53.0917694° пн. ш. 25.32055° у. д.Каардынаты: 53°05′30.37″ пн. ш. 25°19′13.98″ у. д. / 53.0917694° пн. ш. 25.32055° у. д. |
Канфэсія | Беларускі экзархат |
Эпархія | Наваградзкая япархія[d] |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Статус | Ахоўная зона |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Слоніме. Знаходзіцца ў цэнтры места, на левым беразе ракі Шчары, на гістарычнай Бэрнардынскай вуліцы[a]. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс Слонімскага мужчынскага бэрнардынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з брамай. Па апошняй вайне савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму. У наш час у будынку касьцёла дзее сабор Сьвятой Тройцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, у кляштарным корпусе месьціцца інтэрнат Слонімскай мэдычнай вучэльні.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1630 годзе ў Слоніме з фундацыі Андрэя і Кацярыны Радванаў заклалі драўляны касьцёл пры кляштары бэрнардынаў[1]. На яго месцы ў 1639—1645 гадох збудавалі мураваную сьвятыню, асьвечаную ў 1671 годзе. У 1668 і 1750 гадох да апсыды касьцёла прыбудавалі дзьве бакавыя капліцы. У 1749 годзе замест драўлянага збудавалі мураваны кляштарны корпус (захаваўся надпіс «1749» на кутнім камені падмурка).
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Слонім апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў. У 1867 годзе касьцёл перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), кляштар рэканструявалі пад духоўную вучэльню. У пачатку XX ст. паводле праекту архітэктара В. Ганэнбэрга кляштар прыстасавалі пад адміністрацыйную ўстанову.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл рыма-каталікам і адрэстаўравалі яго. Кляштарны корпус выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак.
Па далучэньні Слоніма да БССР (1939 год) савецкія ўлады перадалі касьцёл Маскоўскага патрыярхату. У Другую сусьветную вайну згарэў галоўны купал-баня. Пазьней савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму, помнік архітэктуры віленскага барока.
У 2012 годзе ў мас-мэдыя шырока асьвятлалася аднаўленьне аўтэнтычнага купала-бані. Аднак 27 кастрычніка 2015 году мясцовы бацюшка Дзьмітры Сёмуха замяніў адноўлены купал на пазалочаную цыбуліну вялікага памеру, якая зьнявечыла гістарычнае аблічча помніка архітэктуры[2]. Таго ж году кіраўнік Беларускага экзархату Павал (Панамароў) уручыў Дзьмітрыю Сёмуху царкоўны ордэн[3].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры барока. Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з брамай.
Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з выцягнутым прэзьбітэрыюмам, закрысьціямі і паўкруглай алтарнай апсыдай. Пры ўваходзе ўзвышаецца 3-ярусная вежа-званіца (першы ярус квадратны ў пляне, умацаваны контрфорсамі, два верхнія — 8-гранныя, аздобленыя пілястрамі), якая завяршалася купалам-баняй. Да апсыды далучаюцца дзьве бакавыя квадратныя ў пляне капліцы, якія таксама мелі завяршэньні ў выглядзе купалоў-баняў. Сьцены касьцёла ўмацоўваюцца контрфорсамі і праразаюцца вялікімі вокнамі з паўцыркульнымі завяршэньнямі. Уваходны партал упрыгожваецца ордэрнымі элемэнтамі: паўкалёнамі, спрошчаным антаблемэнтам і архівольтамі. Унутры нэф пераходзіць у больш вузкі прэзьбітэрыюм, які выдзяляецца алтарнай перагародкай, завяршаецца паўкружжам апсыды і перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі і конхай у алтарнай частцы. Прасьценкі ўмацоўваюцца слупамі-пілястрамі, аб’яднанымі з вонкавымі контрфорсамі ў адзіны канструкцыйны элемэнт, які падтрымлівае распор скляпеньняў. Верхняя частка скляпеньняў упрыгожваецца ляпным геамэтрычным дэкорам. З заходняга боку нэфа на 3-пралётнай аркадзе і крыжовых скляпеньнях узвышаюцца хоры, агароджаныя фігурным увагнута-пукатым парапэтам.
Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаецца з паўднёвага боку да апсыды касьцёла і ўтварае прастакутны ўнутраны двор, раскрыты ў паўднёвы бок. Манумэнтальны масіўны будынак накрываецца вальмавым дахам з плястычным выгінам над карнізам. Роўнічныя сьцены ляканічна падзяляюцца адзінарнымі прасьценкавымі і парнымі кутнімі пілястрамі, апярэзваюцца карнізам нескладанага профілю і цягай. Плян будынка галерэйны. У калідорах і памяшканьнях захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпеньні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая заля, перакрытая цыліндрычным скляпеньнем з люнэтамі.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
З мапы XVIII ст.
-
З мапы XVIII ст.
-
Плян, 1805 г.
-
Плян, 1805 г.
-
Плян, 1805 г.
-
Плян, 1805 г.
-
Плян, 1805 г.
-
Плян, 1805 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1915 г.
-
1916 г.
-
1915—1918 гг.
-
1915—1918 гг.
-
А. Віслоцкі, 1923 г.
-
А. Віслоцкі, 1925 г.
-
Ч. Ясьман, 1925 г.
-
Я. Булгак, 1930 г.
-
В. Пікель, 1931 г.
-
1933 г.
-
1930-я гг.
-
1930-я гг.
-
1933 г.
-
да 1939 гг.
-
1939 г.
-
1939 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
З боку гістарычнага Рынку
-
Галоўны фасад
-
Бакавы фасад
-
З боку гістарычнай Бэрнардынскай вуліцы
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Васі Крайняга, 23
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 444.
- ^ Швядовіч У., Бугай М. На праваслаўным саборы ў Слоніме купал у беларускім стылі замянілі на залатую цыбуліну // Наша Ніва. 1 лістапада 2015 г.
- ^ Да Расейскай імпэрыі «цыбулін» на цэрквах у Беларусі не было, золатам купалы не пакрывалі, — экспэрт, Радыё Свабода, 9 лістапада 2015 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000496 |