Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў (Слонім)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў, аўтэнтычны выгляд
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў, аўтэнтычны выгляд
Краіна Беларусь
Места Слонім
Каардынаты 53°05′30.37″ пн. ш. 25°19′13.98″ у. д. / 53.0917694° пн. ш. 25.32055° у. д. / 53.0917694; 25.32055Каардынаты: 53°05′30.37″ пн. ш. 25°19′13.98″ у. д. / 53.0917694° пн. ш. 25.32055° у. д. / 53.0917694; 25.32055
Архітэктурны стыль барока
Дата заснаваньня XVII ст.
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў на мапе Беларусі
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў
Commons-logo.svg Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры XVII ст. у Слоніме. Знаходзіцца на гістарычнай Бэрнардынскай вуліцы2, на левым беразе ракі Шчары. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату, па апошняй вайне савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму. Твор архітэктуры барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

У наш час у будынку касьцёла месьціцца сабор Сьвятой Тройцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, у кляштарным корпусе — інтэрнат Слонімскай мэдычнай вучэльні.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар з мапы XVIII ст.

У 1630 годзе ў Слоніме з фундацыі Андрэя і Кацярыны Радванаў заклалі драўляны касьцёл пры кляштары бэрнардынаў[1]. На яго месцы ў 1639—1645 гадох збудавалі мураваную сьвятыню, асьвечаную ў 1671 годзе. У 1668 і 1750 гадох да апсыды касьцёла прыбудавалі дзьве бакавыя капліцы. У 1749 годзе замест драўлянага збудавалі мураваны кляштарны корпус (захаваўся надпіс «1749» на кутнім камені падмурка).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар і гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў. У 1867 годзе касьцёл перарабілі пад царкву Маскоўскага патрыярхату, кляштар рэканструяравалі пад духоўную вучэльню. У пачатку XX ст. паводле праекту архітэктара В. Ганэнбэрга кляштар прыстасавалі пад адміністрацыйную ўстанову.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл рыма-каталікам і адрэстаўравалі яго. Кляштарны корпус выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак.

Па далучэньні Слоніма да БССР (1939 год) касьцёл зноў перайшоў да Маскоўскага патрыярхату. У Другую сусьветную вайну згарэў галоўны купал-баня. Пазьней савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму, помнік архітэктуры віленскага барока.

У 2012 годзе ў мас-мэдыя шырока асьвятлалася аднаўленьне аўтэнтычнага купала-бані. Аднак 27 кастрычніка 2015 году мясцовы бацюшка Дзьмітры Сёмуха замяніў адноўлены купал на пазалочаную цыбуліну вялікага памеру, якая зьнявечыла гістарычнае аблічча помніка архітэктуры[2]. Таго ж году кіраўнік Беларускага экзархату Павал (Панамароў) уручыў Дзьмітрыю Сёмуху царкоўны ордэн [3].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар. В. Сьлюнчанка, 1975 г.

Помнік архітэктуры барока. Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з брамай.

Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з выцягнутым прэзьбітэрыюмам, закрысьціямі і паўкруглай алтарнай апсыдай. Пры ўваходзе ўзвышаецца 3-ярусная вежа-званіца (першы ярус квадратны ў пляне, умацаваны контрфорсамі, два верхнія — 8-гранныя, аздобленыя пілястрамі), якая завяршалася купалам-баняй. Да апсыды далучаюцца дзьве бакавыя квадратныя ў пляне капліцы, якія таксама мелі завяршэньні ў выглядзе купалоў-баняў. Сьцены касьцёла ўмацоўваюцца контрфорсамі і праразаюцца вялікімі вокнамі з паўцыркульнымі завяршэньнямі. Уваходны партал упрыгожваецца ордэрнымі элемэнтамі: паўкалёнамі, спрошчаным антаблемэнтам і архівольтамі. Унутры нэф пераходзіць у больш вузкі прэзьбітэрыюм, які выдзяляецца алтарнай перагародкай, завяршаецца паўкружжам апсыды і перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі і конхай у алтарнай частцы. Прасьценкі ўмацоўваюцца слупамі-пілястрамі, аб’яднанымі з вонкавымі контрфорсамі ў адзіны канструкцыйны элемэнт, які падтрымлівае распор скляпеньняў. Верхняя частка скляпеньняў упрыгожваецца ляпным геамэтрычным дэкорам. З заходняга боку нэфа на 3-пралётнай аркадзе і крыжовых скляпеньнях узвышаюцца хоры, агароджаныя фігурным увагнута-пукатым парапэтам.

Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаецца з паўднёвага боку да апсыды касьцёла і ўтварае прастакутны ўнутраны двор, раскрыты ў паўднёвы бок. Манумэнтальны масіўны будынак накрываецца вальмавым дахам з плястычным выгінам над карнізам. Роўнічныя сьцены ляканічна падзяляюцца адзінарнымі прасьценкавымі і парнымі кутнімі пілястрамі, апярэзваюцца карнізам нескладанага профілю і цягай. Плян будынка галерэйны. У калідорах і памяшканьнях захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпеньні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая заля, перакрытая цыліндрычным скляпеньнем з люнэтамі.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кулагін А. Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 444.
  2. ^ Швядовіч У., Бугай М. На праваслаўным саборы ў Слоніме купал у беларускім стылі замянілі на залатую цыбуліну // «Наша Ніва», 1 лістапада 2015.
  3. ^ Да Расейскай імпэрыі «цыбулін» на цэрквах у Беларусі не было, золатам купалы не пакрывалі, — экспэрт, Радыё Свабода, 9 лістапада 2015 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000496

Commons-logo.svg Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў (Слонім)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў