Перайсьці да зьместу

Даніла Раманавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Даніла Раманавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1201 або 1204
Памёр: 1264
Сужэнец: Ганна Мсьціслаўна[d] і жонка Данілы Раманавіча[d]
Дзеці: Шварн, Іраклій Данілавіч[d], Раман Данілавіч[d], Мсьціслаў Данілавіч[d], Пераяслава Данілаўна[d], Sofie von Schwarzburg-Blankenburg[d], Леў Данілавіч, Ustinia Danilovna[d] і Кунігунда Славонская[d]
Бацька: Раман Мсьціславіч
Маці: Раманава[d]

Дані́ла Рама́навіч Га́ліцкі (па-ўкраінску: Данило Галицький; 1201, па іншых дадзеных 1204[1] — 1264) — князь галіцкі (1205—1206, 1211—1212, 1229—1231, 1233—1235, 1238—1264), валынскі (1215—1231), вялікі князь кіеўскі (1240), першы кароль Русі (1254—1264), палітычны дзеяч, дыплямат і военачальнік. Пасьля доўгай і напружанай барацьбы аднавіў і адбудаваў Галіцка-Валынскую дзяржаву, створаную яго бацькам. З пераменным посьпехам адбіваў мангольскую экспансію, адначасова нэўтралізуючы ваенныя спробы заходніх суседзяў умешвацца ва ўнутраныя справы яго дзяржавы.

Сын Рамана Мсьціслававіча. У Данілы быў брат Васілька.

З 1211 княжыў у Галіцкім княстве у 1212 выгнаны. Першая жонка — Ганна Мсьціслаўна, дачка Мсьціслава Ўдалага. У гэтым шлюбе нарадзіліся сыны Іраклій, Леў, Раман, Мсьціслаў, Шварн[2]. З 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў абьяднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключыны Бярэсьце, Кобрын, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татараў на рацэ Калка, быў паранены. Разьбіў войска Тэўтонскага ордэна ў Драгічынскай бітве (1237 ці 1238). У 1238 годзе канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам, стаў вялікім князем кіеўскім.

Спрыяў разьвіцьцю гарадоў, прыцягваючы туды рамесьнікаў і купцоў. Пры ім былі пабудаваны Холм, Львоў, Крэменец, Данілаў (не захаваўся), Стажок (зараз сяло ў Тарнопальскай вобласьці), быў абноўлены Драгічын. Перанёс сталіцу Галіцка-Валынскага княства з Галіча ў Холм.

Ваяваў супраць Польшчы і Вугоршчыны (1245), літоўскіх князёў, прымусіў яцьвягаў плаціць даніну. Канфліктаваў з літоўскімі князямі Міндоўгам і Войшалкам. Сын Данілы Раманавіча Шварн быў жанаты з дачкой Міндоўга, а другі сын — Раман — атрымаў ад Міндоўга Наваградзкае, Ваўкавыскае і Слонімскае княствы.

Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татараў, у 1254 прыняў ад рымскага папы каралеўскую карону (каранаваўся ў Драгічыне). Выступаў супраць пашырэньня каталіцтва. У 1259 быў вымушаны прызнаць залежнасьць ад манголаў і ў 1260—1261 гадах па іх загадзе зьнішчыць некаторыя гарадзкія ўмацаваньні ў княстве.

Пэрыяд яго княжаньня быў часам найбольшага эканамічна-культурнага ўздыму і палітычнага ўзмацненьня Галіцка-Валынскай дзяржавы. Мяжа княства праходзіла па Карпатах, Дняпры і Дунаі, пры ім яно стала адной з найбуйнейшых дзяржаў у Эўропе.

  1. ^ Толочко А. П. Известен ли год рождения Даниила Романовича Галицкого? // Средневековая Русь. — М.: 2007. — В. 7.
  2. ^ Ужанков А. Н. (1990) Жизнеописание Даниила Галицкого / сб. ПРОМЕТЕЙ. т.16, Тысячелетие русской книжности, М. Молодая гвардия (рас.)