Перайсьці да зьместу

Вячаслаў Багдановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вячаслаў Багдановіч
лац. Viačasłaŭ Bahdanovič
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 26 верасьня 1878(1878-09-26)
Памёр: 1939
Партыя:
Дзеці: Глеб Багдановіч[d]
Бацька: Васіль Багдановіч[d]
Адукацыя:

Вячаслаў Багдановіч (пс.: Васілевіч, Віцяблянін, Вячаслаў Сьвятагор; 1878, м. Дзісна (ці Лепельскі павет ?), Віленская губэрня — пасьля 30 верасьня 1939, Вялейка ?) — беларускі рэлігійны і грамадзка-палітычны дзяяч, праваслаўны багаслоў, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху ў Заходняй Беларусі, пэдагог, сэнатар польскага парлямэнту 1922 і 1928 гадоў скліканьня.

Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага сьвятара Васілія Багдановіча. Брат пэдагогаў Анатоля і Генадзя Багдановічаў.

Скончыў Віцебскую духоўную сэмінарыю. У 1903 годзе скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. З 6 лістапада 1903 году — выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай сэмінарыі. З 18 траўня 1907 году працаваў у Менску на пасадзе інспэктара ў мясцовай праваслаўнай сэмінарыі. З восені таго ж году — інспэктар Літоўскай духоўнай сэмінарыі. У 1911—1913 гадах — захавальнік Літоўскага япархіяльнага сховішча старажытных каштоўнасьцяў. Дэлегат Вялікага царкоўнага сабору ў Маскве ў 1917—1918 гадах.

Удзельнік Першага Беларускага Зьезду, які праходзіў у Маскве ў днях 24—27 верасьня 1917 году[1].

Напачатку 1920-х гадоў выконваў абавязкі рэктара духоўнай праваслаўнай сэмінарыі. Сакратар Літоўскай япархіяльнай рады ў 1921 годзе. Адказны рэдактар «Литовских Епархиальных Ведомостей» з 1919 да 20 кастрычніка 1922 году, калі пастановай Віленскай духоўнай кансысторыі выданьне было зачынена.

У кастрычніку 1922 году арыштаваны польскімі ўладамі з архіяпіскапам Літоўскім і Віленскім Елеўферыем (Богаяўленскім) і вывезены ў Кракаў. Мітрапалітам Дзіянісіем адлучаны ад Польскай аўтакефальнай царквы.

Зь верасьня 1921 году — сябра Таварыства беларускай школы. Выкладчык Закону Божага ў Віленскай беларускай гімназіі[2]. У 1922 годзе абраны ў Сэнат Польскай Рэспублікі ад Блёку нацыянальных меншасьцяў. Сябра Беларускага пасольскага клюбу.

У 1920—1930-я гады — сябра Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК) у Вільні, да 28 ліпеня 1933 году — старшыня царкоўнай Праваслаўнай камісіі пры БНК. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага банку[3][4].

Выступаў супраць аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў Польшчы. Сябра Духоўнай праваслаўнай кансысторыі і япархіяльнай рады. Выкладаў у жаночай япархіяльнай навучальні і Віленскай расейскай гімназіі.

У 1927—1930 гады быў кіраўніком грамадзка-рэлігійнай арганізацыі «Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне» ў Вільні. Адзін з галоўных выдаўцоў і аўтараў часопісу «Праваслаўная Беларусь», які выходзіў у Вільні ў 1927—1928 гадах[5].

У 1927 годзе падчас выступу ў Сэнаце Багдановіч пытаў: «Хто адкінуў народ ад царквоў, закрываючы іх цэлымі сотнямі, хто забараняў пры цэрквах вучыць нашых дзяцей асновам веры і царкоўнаму сьпеву, хто вывозіў з Польшчы шчырых, любімых народам архіпастыраў і нашую царкоўную інтэлігенцыю, якая магла б мець хрысціянскі ўплыў на людзей?»[5]

Са сьвятаром Лукашом Голадам арганізаваў у Вільні адзіны ва ўсёй Польшчы праваслаўны прыход, які падпарадкоўваўся патрыярху Ціхану і служыў у ім псаломшчыкам у 1924—1936 гадах да закрыцьця і апячатваньня храму.

Да сярэдзіны 1930-х гадоў зьвязаны зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй. Падтрымліваў кантакты зь беларускімі каталіцкімі дзеячамі і з суполкай віленскіх марыявітаў.

Аўтар музыкі да некалькіх рамансаў на словы А. Пшчолкі. Паводле зьвестак Адольфа Клімовіча, у 1920-я Багдановічу прыпісвалася аўтарства рамансу «Зорка Вэнэра» на словы Максіма Багдановіча.

У 1939 годзе арыштаваны польскай дэфэнзівай як супраціўнік аўтакефаліі. Зь Віленскай вязьніцы пераведзены ў вязьніцу ў Бярозе-Картускай. Вызвалены пасьля 17 верасьня 1939 году. Перабраўся ў Вільню.

З прыходам у Вільню Чырвонай арміі арыштаваны 30 верасьня 1939 году. Паводле іншых крыніц, арыштаваны 17 кастрычніка 1939 году, вывезены зь Вільні 23 кастрычніка 1939 году[6]. Далейшы лёс невядомы. Па заяве пракуратуры СССР сярод асуджаных не значыцца. З прыватных сьведчаньнях, расстраляны НКУС ў Вілейскай вязьніцы неўзабаве пасьля арышту.

Меў сына — беларускага вайсковага дзеяча, доктара Глеба Багдановіча.

  1. ^ Дарафей Фёнік. Pierszy woj z Knarozau // Przegląd Prawosławny № 3 (201), сакавік 2002, Беласток
  2. ^ Лідзія Кулажанка. Праваслаўная багаслоўская адукацыя ў міжваеннай Польшчы // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne №20
  3. ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А.С. ГОРНЫ, А.Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
  4. ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
  5. ^ а б Дарафей Фёнік. Pra lios Uwaskrenskaha saboru u Biełastoku(недаступная спасылка) // Przegląd Prawosławny № 8 (206) 2002, Беласток
  6. ^ Goniec Codzienny, Nr. 33, 27.08.1941