Перайсьці да зьместу

Аляксандар Рыпінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Рыпінскі
лац. Alaksandar Rypinski
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 10 верасьня 1809
в. Кукавячына, Віцебскі павет Расейскай імпэрыі
Памёр каля 1900
маёнтак Страганы
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, фальклярыст, кнігавыдавец, графік
Мова польская мова
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Рыпінскі.

Алякса́ндар Фэ́ліксавіч Рыпі́нскі (польск. Alexander Rypiński; 10 верасьня 1809[1], в. Кукавячына, Віцебскі павет (цяпер — Віцебскі раён) — каля 1900, маёнтак Страганы, цяпер — Лёзьненскі раён) — польскі і беларускі этнограф, фальклярыст, паэт, пэдагог, гісторык, мастак-графік, друкар і выдавец; удзельнік паўстаньня 1830—1831 гг.

Нарадзіўся ў в. Кукавячына (Віцебскі раён) у шляхецкай сям’і. Скончыў Віцебскую гімназію. У часе вучобы аднаго разу сустрэўся з Тамашам Занам, калі той прыязджаў у гімназію ў якасьці сакратара[1]. Яшчэ ў юнацкім узросьце пачаў весьці фальклёрныя запісы. У 1827 пераклаў баляду А. Пушкіна «Русалка»[2].

Па сканчэньні адукацыі бацькі аддалі яго на вайсковую службу. 29 сьнежня 1828 уступіў у расейскае войска (Рэвельскі пяхотны полк), а праз два тыдні — 15 студзеня 1829 быў залічаны ў школу падхарунжых (прапаршчыкаў) у Дынабургу (цяпер — Даўгаўпілс, Латвія). Тут пазнаёміўся зь дзекабрыстам Вільгельмам Кюхэльбэкерам, які адбываў пакараньне ў Дынабурскай фартэцыі.

Лістападаўскае паўстаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
А. Рыпінскі (зьлева) з таварышамі па Дынабурскай школе падхарунжых, удзельнікамі паўстаньня 1831 г.

З пачаткам Лістападаўскага паўстаньня ўвесну 1831 быў мабілізаваны ў расейскую армію генэрала Дыбіча[3]. Даведаўшыся, што на Віленшчыне ўзбройваецца тамтэйшая шляхта, А. Рыпінскі і яго сябры вырашылі супольна ўзьняць паўстаньне на Дзісеншчыне. У якасьці эмісара-агітатара выехаў у Запусты, дзе разам з двума Плятарамі сустрэўся ў Курляндыі з Эміліяй Плятэр, што вярталася ад сваякоў з Інфлянтаў у Літву. Яна паабяцала накіраваць людзей на Дынабург, а Рыпінскі разам зь сябрамі, у сваю чаргу, паабяцалі здаць крэпасьць[1]. Зрэшты, 10 красавіка быў атрыманы загад кіравацца ў армію Дыбіча па маршруце Дзісна — Вілейка — Вільня, аднак у дарозе прыходзіць вестка, што пачалося паўстаньне ў Вілейцы, і калёна спыняецца ў Дзісьне. Адсюль, у суботу 23 красавіка А. Рыпінскі разам зь іншымі падхарунжымі пакідаюць царскае войска і далучаюцца да паўстанцаў у мястэчку Лужкі. У паўстанцкім войску атрымаў чын начальніка першага аддзелу трэцяга батальёна[1]. 7 траўня разам з войскам апынуўся ў Германавічах. Пасьля ўзяцьця Дзісны залічваецца падпаручыкам у 7 лінейны пяхотны полк корпуса А. Гелгуда. 19 чэрвеня 1831 полк разгромліваецца царкім войскам пад Вільняю і мусіць адступаць да прускай мяжы, якую А. Рыпінскі перасёк 13 ліпеня і здаў зброю. Паводле рашэньня Менскай губэрнскай сьледчай камісіі А. Рыпінскі залічваецца да злачынцаў другой катэгорыі (да 20 гадоў катаржных работ)[1], аднак прускія ўлады пад ціскам сваіх грамадзянаў, якія горача віталі польскіх паўстанцаў, дазваляюць уцекачам накіравацца ў Францыю.

Разьвітваючыся з радзімаю, А. Рыпінскі стварае верш «Do Ziemi Polskiej, na odjezdne, 1832 roku», пазначаючы месца напісаньня («На апошняй мяжы Княства Пазнанскага, каля Мальборга, у дарозе да Францыі») і дату («у першы дзень Новага 1832 году»)[1].

У студзені 1832 А. Рыпінскі ў складзе адной з калёнаў трапляе ў Авіньён. Тут актыўна ўдзельнічае ў жыцьці эміграцыі. Падпісваецца на першае польскамоўнае выданьне эмігрантаў — «Pamiętnik Emigracji Polskiej». Распачынае працу над успамінамі пра Лістападаўскае паўстаньне, якія па заканчэньні ўяўлялі сабой сем сшыткаў рукапіснага тэксту. Язэп Янушкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што адзін з сшыткаў успамінаў падпісаны: «Аляксандар Рыпінскі, беларус» (Avignon, dnia 1-ho siepnia 1832 r. Alexander Rypiński, Białorusin)[4]. 16 траўня 1833 накіроўваецца на чале з палкоўнікам Ф. Брэанскім у горад Герэ, адкуль у ліпені пераяжджае ў Парыж. 7 ліпеня 1833 становіцца сябрам «Таварыства літоўскага і рускіх зямель». У 1838 далучаецца да «Супольнасьці польскай эміграцыі Я. Лялевеля», затым — да «Польскага літаратурнага таварыства».

На пасяджэньні 23 лістапада 1838 выступае з тэмай «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, сьпевы, танцы, etc», якая выклікала надзвычай станоўчыя водгукі. Пазьней А. Рыпінскі ўспамінаў:

« І ледзь толькі я закончыў чытаць, як пачалі мяне з усіх бакоў абдымаць, дзякаваць, хваліць! Бо прадмет быў новы. Аднак я меркаваў, што гэта была толькі прыхільная ветлівасьць калегаў - звычайны камплемэнт, што за сьцены дому ня выйдзе і закончыцца разам са сконам узбуджанага гвалтоўна пачуцьця. Але калі праз тыдзень, празь месяц і яшчэ пазьней нязьменна мне пра тое казалі… калі ў пратаколе, на чытаньні якога я ня быў, прызнала мне нават кіраўніцтва ўсе гэтыя пахвалы, дык міжвольна я і сам сваёю працаю і, асьмелены такім ласкавым першапачатковым яе прыняцьцем, вырашыў наколькі можна дпоўніць і надрукаваць яе для землякоў, для Польшчы[5]. »

За лічаныя дні ён у тры разы павялічвае аб’ём сваёй працы і напачатку 1840 выдае сваім коштам у друкарні Ю. Марыльскага. Паводле М. Хаўстовіча, А. Рыпінскі быў адным зь першых, хто спрычыніўся дзеля разьвіцьця беларускай пісьмовай сыстэмы і замацаваў фанэтычны прынцып у беларускім пісьменстве[1].

А. Рыпінскі ўпершыню ў гісторыі беларускай фальклярыстыкі паспрабаваў сыстэматызаваць вядомыя яму творы вуснае народнае творчасьці беларусаў па жанрах і тэматыцы. Ён вылучыў рэлігійныя, вясельныя, хаўтурныя, гістарычныя, працоўныя, лірычныя, дзіцячыя і танцавальныя песьні. Напрыканцы кніжкі зьмешчаны апісаньні скокаў, гуляньняў і забаваў, а таксама невялікая колькасьць прымавак і прыказак. Апрача таго ён апублікаваў народныя рэлігійныя песьні кніжнага паходжаньня («Стары Восіп барадаты», «О мой Божа, веру табе»), макаранічныя беларуска-польскія вершы, гістарычную песьню пра рыцара Байду, урывак з паэмы Я. Баршчэўскага[1].

Выкарыстаньне А. Рыпінскім літары «ŭ»
Урывак зь верша П. Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы…», выдадзенага ў друкарні А. Рыпінскага (1853). Паэт адным зь першых выкарыстоўвае літару «ŭ» для адпаведнага беларускага гуку
Прадмова да лёнданскага выданьня баляды «Нячысьцік» (1854) А. Рыпінскага. Паэт тлумачыць чытачам сутнасьць новае графэмы «ŭ»: «У з кароткім знакам, г.зн. з паўколам наверсе — зьліваецца з папярэднім галосным гукам, як у словах: аўтар, Эўропа»

З 1846 у Лёндане выкладаў мовы, матэматыку, маляваньне, займаўся выдавецкай дзейнасьцю і творчасьцю (у Тотэнгэмскім музэі дагэтуль захоўваюцца гравюры зь ягоных карцінаў). У 1850-х стаўся адным з пасьпяховых піянэраў камэрцыйнай фатаграфіі ў Заходняй Эўропе. У 1852 разам з І. Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, дзе выдаваў свае кнігі на польскай з уласнымі ілюстрацыямі: «Прарок» (1851), «Паэзія» (польск. Poezyje, 1853), «Сержант-філёзаф…» (1853) і інш. Таксама апублікаваў беларускую баляду «Нячысьцік» (польск. Nieczyści, ballada białoruska, 1853). У друкарні Рыпінскага таксама пабачыў сьвет хрэстаматыйны верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы…».

«Аляксандар Рыпінскі, — паведамляла ў 1866 „Усеагульная энцыкляпэдыя“ С. Аргельбранда, — сучасны беларускі вершаскладальнік (wierszopis), які жыве ў Ангельшчыне»[1].

Рыпінскі быў першым аўтарам і выдаўцом, хто ўвёў ва ўжытак літару Ŭ — «у нескладовае» у лацінскім альфабэце — у беларускіх тэкстах у 1853-54 гг.[6][7]

Пасьля царскай амністыі ў 1859 вярнуўся на радзіму. Пад наглядам паліцыі жыў у в. Кукавячына, пазьней у маёнтку Страганы (цяпер — Лёзьненскі раён). Працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры. Памёр каля 1900 у маёнтку Страганы.

У архіве Рыпінскага захаваўся раньні рукапіс паэмы «Тарас на Парнасе» з указаньнем аўтарства Канстанціна Вераніцына, а таксама шэраг іншых тэкстаў (у тым ліку другая паэма Вераніцына «Два д'яўлы»).

Свой першы верш «Najpierwszy wierszyk» А. Рыпінскі напісаў у 1826, які пазьней уключыў у падрыхтаваны ім, але ня выдадзены зборнік «Poezije ulotne» (1883). З школьных часоў паходзіць і верш «Okrutna władza wdzięków, a ukarane nieposłuszeństwo. Narzekanka» («Бязьлітасная ўлада абаяльнасьці, ці Пакараная непаслухмянасьць. Скарга»), якім паэт распачаў зборнік «Poezyje» (1853).

  • Rypiński A. Białoruś. Kilka słów o poezji prostego ludu tej naszej polskiej prowincji, o jego muzyce, śpiewach, tancach etc. (Парыж, 1840)
  • «Нячысьцік» (Лёндан, 1853)
  • «Poezje ulotne» — нявыдадзеная кніга вершаў. Захаваўся рукапіс, падрыхтаваны ў 1883.
  1. ^ а б в г д е ё ж з Хаўстовіч, М. Аляксандр Рыпінскі - знаёмы і незнаёмы // ARCHE Пачатак. — 2009. — № 5.
  2. ^ Штэйнер, І. Балада «Нячысцік» Аляксандра Рыпінскага // Роднае слова. — Мн.: 2011. — № 10. — С. 3.
  3. ^ Літаратура Беларусі: Хрэстаматыя, Мінск. 2000, с. 257
  4. ^ Янушкевіч, Я. Дынабург—Парыж—Лондан—Кукавячын, або яшчэ адзін Жыццяпіс змагарнага ХIХ стагоддзя // Acta Polono-Ruthenica. — Ольштын: 2001. — № VI. — С. 241.
  5. ^ A/ Rypiński. Białoruś, 1840. s. 13
  6. ^ Packajeu, Mikalaj (2017-01-19) “Belarusian 19th century publishing efforts in London shaped the appearance of modern Belarusian writing” [A Lecture by Mikalaj Packajeu Held at Anglo-Belarusian Society Meeting On 2 March 2003(анг.) Anglo-Belarusian Society
  7. ^ [1853 год, Лёндан] // Facebook. Роднае Слова

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]