Перайсьці да зьместу

Соні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Sony»)

Каардынаты: 35°37′51″ пн. ш. 139°44′38″ у. д. / 35.63083° пн. ш. 139.74389° у. д. / 35.63083; 139.74389

«Соні»
яп. ソニー
Тып акцыйнае таварыства
Лістынг на біржы Токіё: 6758
Дэвіз Мы «Соні»
Заснаваная 7 траўня 1946 (78 гадоў таму)
Заснавальнікі Масару Ібука, Акіё Морыта
Уласьнікі «Кіраўніча-даверны банк Японіі» (18%), «Сіцібанк» (10%), «Банк апекі Японіі» (6%), «Морган-Чэйз» і «Дзяржаўная вуліца» (па 3%), урад Нарвэгіі (2%)[1]
Краіна Японія
Разьмяшчэньне Токіё
Адрас асаблівая акруга Мінато, ваколіца Конан, квартал 1, блёк 7, д. 1[2]
Ключавыя фігуры Кенічыро Ёшыда (генэральны дырэктар), Хірокі Тотокі (фінансавы дырэктар)[3]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя відэагульня, відэакамэра, гульнявая прыстаўка, манітор, музыка, смартфон, тэлевізар, фільм, фотаапарат[4]
Паслугі доступ да Сеціва, страхаваньне
Абарачэньне 9,921 трлн енаў (2021 год)
Апэрацыйны прыбытак 1,202 трлн енаў (2021 год)
Чысты прыбытак 888,4 млрд енаў (2021 год)[5]
Лік супрацоўнікаў 108 900 (2022 год)
Даччыныя кампаніі «Інтэрактыўныя забавы Соні» (ЗША), «Музыка Соні» (ЗША), «Паўправадніковыя рашэньні Соні» (прэф. Каганава), «Сусьветная вытворчасьць Соні», «Фільмы Соні» (ЗША), «Фінансавы холдынг Соні» (ас.акруга Тыёда)[6]

«Соні»[7][8] — прамысловы холдынг Японіі, заснаваны ў траўні 1946 году ў якасьці «Такійскага заводу сродкаў сувязі».

На 31 сакавіка 2022 году вартасьць паёў «Соні» складала 880,4 млрд енаў. Іншаземцам належала 58,6 % паёў, банкам Японіі — 26,3 %, грамадзянам Японіі — 10,6 %. На 1488 прадпрыемствах холдынгу працавала 108 900 чалавек, зь якіх звыш паловы ў Японіі, а рэшта ў іншых краінах Азіі, ЗША і Эўропе. У 2021 годзе выручка склала 9,921 трлн енаў, зь якіх больш як па чвэрці прыпала на ЗША і Японію, а рэшта на Эўропу і іншыя краіны Азіі. Пры гэтым па больш як чвэрці продажаў прынесьлі відэагульні і гульнявыя прыстаўкі да іх, а таксама такая побытавая электроніка, як тэлевізар, відэакамэра і фотаапарат. Рэшту продажаў склалі фільмы, музыка і маніторы[9]. Заводы электронікі працавалі ў Аўстраліі і Вялікабрытані, ЗША і Новай Зэляндыі, а таксама ў 9 краінах Азіі: Віетнаме, Інданэзіі, Індыі, Кітаі, Малайзіі, Сынгапуры, Тайляндзе, Філіпінах і Японіі[10].

7 жніўня 1946 году былы інжынэр «Японскіх вымяральных прыбораў» Масару Ібука заснаваў «Такійскі завод сродкаў сувязі» з удзелам 20 іншых інжынэраў, зь якімі папярэдне ўтварыў Такійскі навукова-дасьледчы інстытут сувязі[11]. Першапачатковы капітал прадпрыемства налічваў 190 000 енаў[12]. Сузаснавальнікам выступіў былы афіцэр японскага флёту Акіё Морыта. Прадпрыемства пачало сваю дзейнасьць у акрузе Ніхонбасі ўнутры мясцовага ўнівэрмага сеткі «Шырокія». У 1950 годзе пачалі продажы першага ў Японіі магнітафона. У 1955 годзе пачалі вырабляць першы ў Японіі транзыстарны радыёпрымач «ТР-55». У 1958 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Соні». 15 лютага 1960 году заснавалі даччынае прадпрыемства «Амэрыканская карпарацыя Соні» (Новы Ёрк). У 1960 годзе выпусьцілі перанасны транзыстарны тэлевізар «ТВ8-301». У 1962-м выпусьцілі тэлевізар «ТВ5-303». У 1965 годзе вырабілі 1-ы ў сьвеце хатні відэамагнітафон «СВ-2000» з адкрытай катушкай. У 1966 годзе ў такійскай ваколіцы Гіндза адчынілі будынак «Соні» на скрыжаваньні з мастом Сукія[13].

У 1968-м распачалі вытворчасьць каляровага тэлевізара «Трынітрон» мадэлі «КВ-1310». У 1973 годзе за распрацоўку гэтага каляровага тэлевізара «Соні» атрымала амэрыканскую прэмію «Эмі» за тэхналёгію ад Нацыянальнай акадэміі тэлевізійных мастацтваў і навук (Новы Ёрк). У сакавіку 1968 году ў Токіё заснавалі сумеснае прадпрыемства гуказапісу з «Калюмбійскай вяшчальнай сыстэмай» (Новы Ёрк) пад назвай «Запісы КВС-Соні». У 1991 годзе тое прадпрыемства перайменавалі ў «Музычныя забавы Соні». У 1970 годзе «Соні» стала 1-м прадпрыемствам Японіі, якое расьмясьціла свае паі на Нью-Ёрскай фондавай біржы (ЗША). 10 траўня 1975 году выпусьцілі хатні відэамагнітафон «Бэтамакс» мадэлі «СЛ-6300». У 1976 годзе асвоілі вытворчасьць відэамагнітафонаў «Уматык» сэрыі «БВ» для вяшчаньня. 1 ліпеня 1979 году запусьцілі вытворчасьць перанасных стэрэакасэтных магнітафонаў «Ўокман» мадэлі «ТПС-Л2». У жніўні 1979 году «Соні» і «Прадбачлівая страхавая кампанія Амэрыкі» (штат Нью-Джэрзі, ЗША) заснавалі ў Токіё ТАА «Прадбачлівае страхаваньне жыцьця Соні». У красавіку 1991 годзе гэтае прадпрыемства перайменавалі ў «Страхаваньне жыцьця Соні». У 1980 годзе распрацавалі фотаматрыцу «ПЗС». У 1982-м стварылі 1-ы ў сьвеце прайгравальнік кампакт-дыскаў «КДП-101». 7 жніўня 1982 году выпусьцілі паўцалевы відэамагнітафон «Бэтакам» мадэлі «БВЎ-1» з убудаванай камэрай для прафэсійнага вяшчаньня. У 1984 годзе выпусьцілі 1-ы ў сьвеце перанасны прайгравальнік кампакт-дыскаў «Д-50». У 1985 годзе запусьцілі вытворчасьць відэакамэраў «ПЗС-В8» з 8-мілімэтровым відэафарматам[13].

У 1988 годзе ў ЗША набылі «Запісы КВС», якія ў 1991 годзе перайменавалі ў «Музычныя забавы Соні». У 1989-м выпусьцілі перанасную відэакамэру «Хэндыкам» мадэлі «ПЗС-ТР55» з 8-мілімэтровым відэафарматам. 28 верасьня 1989 году ў ЗША набылі «Калюмбійскія кіназабавы», якія ў 1991 годзе перайменавалі ў «Фільмы Соні». У лістападзе 1992 году выпусьцілі 4 мадэлі лічбавых прайгравальнікаў «Мінідыск» тыпу «МЗ-1». 3 сьнежня 1994 году «Кампутарныя забавы Соні» пачалі продажы хатніх гульнявых прыставак «Плэйстэйшн» у Японіі. У студзені 1996 годзе «Сетка зносін Соні» запусьціла паслугу доступу да Сеціва «Со-нэт». У 1996 годзе выпусьцілі лічбавы фотаапарат «Кібэршот» мадэлі «ЛФА-Ф1». У ЗША пачалі прадаваць пэрсанальны кампутар «Ваё» мадэлі «ПКВ-90/70». 1 верасьня 1997 году ў Ганконскім мэтрапалітэне (Кітай) ўпершыню ў сьвеце ўвялі бескантактныя смарт-карткі «Васьміног» тыпу «Фэліка». У 1998 годзе заснавалі «Страхавое плянаваньне Соні», якое ў 1999-м перайменавалі ў «Страхаваньне Соні». 11 траўня 1999 году выпусьцілі забаўляльнага робата «Аібо» мадэлі «ЕРС-110». У 2000-м асвоілі вытворчасьць відэакамэры высокага разрозьненьня «Сінеальта» мадэлі «ХДЎ-Ф900». 11 чэрвеня 2001 году стварылі банк «Соні». 1 кастрычніка 2001 году ў Токіё заснавалі «Мабільную сувязь Соні-Эрыксан», якую па поўным выкупе ў лютым 2012 году перайменавалі ў «Мабільнуя сувязь Соні». У 2003-м стварылі 1-ы ў сьвеце запісвальнік кружэлак сінім промнем «БДЗ-С77»[13].

1 красавіка 2004 году заснавалі «Фінансавы холдынг Соні», які ў 2007 годзе разьмясьціў паі на Такійскай фондавай біржы. Улетку 2005 году пачалі вытворчасьць тэлевізараў высокай выразнасьці «Бравія». У 2006-м выпусьцілі лічбавы люстраны фотаапарат «Альфа 100» са зьменным аб'ектывам. У лютым 2009 году стварылі відэакамэру «Хэндыкам» з першай у сьвеце КМАП-фотаматрыцай з заднім падсьвятленьнем. У лістападзе 2011 году набылі музычнае выдавецтва «Электра-музычнай прамысловасьці» (Ангельшчына). 9 лютага 2013 году выпусьцілі тонкі смартфон «Эксперыя З» з экранам у высокім разрозьненьні. 16 красавіка 2013 году ўтварылі «Мэдычныя рашэньні Соні-Алімпус»[13]. На 31 сакавіка 2022 году «Соні» мела сродкі на 30,480 трлн енаў, зь якіх 76 % (23,283 трлн енаў) прыпадала на абавязкі[5].

  1. ^ Стан паёў (яп.) // Холдынг «Соні», 2022 г. Архіўная копія ад 31 сакавіка 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  2. ^ Агляд прадпрыемства (яп.) // Холдынг «Соні», 2022 г. Архіўная копія ад 31 сакавіка 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  3. ^ Сьпіс сябраў управы (яп.) // Холдынг «Соні», 2022 г. Архіўная копія ад 1 кастрычніка 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  4. ^ Вырабы (яп.) // Холдынг «Соні», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  5. ^ а б Фінансавая справаздача за фіскальны год, які скончыўся ў сакавіку 2022 году (яп.) // Холдынг «Соні», 10 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 10 траўня 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  6. ^ Арганізацыя (яп.) // Холдынг «Соні», красавік 2022 г. Архіўная копія ад красавік 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  7. ^ Генадзь Космач. § 21—22. Сацыяльна-палітычнае і эканамічнае разьвіцьцё Японіі. Культура і спосаб жыцьця // Сусьветная гісторыя навейшага часу, 1945—2005 гг. : вучэб. дапам. для 10-га кл. / уклад. Рыгор Лазько, Уладзімер Тугай. — 2-е выд. — Менск: Выдавецкі цэнтар БДУ, 2006. — С. 175. — 239 с. — 35 027 ас. — ISBN 985-476-444-3
  8. ^ Кацярына Анціпава. § 16. Транснацыяналізацыя сусьветнай гаспадаркі // Геаграфія. Сацыяльна-эканамічная геаграфія сьвету : вучэб. дапам. для 10-га кл. / уклад. Вольга Гузава, рэд. Т.К. Славута. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2020. — С. 109. — 216 с. — 11 210 ас. — ISBN 978-985-599-136-7
  9. ^ Агляд холдынгу (яп.) // Холдынг «Соні», 31 сакавіка 2022 г. Архіўная копія ад 31 сакавіка 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  10. ^ Сусьветная мапа месцаў вакансіяў (анг.) // Холдынг «Соні», 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  11. ^ Паведамленьне аб намеры заснаваньня (яп.) // Холдынг «Соні», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  12. ^ Гісторыя (яп.) // Холдынг «Соні», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.
  13. ^ а б в г Гісторыя прадпрыемства (яп.) // Холдынг «Соні», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 27 лістапада 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]