Перайсьці да зьместу

Нацыянальны дамэн верхняга ўзроўню

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нацыянальны дамэн верхняга ўзроўнюдамэн верхняга ўзроўню, вылучаны для пэўнай краіны, да прыкладу .by для Беларусі або .de для Нямеччыны.

Рэкамэндацыі з нагоды нацыянальных дамэнаў верхняга ўзроўню выкладзеныя ў RFC-1032[1] ад лістапада 1987 году, а таксама ў RFC-2240[2]. У прыватнасьці, у RFC-1032 паказваецца, што «краіны, якія жадаюць зарэгістраваць дамэн верхняга ўзроўню, павінныя зваць яго па дзьвюхлітаравым кодзе краіны паводле сьпісу міжнароднага стандарту ISO 3166. Запыты краін на выкарыстанне трохлітарнай формы коду краіны, паказанай у ISO 3166, будуць разгледжаныя ў выпадках, калі гэта трэба, каб прадухіліць магчымыя канфлікты і неразуменьні». На практыцы існуе некалькі выключэньняў з гэтага правіла — існуюць дамэны, якія не супадаюць з кодам ISO 3166, вызначаным для краіны, дамэны для тэрыторыяў, не прыналежных адной пэўнай дзяржаве.

Рэгістрацыя нацыянальных дамэнаў верхняга ўзроўню зьвязаная з вызначанымі праблемамі, часьцей за ўсё — з прызнаньнем краіны на міжнароднай арэне. Так, канфлікты ўзьнікаюць адносна дамэну .tw (Тайвань), дамэну (дагэтуль ня выдадзенага) Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі і іншых. Пазыцыя, занятая арганізацыяй-рэгістратарам ICANN, складаецца ў тым, каб адсылаць жадаючых атрымаць дамэн верхняга ўзроўню для дзяржавы да клясыфікатара ISO 3166, пазыцыя адпаведнага камітэту ISO — у тым, каб складаць сьпіс гэтых кодаў, у асноўным абапіраючыся на сьпіс дзяржаваў і залежных тэрыторыяў, што складаецца статыстычным камітэтам ААН. Такім чынам стандартны шлях атрыманьня дамэну верхняга ўзроўню для новай або непрызнанай дзяржавы павінен пачынацца зь перамоваў з ААН, а сама ICANN зьняла зь сябе адказнасьць за высьвятленьне таго, ці зьяўляецца кандыдат на атрыманьне дамэну верхняга ўзроўню дзяржавай або не.

Некалькі адмысловы (хоць і нефармальна) статус маюць некаторыя дамэны, чые скароты сугучныя з тымі або іншымі англамоўнымі скарачэньнямі. Так, дамэн Тувалу .tv, шырока выкарыстоўваецца як ненацыянальны дамэн верхняга ўзроўню для тэлебачаньня, дамэн .fm — для радыё, дамэн .md — для мэдыцынскіх структур, а дамэн .la — для арганізацыяў, зарэгістраваных у Лос-Анджэлесе.