Перайсьці да зьместу

Яўген Мікалуцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Яўген Мікалуцкі
па-беларуску: Яўген Пятровіч Мікалуцкі
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
27 лістапада 1996 — 6 кастрычніка 1997
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Папярэднік:
Дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь
9 студзеня 1996 — 27 лістапада 1996
Наступнік:
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1959
Памёр: 6 кастрычніка 1997(1997-10-06)
Партыя: безпартыйны
Адукацыя:

Яўге́н Пятро́віч Мікалу́цкі (1959, Саськаўка, Шклоўскі раён — 6 кастрычніка 1997) — беларускі дзяржаўны дзяяч, кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласьці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, зямляк і сябар Аляксандра Лукашэнкі.

Нарадзіўся ў 1959 року наймалодшым у сям’і, дзе яшчэ меў брата і сястру. Скончыў Фашчаўскую школу ў Шклоўскім раёне. Потым атрымаў спэцыяльнасьць эканаміста ў Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі. Падчас навучаньня ў вну пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай Алай, зь якой пабраўся шлюбам на апошнім курсе вучобы. Неўзабаве нарадзілася дачка Алеся. У 1982 року Яўген Мікалуцкі скончыў Акадэмію і быў накіраваны па разьмеркаваньні ў пляменную гаспадарку «Гарадзішча» Шклоўскага раёну, дзе працаваў на розных пасадах 10 гадоў. Пасьля гэтага пераехаў зь сям’ёй у Шклоў, дзе ўладкаваўся ў дэпартамэнт эканамічнага кантролю (цяпер Камітэт дзяржкантролю) і пазнаёміўся з дэпутатам Вярхоўнага савету Аляксандрам Лукашэнкам[1].

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 року Яўген Мікалуцкі быў у камандзе кандыдата Лукашэнкі, якога актыўна падтрымліваў. Пасьля перамогі апошняга Яўген Мікалуцкі быў прызначаны кіраўніком Камітэту дзяркантролю па Магілёўскай вобласьці, і ў 1995 ягоная сям’я пераехала ў Магілёў.

28 траўня 1995 року ў другім туры выбараў быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня. З 23 студзеня 1996 року ўвайшоў у склад парлямэнцкай камісіі па правох чалавека, нацыянальных пытаньнях, сродках масавай інфармацыі, сувязях з грамадзкімі арганізацыямі і рэлігійнымі арганізацыямі[2]. Уваходзіў у пралукашэнкаўскую фракцыю „Згода“, падтрымаў неканстытуцыйны рэфэрэндум па зьмене канстытуцыі і з 27 лістапада 1996 року ўвайшоў у склад створанай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу[3], дзе з 18 сьнежня ўвайшоў у склад камісіі па заканадаўстве[4].

Раніцай 6 кастрычніка 1997 року, калі Яўген Мікалуцкі з жонкай Алай выходзілі з кватэры ў пад’езд у сваім доме на Вялікай Машэкаўскай вуліцы, спрацавала выбуховая прылада. У выніку выбуху абодва супругі былі цяжка параненыя. Яўген Мікалуцкі сканаў ад ран на месцы.

Асноўнай вэрсіяй забойства Мікалуцкага лічылася ягоная прафэсійная дзейнасьць: барацьба з эканамічнай злачыннасьцю. Падчас жалобнага мітынгу на ягоным пахаваньні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэты тэракт стаў спробай дабрацца да самога Лукашэнкі, што ён прымае выклік бандытаў, і даў сьледчым органам два тыдні на пошук забойцаў[5][6].

Сьледзтва і суд праходзілі ў рэжыме сакрэтнасьці і ў шырокім маштабе. За кароткі час сьледчыя знайшлі магілёўцаў Анатоля Гаўрылава, Рамана Радзікоўскага, Віктара Янчэўскага і Валера Ткачова, якіх прызналі вінаватымі ў забойстве Яўгена Мікалуцкага. Усталявана, што Валер Ткачоў, былы супрацоўнік КДБ, які падазраваўся ў крымінальных сувязях, сапраўды сустракаўся з забітым за некаторы час да тэракту. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Ткачоў павесіўся на ручніку ў камэры магілёўскага СІЗА. Астатнія падазраваныя былі прызнаныя ўскосна вінаватымі ў сьмерці кіраўніка КДК Магілёўшчыны і ў 1999 асуджаныя на некалькі гадоў турмы за бандытызм[5][6]. У арганізацыі тэракту абвінавачвалі міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава і кіраўніка калгасу «Сьвітанак» Васіля Старавойтава, але іхняя віна не была даказаная[5].

Падчас выбарчай кампаніі 2020 року Вераніка Цапкала заявіла на мітынгу, што ейная маці Яўгенія Шасьцерыкова падверглася жорсткаму стаўленьню падчас сьледзтва па забойстве Мікалуцкага. Афіцыйна Яўгенію Шасьцерыкову падазравалі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі падчас працы на кіраўнічай пасадзе ў банку, і пазьней крымінальную справу супраць яе спынілі паводле амністыі[7].

У гонар Яўгена Мікалуцкага ў 1999 року пераназвалі вуліцу Моладзевую ў Шклове. На доме ў Магілёве, дзе ён жыў і загінуў, усталяваная мэмарыяльная дошка, а ў Фашчаўскай школе быў створаны музэй Мікалуцкага[8].

  1. ^ Заказчик до сих пор где-то ходит… // TUT.BY
  2. ^ Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 23 января 1996 г. №36-XIII „Об избрании Постоянной комиссии Верховного Совета Республики Беларусь по правам человека, национальным вопросам, средствам массовой информации, связям с общественными объединениями и религиозными организациями“ (рас.). Валер Леванеўскі (28 сакавіка 2007). Праверана 9 ліпеня 2021 г.
  3. ^ О формировании Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь от 27 ноября 1996 г. N 819-XIII (рас.) Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ведамасці Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь (27 лістапада 1996). Праверана 9 ліпеня 2021 г.
  4. ^ Постановление Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь от 18 декабря 1996 г. №17-П/I (рас.). Валер Леванеўскі (28 сакавіка 2007). Праверана 9 ліпеня 2021 г.
  5. ^ а б в «Гнусное, сволочное убийство» // Белгазета, 13.07.2009, № 27 (699)
  6. ^ а б Коктыш, Марина Дело Евгения Миколуцкого: что известно через 19 лет? (рас.) Белорусский Партизан. Народная воляПраверана 9 ліпеня 2021 г.
  7. ^ «Она лежала на полу, прикованная к батарее». За что в 90-х преследовали мать Вероники Цепкало // Наша Ніва,
  8. ^ На Могилевщине почтили память трагически погибшего 20 лет назад председателя комитета // Сайт КДК