Ян Сасноўскі
Герб «Наленч» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Памёр | 31 сьнежня 1783 |
Род | Сасноўскія |
Дзеці | Кацярына з Сасноўскіх[d] |
Ян Сасноўскі (? — 27 красавіка 1660) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Кашталян полацкі (з 1654).
Ян Сасноўскі — адзін з найвыдатнейшых камандзіраў літоўскага войска сярэдняга зьвяна[1].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Сасноўскіх гербу «Наленч». У якасьці таварыша гусарскай харугвы ўдзельнічаў у вайне з Швэцыяй (1600—1629). У 1622 кіраваў абаронай Біржаў ад швэдаў.
У 1635 пры падтрымцы Крыштапа Радзівіла атрымаў урад падстолія віленскага. Улетку 1648 удзельнічаў у Віленскім правінцыяльным сынодзе кальвіністаў.
За часамі антыфэадальнай вайны (1648—1651) камандаваў абаронай Слуцку ад казацкага загону Яна Сакалоўскага. У пачатку 1651 атрымаў загад на збор гусарскай харугвы колькасьцю 150 чалавек, але на загад Януша Радзівіла мусіў набіраць 2 казацкія харугвы (300 чалавек). У красавіку — чэрвені 1651 на чале казацкай харугвы ваяваў супраць украінскіх загонаў у Мазырскім павеце.
З пратэкцыі Багуслава Радзівіла ў 1654 атрымаў пасаду полацкага кашталяна. Удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1654—1667). У студзені — лютым ягоная харугва ваявала супраць маскоўскіх захопнікаў каля Магілёва і Быхава. Па падпісаньні Кейданскай дэклярацыі (1655) захаваў вернасьць каралю і вялікаму князю Яну Казімеру, у верасьні 1655 ягоная харугва пакінула войска Януша Радзівіла. Улетку 1656 ад імя караля спрабаваў авалодаць Слуцкам, магчыма, тады ж перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Улетку 1659 на загад гетмана Паўла Яна Сапегі накіраваўся пад Быхаў на дапамогу казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. Па злучэньні з аддзелам Самуэля Аскеркі пад Койданавам, у жніўні 1659 ягонае войска рушыла пад Менск, а потым пад Бабруйск, але з прычыны нявыплаты грошаў жаўнеры далей ісьці адмовіліся і разьмясьціліся ў Глуску. Адзінай сур’ёзнай акцыяй выправы быў рэйд невялікага аддзелу пад Магілёў, які завяршыўся паленьнем прадмесьцяў[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Чаропка С. Сасноўскі Ян // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 395.
- ^ Чаропка С. Сасноўскі Ян // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 394—395
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7