Юры Салагуб
Юры Салагуб | |
Дата нараджэньня | каля 1470 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1514[1] |
Занятак | вайсковец |
Юры Андрэевіч Салагуб (да 1460(?) — 1514) — вайсковы дзяяч ВКЛ. Смаленскі намесьнік з 1503 да 1514 год. Пакараны сьмерцю каралём Жыгімонтам І за тое, што здаў маскоўскім войскам пасьля некалькіх дзён аблогі Смаленск, асноўную цьвердзь Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак службы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 ліпеня 1500 году прымаў удзел у бітве пры Ведрашы, як смаленскі ротмістар літоўскага войска. пасьля паразы войска ВКЛ, цудам выратаваўся ад палону. У 1501 годзе вялікі князь маскоўскі паслаў у ВКЛ зь лістамі Міхала Карасьцялёва. Яму загадалі: «вежливо пытати на Литве, кого со знатных людей забили», у бітве на Ведрошы. У гэтым выпадку Івана ІІІ цікавіў лёс найбольш вядомых у Маскве смаленскіх ваяроў: Шчаснага, Салагуба і Дрожчы[2].
Пасьля прызначэньня былога смаленскага намесьніка Станіслава Кішкі вялікім гетманам Літоўскім у 1502 годзе, кіраваць Смаленскам прызначылі Юрыя Салагуба.
Смаленскі намесьнік
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дасюль гісторыкі спрачаюцца, калі Юры Салагуб атрымаў прывілей вялікага князя літоўскага Аляксандра на смаленскае намесьніцтва. Як лічыць Юзаф Вольф Юры Андрэевіч атрымаў прызначэньне на намесьніцтва да жніўня 1503 году[3]. Сваю прысягу каралю Аляксандру Салагуб падпісаў яшчэ 9 красавіка 1503[4].
Аналягічныя прысягі намесьнікаў, якіх кароль накіроўваў у гарады княства, больш гісторыкам не вядомыя. Магчыма, прыняцьце прысягі абумоўлівалася выключна цяжкімі абставінамі ў якіх аказаліся ўсходнія тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў выніку амаль трыццацігадовага наступу Вялікага Княства Маскоўскага на ўсходнія землі Літвы. Юры Салагуб абяцаў шчыра выконваць свае абавязкі ў памежным горадзе. «Я буду верна і справядліва служыць і замак смаленскі ўзяў і яго да горла майго (да сваёй сьмерці) бараніць буду і нікому не паддамся».
На пасаду ваяводы Салагуб не прызначаўся. Яго абавязкі на пасадзе смаленскага намесьніка былі значна шырэйшымі, чым гэта было характэрна ў больш пазьнейшы пэрыяд для ваяводаў у ВКЛ. Ён абавязаны быў ня толькі пастаянна кіраваць дзеяньнямі аддзелаў літоўскага войска на Смаленшчыне, але і займацца ўсімі бакамі жыцьця Смаленскага ваяводзтва. У яго абавязкі ўваходзіла вядзеньне судовых спраў і кіраваньне штодзённым жыцьцём, падпарадкаваных яму валасьцей Смаленшчыны. Да прыкладу Салагубу прыходзілася займацца забесьпячэньнем землямі тых землеўладальнікаў, якія страцілі свае валоданьні ў выніку паступовай экспансіі Масквы. 6 студзеня 1507 году Жыгімонт абавязвае смаленскага намесьніка выдзеліць княгіні Апраніі (Еўпраксіі) Пятровай Мезецкай 5 служб падданых у дубровенскім шляху[5]. Валоданьні князёў Мязецкіх аднымі зь першых былі страчаны Літоўскім княствам.
Змаганьне за Смаленск
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Салагуб атрымаў Смаленск у сваё намесьніцтва ў вельмі цяжкі для гораду час. За час ваенных дзеяньняў, якія вяліся пасьля 1490 году паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам, Масква цалкам захапіла ўсе пагранічныя літоўскія замкі, якія забясьпечвалі бясьпеку Смаленску ад нечаканага нападу. Такая вялікая крэпасьць не магла доўга і пасьпяхова абараняцца, страціўшы амаль усе замкі, якія прыкрывалі яе з боку ворага. Калі раней літоўская граніца праходзіла непадалёку ад Масквы, то цяпер яна наблізілася да Смаленску і час падыходу войскаў праціўніка да гораду значна скараціўся. Пасьля таго, як у лютым 1503 году Іван ІІІ, у чацьвёрты раз з 1499 году, паслаў у межы ВКЛ войска, нарэшце 2 красавіка 1503 было падпісанае шасьцігадовае перамір’е. Масква атрымала вялікую частку тэрыторыі ВКЛ з гарадамі: Белая, Бранск, Вяліж, Папова Гара, Сярпейск, Хоцім, Радагошч, Мцэнск, Масальск, Мезецк, Мглін, Невель, Любуцк, Серанск, Рыльск, Трубчэўск, Дрокаў, Дарагабуж, Любуцк і некаторыя іншыя[6].
Пачынаючы з 1499 году, маскоўцы ня менш, чым дзевяць разоў падступалі пад муры Смаленску і бралі горад у аблогу. Вядома, што Маскоўскія войскі хадзілі ў Літву ў 1499, 1500, 1502, 1503, 1507, 1508, 1512, 1513 і 1514 гадах.
У лістападзе 1507 году маскоўскія войскі ў чарговы раз увайшлі на тэрыторыю ВКЛ. Былі абложаныя Мсьціслаў і Крычаў. Асноўная частка накіравалася да Смаленску і ізноў паспрабавала захапіць горад. Маква адышла толькі з надыходам халадоў.
У лістападзе 1512 на Смаленск вырушылі з усходу палкі лепшых маскоўскіх военачальнікаў: І. Рэпніна, Абаленскага, І Чэлядніна, В. Адоеўскага і С.Курбскага. Асноўная іх частка канцэнтравалася ў ваколіцах Вялікіх Лук. Ім было загадана ўзяць крэпасьць у аблогу, зьнішчыць паселішча ў ваколіцах гораду і рухацца далей на захад у накірунку Оршы. Неабходна было забясьпечыць войскі, якія былі вызначаны для правядзеньня аблогі Смаленску, ад нечаканага ўдару харугваў войска ВКЛ. Асноўныя сілы маскоўскіх войскаў, мэтай якіх было здабыцьцё Смаленску, узначальваемы Васілём ІІІ выйшлі з Масквы толькі 19 сьнежня. У пачатку студзеня 1513 году 60 тысячаў ваяроў, узмоцненыя артылерыяй, якая складалася з 140 гармат падышла да муроў Смаленску і на працягу 6 нядзель спрабавала зламаць супраціў абаронцаў гораду, якіх узначальваў Юры Салагуб. Шасьцітыднёвая аблога нанесла гораду шкоды, якія абаронцы ня здолелі цалкам ліквідаваць да пачатку наступнай аблогі. Уладар Маскоўскага княства і яго ваяводы, разьлічваючы ў асноўным на гарматны агонь, не падрыхтаваліся да доўгага вядзеньня аблогі ў зімніх умовах. Страціўшы каля 2000 ваяроў маскоўскае войска адышло на сваю тэрыторыю.
Летам гэтага ж 1513 году маскоўскія войскі ізноў уварваліся ў ВКЛ. У чэрвені маскоўскія войскі падышлі да Смаленску. Пачатак гэтай кампаніі адзначыўся некалькімі нязначнымі посьпехамі літоўскіх войскаў. Смаленскі гарнізон, які ўзначальваў Юры Салагуб, пад час вылазкі за муры крэпасьці, прымусіў адступіць раць маскоўскага ваяводы І. Рэпніна. Каля Оршы Канстанцін Астроскі зь некалькімі харугвамі спыніў прасоўваньне дапаможных атрадаў маскоўскага войска, якія сьпяшаліся на дапамогу ваяводам, атачыўшым Смаленск. Аднак гэтыя перамогі, дасягнутыя невялікімі сіламі над не самымі значнымі вайсковымі адзінкамі войскаў Масквы, не маглі стварыць умовы для выгнаньня праціўніка за межы краіны. 24-тысячнае войска Глінскага аблажыла акрамя Смаленску, яшчэ й Полацак. Толькі ў кастрычніку 1513 году авангард літоўска-польскага войска, якое зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося сабраць Жыгімонту, зьявіўся ў раёне баявых дзеяньняў. Не ўступаючы ў бітву, маскоўскія аддзелы, якія займаліся аблогай Полацка і Смаленска, або пустошылі ўсходнія паветы ВКЛ адышлі з тэрыторыі княства.
Аблога 1514 году і капітуляцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Новы паход Васіль ІІІ пачаў 8 чэрвеня 1514 году. За 6 месяцаў, якія прайшлі пасьля зьняцьця мінулай аблогі, Салагуб ня змог аднавіць усе разбураныя ў 1512 і 1513 гадах умацаваньні крэпасьці. У ваколіцах гораду не аказалася дастатковай рабочай сілы, якая была неабходная для хуткага і якаснага аднаўленьня пашкоджаных муроў. Гарнізон ня меў дастатковай колькасьці правіянту і фуражу. Зьменшылася і колькасьць абаронцаў гораду.
Горад узялі ў аблогу 15 ліпеня і праз 11 дзён пачалі абстрэл з 300 гармат[7]. Хапіла толькі тры дні гарматнага абстрэлу, каб насьпех адрамантаваныя ўмацаваньні пачалі разбурацца. Ратуючы жыхароў гораду, смаленскі эпіскап Варсанофій выйшаў за муры гораду і стаў прасіць Васіля ІІІ аб спыненьні баявых дзеяньняў, але той адмовіўся спыняць абстрэл. Мяркуючы, што дапамогі ад войска ВКЛ на Смаленшчыне ня будзе, 31 ліпеня 1514 году Смаленск капітуляваў[8]. 1 жніўня маскоўская армія ўвайшла ў горад. Невялікая частка абаронцаў Смаленску, разам з Салагубам, не згадзілася прынесьці прысягу на падданства Маскоўскаму князю і была адпушчаная Васілём ІІІ ў Літву. Як і ў мінулыя гады польска-літоўскае войска было гатовае да бітвы з ворагам толькі напачатку верасьня. На гэты час маскоўскае войска ўжо стаяла каля Бярэзіны.
Пакараньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За хуткую здачу гораду Жыгімонт Стары, прысудзіўшы Юрыя Салагуба да пакараньня сьмерцю, такім чынам спрабуючы ўзьдзейнічаць на іншых літоўскіх ваенных дзеячоў, якія маглі апынуцца ў аналягічных абставінах.
Пакараўшы сьмерцю Юрыя Салагуба, кароль не чапаў яго сям’ю. Тры сыны намесьніка Мікалай, Войцех і Станіслаў дасягнулі сталасьці ў 1510 годзе і знаходзіліся на вайсковай гаспадарскай паслузе. Жыгімонт забясьпечыў яго сыноў землямі ў Жамойці замест тых, якія адышлі ў 1514 годзе пад валоданьне Маскоўскага княства.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 4, Ziemia smolenśka i województwo smolenśkie XIV-XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2003. — С. 54. — 412 с. — ISBN 83-7181-279-5
- ^ Памятники дипломатических сношений древней России с державасм иностранными, по Высочайшему повелению изданные Императорским Русским Историческим Обществом. SIRIO 035 Санкт-Пецярбург. 1882 с.382
- ^ Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795, Кракаў, 1885, с.51
- ^ НГАБ у Мінску. КМФ 18, воп. 1, с. 7.
- ^ Акты, относящиеся к истории Западной Руси, собранные и издаваемые Археографической комиссией. Т. 2. Санкт-Пецярбург. 1846—1853, № 9, л. 6
- ^ Сагановіч Г. «Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—1503 гг.» Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі, Т.2. «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Мінск. 1994
- ^ Грыцкевіч А. «Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.». «Спадчына», № 6, 1992 г.
- ^ Генадзь Сагановіч «Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512-22гг.». Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 2. «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Мінск. 1994. с.187)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чарняўскі В. Ф. «Смаленскі намеснік Юры Андрэевіч Салагуб — абаронца ўсходніх межаў ВКЛ у канцы XV — пачатку XVI ст». / «Герольд LITERLAND». Навуковы геральдычны часопіс №20 2014