Мо́вы Міжзе́м’я — шэраг моваў, якія былі створаныя Дж. Р. Р. Толкінам для яго выдуманага сусьвету, які называюць Міжзем’е. Гэтыя мовы выкарыстоўваюцца ў «Хобіце» ў некалькіх імёнах (такіх як Эльранд або Больг), ці ва «Ўладары пярсьцёнкаў» для імёнаў (такіх як Галядрыель або Арагорн), у некалькіх вершах («Namárië»), і ў Сыльмарыльёне (амаль усе імёны, у тым ліку некаторыя сказы і загаловак твору). Толкін сканструяваў — з рознай ступеньню дэталізацыі — больш за дваццаць моваў, кожная зь якіх мае граматыку і лексычны корпус. Дакладная колькасьць моваў, створаных Толкінам, невядомая, паколькі многія зь яго лінгвістычных працаў да гэтага часу ня выдадзеныя.
Эльфійская моўная сям’я — група моваў, якія ўтварыліся ад адзінага продку, протамовы. Гэтая сям’я канструявалася Толкінам з 1910-х гадоў. Толкін працаваў над гэтымі мовамі да сваёй сьмерці ў 1973 годзе. Ён стварыў граматыку і лексыку як мінімум пятнаццаці эльфійскіх моваў і дыялектаў: протаэльфійскай, агульнага эльдарыну, квэнья, гальдагрыну, тэлерыну, сындарыну, ількарыну, нандарыну, аварыну.
Існуе шмат моваў людзей Міжзем’я, але на большасьць зь іх Толкін толькі намякаў. Аднак, як мінімум тры ён распрацаваў да ўзроўню граматыкі і лексыкі: таліска, адунаік і «Сава Фарэ», або «Ўсеагульная мова» (на ёй размаўлялі хобіты і людзі ў Трэцюю Эпоху). Іншыя мовы людзей, якія былі менш распрацаваныя: далійская, роханская, раваніён (прадстаўленая гоцкай), халадзін, дунландзкая, мова харадрым і мова ісьцерлінгаў.
Сакрэтная мова гномаў — кхуздул. Гномы таксама выкарыстоўвалі мову жэстаў, якая называлася іглішмэк.