Перайсьці да зьместу

Шасьцідзясятнікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Шэсьцьдзясятнікі»)
«Шасьцідзясятнікі. Іван Сьвятлічны (1929—1992)», паштовая марка Ўкраіны (2019)

Шасьцідзяся́тнікі — назва новага пакаленьня савецкае нацыянальнае інтэліґенцыі, што ўвайшла ў культуру (мастацтва, літаратуру і г. д.) ды палітыку ў СССР у другой палове 1950-х — у пэрыяд часовага паслабленьня камуністычна-бальшавіцкага таталітарызму ды хрушчоўскае «адлігі» (дэсталінізацыі ды некаторае лібэралізацыі) і найпаўней сябе творча выявіла ў пачатку і ў сярэдзіне 1960-х рокаў (адсюль і назва).

У палітыцы 1960—1970-х рокаў XX стагодзьдзя «шасьцідзясятнікі» ўяўлялі сабою ўнутраную маральную апазыцыю да савецкага таталітарнага дзяржаўнага рэжыму (палітычныя вязьні ды «вязьні сумленьня», дысыдэнты). З пачаткам палітыкі «перабудовы» ды «галоснасьці» (другая палова 1980-х — пачатак 1990-х рр.) «шасьцідзясятнікамі» сталі называць таксама прадстаўнікоў новага пакаленьня камуністычнае эліты, чый сьветапогляд сфармаваўся напрыканцы 1950-х — на пачатку 1960-х рокаў і што прыйшла да ўлады. Гэта палітыкі — Міхаіл Гарбачоў, Аляксандар Якаўлеў; філёзафы Аляксандар Зіноўеў, Мераб Мамардашвілі, Юры Лявада, палітоляґі Аляксандар Бовін, Фёдар Бурлацкі, рэдактары масмэдыя — Віталь Каротыч, Ягор Якаўлеў, Сяргей Залыгін ды шмат іншых.

Гістарычны дыскурс шасьцідзясятнікаў варта разглядаць у кантэксьце тагачасных рэаліяў гістарычнае навукі ў УССР, усе намаганьні якое накіроўваліся на канструяваньне ўкраінскае савецкае ідэнтычнасьці як складніка «адзінага савецкага народу». Як адзначае Леанід Зашкільняк, гэты працэс засноўваўся на шэрагу мітаў ды ідэаляґемаў, ґрунтавым зь якіх заставаўся ўсталяваны з расейска-імпэрскіх часоў канструкт «трох братэрскіх усходнеславянскіх народаў» — расейцаў, беларусаў, украінцаў, у якім усе яны супрацьпастаўляліся «загніваючаму» Захаду зь ягоным «капіталізмам» ды каталіцтвам[1][2].

Шасьцідзясятнікі Ўкраіны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шасьцідзясятнікі выступалі за абарону нацыянальнае мовы й культуры, свабоды мастацкае творчасьці.

Ґрунт руху шасьцідзясятнікаў склалі пісьменьнікі Іван Драч, Мікола Вінграноўскі, В. Дрозд, Гр. Цюцюньнік, Б. Алейнік, В. Дончык, Васіль Сыманэнка,Мікола Халодны, Ліна Кастэнка, Валеры Шаўчук, Яўген Гуцала, мастакіі Ала Горская, Віктар Зарэцкі, Барыс Чычыбабін, літаратурныя крытыкі Іван Дзюба, Яўген Сьвярсьцюк, рэжысэр Лесь Танюк, кінарэжысэры Сяргей Параджанаў, Юры Ільленка, кінакрытык Раман Карагодзкі, перакладнікі Рыгор Кочур, Мікола Лукаш ды іншыя. Шасьцідзясятнікі супрацьпастаўлялі сябе афіцыйнаму даґматызму, вызнавалі свабоду творчага самавыяўленьня, культурны плюралізм, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасьцяў над клясавымі. Значны ўплыў на іх станаўленьне аказала заходняя гуманістычная культура, традыцыі «расстралянага адраджэньня» ды дасягненьні ўкраінскае культуры канца XIX — пачатку ХХ ст. Адным з тых, хто закладваў падмурак шасьцідзясятніцтва ва Ўкраіне, стаў дацэнт факультэту журналістыкі Мацьвей Шастапал, бо сярод яго вучняў былі В. Чарнавіл, Б. Алейнік, В. Сыманэнка, В. Крышчанка, Б. Рагоза, М. Шудра, В. Мыцык ды шмат іншых патрыятычна настроеных асобаў.

Шасьцідзясятнікі разьвілі актыўную культурную дзейнасьць, якая выходзіла за межы афіцыёзу: ладзілі нефармальныя літаратурныя чытаньні й мастацкія выставы, вечарыны памяці рэпрэсаваных мастакоў, ставілі замоўчвальныя тэатральныя п’есы, складалі пэтыцыі ў абарону ўкраінскае культуры. Арґанізаваныя у 1959-60 рр. Клюб творчае моладзі «Сучасьнік» у Кіеве ды ў 1962 клюб «Пралесак» у Львове сталі сапраўднымі вочкамі альтэрнатыўнае нацыянальнае культуры. Шасьцідзясятнікі аднавілі традыцыі клясычнае дарэвалюцыйнае інтэліґенцыі, якой былі ўласьцівыя імкненьне да духоўнае незалежнасьці, палітычная адчужанасьць, ідэалы грамадзянскае супольнасьці й служэньня народу.

Культурная дзейнасьць, якая ня ўпісвалася ў рамкі дазволенага, выклікала незадаволенасьць уладаў. Шасьцідзясятнікаў ня здолелі стрымаць у афіцыйных ідэйна-эстэтычных межах, і з канца 1962 року распачаўся масавы ціск на нонканфармісцкую інтэліґенцыю. Перад шасьцідзясятнікамі закрыліся старонкі часопісаў, пасыпаліся абвінавачваньні ў «фармалізьме», «бязьдзейнасьці», «буржуазным нацыяналізьме». У адказ шасьцідзясятніцкія ідэі сталі пашырацца ў самвыдацтве.

Натыкнуўшыся на жорсткі супраціў партыйнага апарату, частка шасьцідзясятнікаў пайшла на кампраміс з уладаю, іншыя эвалюцыянавалі ды палітычнага дысыдэнцтва, праваабарончага руху і адкрытага супрацьстаяньня рэжыму.

Першымі сьпікерамі шасьцідзясятнікаў ва Ўкраіне былі Ліна Кастэнка й аўтар вострапубліцыстычных паэзіяў, накіраваных супраць русіфікацыі й нацыянальнага заняволеньня Ўкраіны, Васіль Сыманэнка.

Усьлед за імі зьявілася цэлая пляяда паэтаў: Іван Драч, Мікола Вінграноўскі,Мікола Халодны, Г. Кірычэнка, Васіль Галабародзька, Ігар Калінец, Іван Сакульскі Барыс Мамайсур ды іншыя. На пачатку блізка да шасьцідзясятнікаў стаяў Віталь Каротыч. Да шасьцідзясятнікаў адносяць таксама паэта Івана Каваленку, хоць па веку ён быў старэйшы за большасьць зь іх.

У прозе выбітнымі шасьцідзясятнікамі былі Валеры Шаўчук, Рыгор Цюцюньнік, Уладзімер Дрозд, Яўген Гуцала, Я. Ступак; у крытыцы — Іван Дзюба, Іван Сьвятлічны, Яўген Сьвярсьцюк, Іван Бойчак; у публіцыстыцы — Сьцяпан Кажумяка. Да выбітных шасьцідзясятнікаў варта дадаць па палітычных, і больш па кан’юнктурных прычынах цяпер замоўчвальных актыўных змагароў з рэжымам, такіх як майстар палітычнага памфлету Валянцін Мароз («Рэпартаж з зарочніку імя Бэрыя», «Бумэранґ», «Бастыён украінскага супраціву», «Сярод снягоў», «Дэдал і Тантал», «Ліст да Еўдакіі Лось», клясычная гумарэска, аплачаная пятнаццацьцю рокамі катарґі, «Я бачыў Магамэта»). Міхайла Асадчага (ягоная табарная аповесьць «Більмо» выйшла 5 замежнымі мовамі), Васіля Рубана («Па той бок дабра»).

З зьяваю шасьцідзясятнікаў востра паўстала праблема «бацькоў і дзяцей» у літаратуры. Маладая ґенэрацыя закідала «літаратурным бацькам» адказнасьць за сталінскія злачынствы, прыстасаванства да дэспатычнага рэжыму, творчую імпатэнцыю («Ода шчыраму баязьліўцу» Івана Драча). Калі паэты — лідэры шэсьцьдзясяцніцтва — пасьля першых арыштаў у 1965 сышлі ў цень, ва «ўнутраную эміґрацыю», М. Халодны не спыняў вайну словам з рэжымам да свайго арышту ў 1972 («Крык з магілы», 1961, «Сёньня ў царкве коні начуюць і воду п’юць…», 1961, «Дзядзька мае заводы і фабрыкі…», 1963, «Сабакі ў месты маюць пашпарты…», 1964, «Паміраюць паэты», 1965, «Маналёґ Франка», 1966, «Таварышам зь вязьніцы», 1966, «Перад аўтапартрэтам Параджанава», 1968, «Пяць жаданьняў патрыёта або інтэрнацыяналізм навыварат», 1970). З свайго боку, некаторыя з старэйшых пісьменьнікаў (Паўло Тычына, Платон Варанько, Мікола Шарамэт, Міхайла Чабаноўскі) варожа паставіліся да экспэрыменту й наватарства шасьцідзясятнікаў.

Для паэзіі шасьцідзясятнікаў характарыстычным было абнаўленьне заштампаванае сацрэалістычнаю даґматыкаю паэтыкі, інтэлектуалізм, захапленьне ўскладненай мэтафарай і сынтаксам, разнастайнасць рытмікі і да т. п.; у прозе — вызвалены ад сацрэалістычнае фальшы рэалістычны малюнак рэчаіснасьці, часта з дасьціпным гумарам (аповеды Рыгора Цюцюньніка), а то й у востра сатырычным пляне («Катастрофа», «Масьліны» Ўладзімера Дразда), хупавыя матывацыі паводзін герояў, цікавасьць гістарычнаю тэматыкаю (Валеры Шаўчук).

Рух шасьцідзясятнікаў выразна пратрымаўся ледзь адно дзесяцірочча. Ужо 17-га сьнежня 1962 року на адмыслова скліканай нарадзе-сустрэчы творчае інтэліґенцыі з кіраўніцтвам дзяржавы іх востра раскрытыкавалі. Пасьля ўнутранага перавароту ў КПСС ды адстаўкі Хрушчова ўвосені 1964 ціск дзяржаўнае цэнзуры на інтэліґенцыю рэзка ўзмацніўся. Пасьля пастановы ЦК КПСС «Пра цэнзуру» (вясна 1965), а асабліва пасьля ўводу войскаў СССР у Чэхаславаччыну (канец «Праскае вясны» ўлетку 1968 року) КПСС узяла курс на рэстаўрацыю таталітарызму. З «адлігаю» ў культуры ды палітыкаю лібэралізацыі было пакончана. Пасьля Прагі адзінаўладна кіруючая краінаю партыя (КПСС) небеспадстаўна бачыла ў творчай, лібэральнай ды дэмакратычнай інтэліґенцыі галоўную пагрозу сваёй дыктатуры, манаполіі на ўладу.

Рух шасьцідзясятнікаў быў разгромлены або загнаны ва ўнутранае «духоўнае падпольле» арыштамі 1965—1972 рр. У гэтым працэсе частка шасьцідзясятнікаў без асаблівага супраціву перайшла на афіцыйныя пазіцыі (В.Каротыч, І. Драч, В.Дрозд, Я.Гуцала ды інш.), некаторых на доўгі час (Л.Кастэнка), а іншых наогул перасталі друкаваць (Б.Мамайсур, В.Галабародзька, Я.Ступак).

Яшчэ іншых, што не спынялі супраціву нацыянальнай дыскрымінацыі і русіфікацыі, арыштавалі й пакаралі шматрочным зьняволеньнем (Іван Сьвятлічны, Яўген Сьвярсьцюк, Васіль Стус, Ірына Калінец, Ігар Калінец, Валеры Марчанка ды інш.), у якім яны або загінулі (В. Стус, В. Марчанка), або пасьля зьняволеньня ім цалкам быў забаронены ўдзел у літаратурным працэсе. З гэтых апошніх, што былі арыштаваныя, адзіны Іван Дзюба афіцыйна капітуляваў і быў вызвалены з кратаў і дапушчаны да літаратурнай працы, але ўжо цалкам у рэчышчы сацрэалізму.

У выніку гэтых працэсаў у пачатку 1970-х літаратурны рух шасьцідзясятнікаў цалкам зьнік, толькі ў творчасьці некалькіх паэтаў і празаікаў (Ліна Кастэнка, Валеры Шаўчук) захаваліся прыкметы літаратурнага аднаўленьня, імі пачатага.

Акрамя таго, рух шасьцідзясятнікаў адыграў значную ролю ў распаўсюдзе самвыдатчае літаратуры і галоўнае — ва ўзмацненьні ва Ўкраіне супраціву супраць расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму й русіфікацыі (кніга Івана Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя?», эсэі Я. Сьвярсьцюка, самвыдаўныя паэзіі шматлікіх аўтараў, у прыватнасьці В. Сыманенкі, М. Халоднага — пратэсныя творы двох маладых паэтаў найбольш памнажаліся й распаўсюджваліся, і іншых, выкрывальныя памфлеты і пратэсныя лісты літаратуразнаўцаў В. Стуса. В. Марчанкі і г. д.).

Украінскія шасьцідзясятнікі ў мастацтве

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Украінскія мастакі-шасьцідзясятнікі сваімі творамі ды актыўнаю грамадзкаю дзейнасьцю спрабавалі адраджаць нацыянальную сьвядомасьць, змагаліся за захаваньне ўкраінскае мовы й культуры, спрыялі дэмакратызацыі грамадзка-палітычнага жыцьця ў рэспубліцы.

Усьведамленьне ўкраінскаю творчаю моладзьдзю злачыннага характару камуністычнае сыстэмы спрыяла яе вызваленьню з-пад уплыву ідэаляґічных доґмаў «сацыялістычнага рэалізму», павысіла статус агульначалавечых каштоўнасьцяў ды ідэалаў. Фармаваньне сьветапогляду шасьцідзясятнікаў адбывалася пад уплывам гуманістычнае культуры Захаду, знаёмства зь якою спрыяла росту цікавасьці да спадчыны ўласнае культуры, гісторыі ды традыцыяў украінскага народу. Шасьцідзясятнікі ў сваіх працах спрабавалі мовіць пра сапраўдныя праблемы жыцьця, балючыя праблемы, што замоўчваліся ў часы сталінізму і якія хвалявалі тагачаснае ўкраінскае грамадзтва.

Найвядомейшымі прадстаўнікамі шасьцідзясятніцтва былі паэты і празаікі Мікола Вінграноўскі, Васіль Галабародзька, Яўген Гуцала, Іван Драч, Вілэн Барскі, Раман Іванічук, Ірына ды Ігар Калінцы, Г. Кірычанка, Ліна Кастэнка, Барыс Мамайсур, Юры Мушкэтык, Мікола Рудэнка, Яўген Сьвярсьцюк, Іван Сьвятлічны, Васіль Сыманэнка, Грыгір Цюцюньнік, Валеры Шаўчук; мастакі Алла Горская, Апанас Заліваха, Барыс Плаксі, Віктар Зарэцкі, В. Кушнір, Галіна Сяўрук, Людміла Сямікіна, Сьцяфанія Шабатура; рэжысэры Сяргей Параджанаў, Юры Ільленка, Леанід Асыка, Лесь Танюк; перакладнікі Рыгор Кочур ды Мікола Лукаш.

На пачатку 1960 рокаў дзеялі клюбы творчае моладзі — кіеўскі «Сучасьнік» (старшыня — Лесь Танюк) і львоўскі «Пралесак» (старшыня — Міхайла Косаў), якія сталі цэнтрамі грамадзкае дзейнасьці шасьцідзясятнікаў. У клюбах адбываліся літаратурныя сустрэчы, вечарыны памяці, тэатральныя пастановы, дзе маладыя мастакі фармавалі ўласны сьветапогляд ды сьветаразуменне сваіх слухачоў і чытачоў.

З 1963 распачалася хваля ідэаляґічных абвінавачваньняў у адрэсу шасьцідзясятнікаў, перш за ўсё ў нацыяналізьме. Улада разгарнула кампанію ганеньня шасьцідзясятнікаў у прэсе, на паседжаньнях суполак ды разнастайных сходах. Партыйныя ды карныя орґаны забаранялі, а затым і разганялі літаратурна-мастацкія сустрэчы і творчыя вечарыны шасьцідзясятнікаў, зачынялі клюбы творчае моладзі. Паступова большасьць шасьцідзясятнікаў была пазбаўленая змогі выдаваць свае творы, іх звальнялі з працы, супраць іх ладзіліся правакацыі.

Некаторыя шасьцідзясятнікі пад ціскам уладаў прыстасаваліся да новых умоваў і перайшлі на афіцыйныя пазыцыі. Аднак большасьць шасьцідзясятнікаў не зьмірыліся і мужна адстойвалі свае перакананьні, іх творы працягвалі зьяўляцца ў самвыдаце, і ўжо замест чыста культураляґічных праблемаў усё часьцей аналізаваліся пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця, у прыватнасьці каляніяльнага стану рэспублікі ў складзе СССР і неабходнасьці стварэньня арґанізаванага вызвольнага руху.

Зь сярэдзіны 1960-х шасьцідзясятнікі распачалі фармаваньне палітычнае апазыцыі камуністычнаму рэжыму і неўзабаве сталі актыўнымі ўдзельнікамі дысыдэнцкага руху ва Ўкраіне, у прыватнасьці ў якасьці чальцоў Украінскае Хэльсынскае ґрупы.

Шасьцідзясятнікі ў філятэліі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Канвэрт першага дня Ўкраіны, прысьвячаны «Шасьцідзясятнікам», з партрэтамі Алы Горскае (2019)

22 лістапада 2019 року «Укрпошта» ўвяла у зварот паштовую марку «Шасьцідзясятнікі. Іван Сьвятлічны (1929—1992)» (№ 1786); дызайн Васіля Васіленкі, намінал 8 грн[3]. Марка гасілася штэмпелем першага дня ў Кіеве на мастацкім немаркіраваным канвэрце, які быў ужываны як канвэрт першага дня (КПД). На канвэрце адлюстраваны партрэт мастачкі Алы Горскае (1929—1970).

  1. ^ Історичні міфи і стереотипи та міжнаціональні відносини в сучасній Україні / за ред. Л. Зашкільняка. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича НАН України, 2009. — 472 с (с.: 28)
  2. ^ Ярослав Секо ІСТОРИЧНИЙ ДИСКУРС УКРАЇНСЬКИХ ШІСТДЕСЯТНИКІВ / Україна-Європа-Світ. Міжнародний збірник наукових праць. Серія: Історія, міжнародні відносини / Гол. ред. Л. М. Алексієвець. — Тернопіль: Вид-во ТНПУ ім. В. Гнатюка, 2010. — Вип. 5. У 2 ч.: Україна-Європа-Світ: історико-політичні та гуманітарні аспекти розвитку / Міжнародний збірник наукових праць на пошану проф. М. М. Алексієвця. — Ч. 1. — 373 с.
  3. ^ «Шістдесятники». https://ukrposhta.ua/Праверана 2019-11-22 г.