Перайсьці да зьместу

Царква Сьвятога Юрыя (Давыд-Гарадок)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятога Юрыя
Юр’еўская царква
Юр’еўская царква
Краіна Беларусь
Места Давыд-Гарадок
Каардынаты 52°03′21.87″ пн. ш. 27°13′41.53″ у. д. / 52.056075° пн. ш. 27.2282028° у. д. / 52.056075; 27.2282028Каардынаты: 52°03′21.87″ пн. ш. 27°13′41.53″ у. д. / 52.056075° пн. ш. 27.2282028° у. д. / 52.056075; 27.2282028
Канфэсія Беларускі экзархат
Эпархія Берасьцейская і Кобрынская япархія і Пінская япархія 
Архітэктурны стыль народнае дойлідзтва Беларусі[d] і усходнепалеская школа дойлідзтва
Першае згадваньне 1675
Дата заснаваньня XVII ст.
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Царква Сьвятога Юрыя на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Юрыя
Царква Сьвятога Юрыя
Царква Сьвятога Юрыя
Царква Сьвятога Юрыя на Вікісховішчы

Царква Сьвятога Юрыя[a] — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Давыд-Гарадку. Знаходзіцца на старажытных могілках, на гістарычнай Альшанскай вуліцы. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Утварае адзіны ансамбль з 4-яруснай званіцай, накрытай шатровым дахам.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляную могілкавую царкву ў Давыд-Гадаку збудавалі ў XVII ст. у традыцыях Усходнепалескай школы дойлідзтва. У 1663 годзе Іван Дубянецкі пакінуў ёй у спадчыну маёнтак. Царква ўпамінаецца ў інвэнтары 1675 году. У 1724—1726 гадох яе перабудавалі. У 1734 годзе інтэр’ер аздаблялі тры разьбяры — Буяк Лявон, Ян, Сямён. У 1751 годзе невядомы майстар стварыў драўляны разны іканастас у стылі барока.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Давыд-Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

За савецкім часам царкву зачынілі. У 1990-я гады будынак перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярахту.

Помнік [традыцыйная беларуская драўляная архітэктура|традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры]]. Гэта 2-зрубны будынак глыбінна-восевай кампазыцыі, які ўлучае прастакутны ў пляне бабінец, асноўны аб’ём і алтарную апсыду, накрытыя 4-граннымі шатровымі дахамі з купаламі-банямі на 8-гранных барабанах. Да апсыды з поўначы далучаецца рызьніца, да бабінца з захаду — тамбур, завершаныя 2-схільнымі дахамі. Асноўны аб’ём мае дадатковы чацьверыковы ярус, які абапіраецца на бэлькі паміж зрубамі бабінца і алтара. Ярусы падзяляе прычолак. Сьцены ўмацоўваюцца шырокімі лапаткамі. Вонкавая шалёўка гарызантальная ў верхняй частцы, і вэртыкальная і ў «елку» ў ніжняй частцы сьценаў. Вокны з 3-гранным завяршэньнем і крыжападобныя (у верхнім ярусе асноўнага аб’ёма). Дахі над бабінцам і апсыдай крыху маюць лёгкі зрух на захад і ўсход і злучаюцца з цэнтральным аб’ёмам (2-схільнымі стрэшкамі паміж асобнымі вярхамі). У кампазыцыйнай будове царквы выкарыстоўваецца сыстэма прапорцыяў, пры якой дыяганаль цэнтральнага аб’ёму ў пляне вызначае яго вышыню да асновы барабана купальнай банькі.

У інтэр’еры дамінуе цэнтральны 2-сьветлавы аб’ём, злучаны з бабінцам аркавым праёмам і аддзелены ад апсыды іканастасам. Усе памяшканьні маюць роўныя бэлечныя перакрыцьці. Існуе меркаваньне, што раней шатровыя вярхі адкрываліся ў інтэр’ер. Драўляны разны іканастас стаіць на высокім цокалі з маляўнічымі кампазыцыямі «Хрыстос Пастыр», «Краявід з гарой», «Архістратыг Міхал». У ім чатыры рады. Першы зьнізу рад — мясцовы. Ён падзяляецца разнымі залачонымі калёнкамі на сем праёмаў: у цэнтральным знаходзіліся царскія вароты (цяпер у Заслаўскім музэі рамёстваў і народных промыслаў), паабапал разьмяшчаюцца абразы «Маці Божая Адзігітрыя» ў абкладзе 1752 годзе, выкананым майстрамі Мікітай і Пархомам, і «Хрыстос Уседзяржыцель» у абкладзе 1767 годе (работы Д. Ткачука і С. Грэчкі). Другі рад — сьвяточны. У ім дванаццаць кампазыцыяў на тэмы жыцьця Маці Божай і Ісуса Хрыста. Трэці рад — апостальскі. Ён зьмяшчае выявы дванаццаці апосталаў. Завяршае іканастас чацьверты (прарочы) рад, які складаецца з шасьці абразоў. Вэртыкальную вось іканастаса ўтвараюць разьмешчаныя над царскімі варотамі абразы «Тайная вячэра», «Спас Архірэй» і «Саваоф». Адзінства кампазыцыйнай будовы твораў і іх колеравага разьвязку спрыяе стварэньню суцэльнага мастацкага аблічча, адпаведнага архітэктуры царквы. У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манумэнтальнасьцю кампазыцыі, урачыстасьцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажом. Іканастас мае багатую размалёўку, яго аздабляюць асобныя залачоныя разныя накладкі. Відаць, ува ўпрыгожваньні царквы бралі ўдзел мясцовыя майстры-мастакі Піліп (1663—1681), Пётар (1681), Яцко Кавалевіч (1691—1696), Карней (1702—1763), Яцко (1724—1760), Камей і Ярко (1734—1785), залатары Пракоп Грэчка (1633—?), Андрэй (1653—1702), Сайка (1665—1724), Ярко (1681—1724), Пархом (1724—1760), Сямён і Мікіта (1724—1760), Хвяско, Андрэйка, Грышка (1724—?)[1].

  1. ^ Назва помніка архітэктуры прыводзіцца паводле беларускай гістарычнай традыцыі. Цяперашні афіцыйны тытул: «Царква Сьвятога Георгія» або «Сьвята-Георгіеўская царква» (рас. Церковь Святого Георгия, Свято-Георгиевская церковь); таксама Юр'еўская царква
  1. ^ Якімовіч Ю., Вецер Э. Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 191.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000190