Усходнепалеская школа дойлідзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ґеоргіеўская царква ў Сінкевічах, па марцы РБ, прысьвечанай Усходняму Палесьсю.

Усходнепалеская, або Прыпяцкая школа дойлідзтва сфармавалася, як і заходнепалеская школа, у XVII—XVIII староччах у драўляным грамадзянскім і культавым дойлідзтве Беларускага Палесься, і разьвівалася да пачатку XX старочча. Склалася ў Прыпяцкім Палесьсі й верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, усходу Берасьцейскай і поўдні Менскай вобласьцяў). На раньнім этапе заўважалася сувязь школы з Бойкаўшчынай (Украінскія Карпаты), на позьнім пэўны ўплыў зрабіла дойлідзтва Левабярэжнай Украіны.

Народнае жыльлё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для асноўнай часткі гэтай тэрыторыі характэрныя вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары й дзьвюх-, трохкамэрныя хаты. Жыльлё й гаспадарчыя пабудовы вылучаліся тэхнікай складаньня сьцен зь бярвён (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвён «астатку» счэсваліся на шэсьць граней), выкарыстаньнем двухсхільных дранічных дахаў на зволаках. У паўднёвай частцы зоны сустракаліся цэнтрычныя пабудовы жылога й гаспадарчага прызначэньня зь вянковым пірамідальным перакрыцьцём. На паўднёвым усходзе многія жылыя будынкі мелі квадратны плян і вальмавы каркасны дах.

Культавае дойлідзтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхайлаўская царква са званіцай у Рубелі
Царква Сьвятога Міхала Арханёла ў Слуцку

У культавым дойлідзтве, разам з храмамі падоўжна-восевай кампазыцыі, былі пашыраныя храмы глыбінна-прасторавай і крыжова-цэнтрычнай кампазыцыі зь яруснымі вярхамі. На раньняй стадыі разьвіцьця школы, у XVII — 1-й палове XVIII стагодзьдзяў, вярхі чацьверыковыя пірамідальныя, як у Сінкевіцкай Ґеоргіеўскай царкве, пад уплывам стылю барока расла колькасьць заломаў, як у Слуцкай Міхайлаўскай царкве), вярхі станавіліся васьмерыковымі, як у Старабеліцкай Мікалаеўскай царкве.

Стараверская Ільінская царква ў Гомелі

У другой палове XVIII — пачатку XIX стагодзьдяў усходнепалескай школай выпрацаваны арыґінальны прыём узмацненьня кантрасту кампазыцыі цэнтральнага храмавага абʼёму ў выніку пастаноўкі паміж дзьвума васьмерыкамі чацьверыка, падобны прыём выкарыстаны ў Рубельскай Міхайлаўскай царкве. Такі прыём характэрны й для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазыцыі са званіцамі на галоўным фасадзе (Гомельская Ільінская царква).