Уладзімер Высоцкі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Высоцкі.
Уладзімер Высоцкі | |
па-расейску: Владимир Семёнович Высоцкий | |
Дата нараджэньня | 25 студзеня 1938 |
---|---|
Месца нараджэньня | Масква, СССР |
Дата сьмерці | 25 ліпеня 1980 |
Месца сьмерці | Масква, СССР |
Прычына сьмерці | інфаркт міякарда |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | СССР |
Месца вучобы | |
Прафэсія | выканаўца, актор, паэт |
Месца працы | |
Гады дзейнасьці | 1959—1980 |
Жанры | аўтарская песьня |
Інструмэнты | гітара |
Лэйблы | Мэлёдыя[d] |
Бацька | Сямён Высоцкі[d] |
Дзеці | Аркадзь Высоцкі[d] і Мікіта Высоцкі[d] |
Узнагароды | |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Подпіс | |
Уладзі́мер Высо́цкі (па-расейску: Владимир Семёнович Высоцкий; 25 студзеня 1938, Масква, СССР — 25 ліпеня 1980, Масква, СССР) — вядомы савецкі музыка, актор, паэт, аўтар сотняў песьняў на ўласныя вершы.
У якасьці аўтара й выканаўцы песень уласнага складаньня пад гітару заваяваў шырокую папулярнасьць. У 70-я XX стагодзьдзя грамадзяне СССР набывалі магнітафоны (дарагая па тых часах купля, большая за месячны заработак[1]) адмыслова для таго, каб слухаць песьні Ўладзімера Высоцкага.
Шматлікія яго песьні сталі народнымі, а імёны герояў гэтых песень сталі намінальнымі. І гэта нягледзячы на тое, што ні яго песьні, ні само яго імя ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі СССР практычна ня згадваліся.
Высоцкі напісаў каля 700 песьняў і вершаў, сыграў каля трыццаці роляў у фільмах, граў у тэатры, аб’езьдзіў з канцэртамі амаль усю краіну, яго прымалі й ведалі ў Францыі, Вугоршчыне, Баўгарыі, Польшчы, ЗША й іншых краінах сьвету. Высоцкі закранаў у гады строгай цэнзуры забароненыя тэмы (напрыклад, у раньнія гады выконваў блатныя песьні), сьпяваў аб паўсядзённым савецкім жыцьці й аб Вялікай Айчыннай Вайне — усё гэта й прынесла яму шырокую папулярнасьць.
Паводле вынікаў апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучаньня грамадзкай думкі, які праводзіўся ў 2010 годзе, Высоцкі заняў другое месца ў сьпісе «куміраў XX стагодзьдзя» пасьля Юрыя Гагарына. Апытаньне, праведзенае фондам «Грамадзкай думкі» ў сярэдзіне ліпеня 2011 году, прадэманстравала, што, нягледзячы на зьніжэньне цікавасьці да творчасьці Высоцкага, абсалютная большасьць яго ведае, а каля 70% адказалі, што ставяцца да яго станоўча й лічаць ягоную творчасьць важнай зьявай расейскай культуры XX стагодзьдзя[2].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне роду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На сёньняшні час дасьледчыкі сыходзяцца на думцы, што род Высоцкіх эўрапейскага паходжаньня, зь мястэчка Сялец Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні, цяпер — Берасьцейская вобласьць, Беларусь. Прозьвішча, магчыма, зьвязанае з назваю места Высокае Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці.
Непасрэдна пра бацькоў:
- Бацька — Сямён Вольфавіч Высоцкі (1915—1997) нарадзіўся ў Кіеве, быў вайскоўцам, вэтэранам Другой сусьветнай вайны, згодна з кіеўскімі дасьледчыкамі й успамінамі кузіны паэта Ірэны Высоцкай[3].
- Маці — Ніна Максімаўна (народжаная Сярогіна, 1912—2003), скончыла маскоўскі інстытут замежных моваў, працавала перакладчыкам-рэфэрэнтам нямецкай мовы ў замежным аддзеле УЦРПС, потым гідам у «Інтурысьце». У першыя рокі вайны служыла ў бюро транскрыпцыі пры Галоўным упраўленьні геадэзіі й картаграфіі МУС СССР. Скончыла сваю прафэсійную дзейнасьць начальнікам бюро тэхнічнай дакумэнтацыі[4].
Дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уладзімер Высоцкі нарадзіўся 25 студзеня 1938 году ў радзільным доме на Трэцяй Мяшчанскай вуліцы (цяпер гэта вул. Шчэпкіна). Раньняе дзяцінства ён правёў у маскоўскай камунальнай кватэры на 1-й Мяшчанскай вуліцы (цяпер праспэкт Міра): «… На 38 пакояў была ўсяго адна прыбіральня …» — напісаў у 1975 годзе Высоцкі пра сваё раньняе дзяцінства. У час Вялікай Айчыннай вайны ў 1941—1943 гадох жыў з маці ў эвакуацыі ў вёсцы Варанцоўка, за 20 км ад райцэнтру — гораду Бузулук Чкалаўскай (цяпер — Арэнбурскай) вобласьці. У 1943 годзе вярнуўся ў Маскву, на 1-ю Мяшчанскую вуліцу, 126 (з 1957 году — праспэкт Міра). У 1945 годзе Высоцкі пайшоў у першую клясу 273-й школы Растокінскага раёну Масквы.
Празь некаторы час пасьля разводу бацькоў, у 1947 годзе, Уладзімер пераехаў жыць да бацькі й ягонай другой жонкі — Яўгеніі Сьцяпанаўны Высоцкай-Ліхалатавай, якую сам Высоцкі называў «мама Жэня». У 1947—1949 гадох яны пражывалі ў мястэчку Эбэрсвальд у Нямеччыне, дзе ў той час служыў ягоны бацька. Там малады Валодзя навучыўся граць на фартэпіяна.
У кастрычніку 1949 году ён вярнуўся ў Маскву і пайшоў у 5-ю клясу мужчынскай сярэдняй школы № 186 (у цяперашні час там разьмяшчаецца галоўны корпус Расейскай прававой акадэміі Міністэрства юстыцыі). У гэты час сям’я Высоцкіх жыла на Вялікім Карэтным завулку, 15, кв. 4. Цяпер на доме ўсталявана мэмарыяльная дошка, выкананая маскоўскім архітэктарам Робэртам Гаспаранам, — першай, яшчэ з савецкіх часоў, памятнай дошкай паэта. Гэты завулак ушанаваны ў ягонай песьні: «Дзе твае сямнаццаць гадоў? На Вялікім Карэтным!».
Пачатак артыстычнай кар’еры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1953 году Высоцкі наведваў драматычны гурток у Доме настаўніка, які кіраваўся артыстам МХАТ Багамолавым. У 1955 годзе скончыў сярэднюю школу № 186, і, па патрабаваньні сваякоў, паступіў на мэханічны факультэт Маскоўскага інжынэрна-будаўнічага інстытуту імя Куйбышава, зь якога сышоў пасьля першага сэмэстру[5].
Рашэньне аб сыходзе было прынята ў навагоднюю ноч з 1955 на 1956 год. Разам са школьным сябрам Высоцкага, Ігарам Каханоўскім, зь якім было вырашана правесьці навагоднюю ноч вельмі своеасаблівым чынам — за выкананьнем чарцяжоў, безь якіх іх не дапусьцілі бы да сэсіі. Дзесьці а другой гадзіны ночы чарцяжы былі гатовыя. Але тут Высоцкі ўстаў і, узяўшы са стала слоік з тушшу, ці паводле іншай вэрсіі — з рэшткамі моцна заваранай кавы, стаў паліваць ейным зьмесьцівам свой чарцёж. «Усё. Буду рыхтавацца, ёсьць яшчэ паўгады, паспрабую паступіць у тэатральны. А гэта — не маё…». Заява Высоцкага аб адлічэньні з інстытуту па ўласным жаданьні была падпісана 23 сьнежня 1955 году[6].
З 1956 па 1960 гады Высоцкі быў студэнтам акторскага аддзяленьня школы-студыі МХАТ імя Ўладзімера Неміровіча-Данчанкі. Ён займаўся спачатку ў Вяршылава, потым у Масальскага й Камісарава. 1959 год адзначыўся першай тэатральнай працай, Высоцкі згуляў ролю Парфірыя Пятровіча ў навучальным спэктаклі «Злачынства і пакараньне», і першай роляй у кіно ў фільме «Аднагодкі», эпізадычная роля студэнта Пеці. 28 чэрвеня 1960 году адбылося першае згадваньне пра Высоцкага ў цэнтральным друку, у артыкуле Сяргеева «Дзевятнаццаць з МХАТу» ў газэце «Савецкая культура».
Падчас навучаньня на першым курсе Высоцкі пазнаёміўся з Ізай Жукавай, зь якой пабраўся шлюбам увесну 1960 году. У 1960—1964 гадох Высоцкі працаваў у Маскоўскім драматычным тэатры імя Пушкіна, але зь перапынкамі. Там ён згуляў ролю лесуна ў спэктаклі «Пунсовенькая кветачка» паводле казкі Сяргея Аксакова, а таксама яшчэ каля дзесяці роляў, у асноўным — эпізадычных. У 1961 годзе на здымках кінафільму «713-ы просіць пасадку» пазнаёміўся зь Людмілай Абрамавай, якая стала ягонай другой жонкай, аднак афіцыйна шлюб быў зарэгістраваны толькі ў 1965 годзе.
Сталыя гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У далейшым паэтычная й песенная творчасьць, разам з працай у тэатры й кіно, стала галоўнай справай жыцьця Высоцкага. Папрацаваўшы менш за два месяцы ў Маскоўскім тэатры мініятураў, Уладзімер паспрабаваў паступіць у тэатар «Сучасьнік». У 1964 годзе Высоцкі стварыў свае першыя песьні да кінафільмаў і паступіў на працу ў Маскоўскі тэатар драмы й камэдыі на Таганцы, дзе працаваў да канца жыцьця.
У ліпені 1967 году Ўладзімер Высоцкі пазнаёміўся з францускай акторкай расейскага паходжаньня Марынай Уладзі, якая стала ягонай трэцяй жонкай са сьнежня 1970 году.
У чэрвені 1968 году Высоцкі паслаў ліст у ЦК КПСС у сувязі з рэзкай крытыкай ягоных раньніх песьняў у цэнтральных газэтах[7]. У тым жа годзе выйшла ягоная першая аўтарская грамплястынка «Песьні з кінафільму „Вэртыкаль“». Улетку 1969 году ў Высоцкага быў цяжкі прыступ, і тады ён выжыў толькі дзякуючы Марыне Ўладзі, калі яна ў гэты час была ў Маскве. Праходзячы міма ваннай, яна пачула стогны і ўбачыла, што Высоцкі сыходзіць крывёй горлам.
На шчасьце, лекары прывезьлі Высоцкага ў Інстытут хуткай дапамогі імя М. В. Скліфасоўскага своечасова, яшчэ некалькі хвілінаў затрымкі — і ён бы ня выжыў[8]. Лекары змагаліся за ягонае жыцьцё васямнаццаць гадзінаў. Высьветлілася, што прычынай крывацёку зьявіўся трэснутая ў горле судзіна, але ў тэатральных колах некаторы час хадзілі чуткі пра ягоную іншую цяжкую хваробу.
У лістападзе 1971 году ў тэатры на Таганцы адбылася прэм’ера спэктаклю «Гамлет», галоўную ролю ў якім выканаў Высоцкі[5]. 15 чэрвеня 1972 году ў 22:50 па эстонскім тэлебачаньні была паказана 55-хвілінная перадача «Хлопец з Трыножкі» — першае зьяўленьне Высоцкага на савецкім тэлеэкране, калі не лічыць кінафільмаў зь ягоным удзелам. У 1975 годзе Высоцкі пасяліўся ў каапэратыўнай кватэры на Малой Грузінскай вуліцы ў доме нумар 28. У тым жа годзе ў першы й апошні раз прыжыцьцёва быў апублікаваны верш Высоцкага ў савецкім літаратурна-мастацкім зборніку «Дзень паэзіі 1975». Гэтым вершам быў «З дарожнага дзёньніка».
У 1977 годзе часопіс «Тэатар» апублікаваў артыкул Міхаіла Борка «Ўладзімер Высоцкі» аб тэатральных працах актора. 13 лютага 1978 году загадам № 103 Міністэрства культуры СССР, згодна з запісам у атэстацыйным пасьведчаньні артыста № 17114, Уладзімеру Высоцкаму была прысвоена вышэйшая катэгорыя вакаліста-саліста эстрады[9], пасьля чаго Высоцкі ўжо быў афіцыйна прызнаны «сьпеваком-прафэсіяналам».
У 1978 годзе Высоцкі запісаўся на тэлебачаньні Чачэна-Інгускай АССР[10]. А на наступны год удзельнічаў у выданьні альманаху «Мэтраполь». У 1970-х гадох пазнаёміўся ў Парыжы з цыганскім музыкам і артыстам Алёшам Дзьмітрыевічам. Яны неаднаразова выконвалі разам песьні й рамансы й нават зьбіраліся запісаць сумесную плястынку, але Высоцкі памёр у 1980 годзе, і гэты праект не ажыцьцявіўся[11].
Разам з акторамі Тэатру на Таганцы езьдзіў з гастролямі за мяжу, то бок у Баўгарыю, Вугоршчыну, Югаславію, Францыю, НДР, Польшчу. Атрымаўшы дазвол выехаць да жонкі ў Францыю з прыватным візытам, здолеў таксама пабываць некалькі разоў у ЗША, Канадзе, Таіці й іншых краінах.
У СССР па Цэнтральным тэлебачаньні ў гады жыцьця Высоцкага не было паказана ніводнага ягонага канцэртнага выступу або інтэрвію[12].
У траўні 1979 году ў вучэбнай тэлестудыі факультэту журналістыкі МДУ Ўладзімер Высоцкі запісаў відэапасланьне для амэрыканскага актора й рэжысэра Ўорэна Біці. Высоцкі разьлічваў пазнаёміцца зь ім і шукаў магчымасьць зьняцца ў фільме «Чырвоныя», які Біці зьбіраўся зьняць у якасьці рэжысэра. Падчас запісу Высоцкі зрабіў некалькі спробаў размаўляць па-ангельску, імкнучыся пераадолець моўны бар’ер. Відэапасланьне тады гэтак і не дасягнула адрасата. Гэты відэазапіс быў упершыню адкрыта паказаы больш чым праз трыццаць гадоў, разам з матэрыяламі тэлекампаніяў Італіі, Мэксыкі, Польшчы, ЗША й з прыватных архіваў, у майстроў у фільме 2013 году «Уладзімер Высоцкі. Ліст да Ўорэна Біці»[12].
Для Высоцкага гэта было рэдкай магчымасьцю выступіць перад відэакамэрай. Тады ён яшчэ ня меў магчымасьці зрабіць гэта на Цэнтральным тэлебачаньні[12].
22 студзеня 1980 году Высоцкі запісаўся на ЦТ у праграме «Кінапанарама», фрагмэнты якой былі ўпершыню паказаны ў студзені 1981 году, а цалкам перадача выйшла толькі 23 студзеня 1987 году. У першай частцы гэтай перадачы Высоцкі выконваў папуры зь фільму «Вэртыкаль», песьні «Мы круцім Зямлю», «Адна навуковая загадка» й іншыя творы.
Апошнія дні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьцьвярджаецца, што Ўладзімер Высоцкі цярпеў ад алькагольнай залежнасьці на працягу многіх гадоў. Зь цяжкіх станаў, калі адказвалі ныркі й узьнікалі праблемы з сэрцам, лекары выводзілі актора з дапамогай рэчываў наркатычнага шэрагу, і калі ня самі лекары такім чынам «падсадзілі» Высоцкага на наркотыкі, то, ва ўсялякім выпадку, неспадзявана падказалі спосаб «лячэньня» ад алькагалізму. У канцы 1970-х гадоў на зьмену алькаголю прыйшоў марфін, пры гэтым дозы Ўладзімера ўвесь час павялічваліся[13].
На словы Марыны Ўладзі, спробы лячэньня не давалі вынікаў[8], і, як сьцьвярджае Перавозчыкаў, у пачатку 1980 году Высоцкі быў ужо асуджаны: яму прадказвалі хуткую сьмерць альбо ад перадазіроўкі наркотыкаў, альбо ад «ломкі» (абстынэнцыі). Роўна за год да сьмерці, у ліпені 1979 году, Уладзімер Высоцкі ўжо перажыў клінічную сьмерць падчас гастроляў у Бухары. У ліпені 1980 году, у сувязі з правядзеньнем у Маскве Алімпійскіх гульняў, у актора, паводле словаў усё таго ж Перавозчыкава, зноў паўсталі праблемы з набыцьцём наркотыкаў[13].
16 красавіка 1980 году адбыліся апошнія здымкі канцэрту Высоцкага ў Ленінградзкім ВДТ, дзе ён выконваў песьні «Коні пераборлівыя», «Купалы», «Паляваньне на ваўкоў» і расказваў пра сваю творчасьць. Фрагмэнт гэтых здымкаў увайшоў у перадачу Вінаградава «Я вяртаю ваш партрэт». На адваротным баку падвойнага альбому «Сыны ідуць у бой» прыведзены фатаграфіі менавіта з гэтага канцэрту. 2 чэрвеня 1980 году адбыўся адзін з апошніх канцэртаў Высоцкага ў Калінінградзе, на якім яму стала дрэнна.
3 ліпеня 1980 году адбылося выступленьне Высоцкага ў Люберацкім гарадзкім палацы культуры ў Маскоўскай вобласьці, дзе, на словы відавочцаў, ён выглядаў нездаровым, казаў, што адчувае сябе не надта добра, але на сцэне трымаўся бадзёра і, замест паўтары заплянаваных гадзіны, адыграў двухгадзінны канцэрт[14]. 14 ліпеня 1980 году падчас выступу ў МНІІЭМ у Маскве Ўладзімер Высоцкі выканаў адну з сваіх апошніх песень — «Сум мой, туга мая… Варыяцыя на цыганскія тэмы». 16 ліпеня ён правёў свой апошні канцэрт у падмаскоўным Калінінградзе (цяпер Каралёў)[15].
18 ліпеня 1980 году Высоцкі апошні раз зьявіўся ў сваёй самай вядомай ролі ў Тэатры на Таганцы, у ролі Гамлета ў аднайменнай пастаноўцы паводле Шэксьпіра. 25 ліпеня 1980 году Высоцкі памёр у сьне ў сваёй маскоўскай кватэры. Непасрэдная прычына сьмерці застаецца спрэчнай, бо ўкрыцьцё не рабілася. На думку адных, у прыватнасьці, Станіслава Шчарбакова й Леаніда Сульпавара, прычынай сьмерці стала асьфіксія, на думку іншых — востры інфаркт міякарду.
Пахаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уладзімер Высоцкі памёр падчас правядзеньня ў Маскве летніх Алімпійскіх гульняў. Паведамленьняў пра сьмерць артыста, акрамя двух паведамленьняў у «Вячэрняй Маскве» (пра сьмерць і дату грамадзянскай паніхіды) і нэкралёгу ў газэце «Советская культура» (і, магчыма ўжо пасьля пахаваньня, — артыкул памяці Высоцкага ў «Советской России») у савецкіх сродках масавай інфармацыі практычна не друкавалася[16]. Над акенцам тэатральнай касы была вывешана аб’ява: «Памёр актор Уладзімер Высоцкі». І, тым ня менш, ля Тэатру на Таганцы, дзе ён працаваў, сабраўся вялізны натоўп, які знаходзіўся там на працягу некалькіх дзён, то бок у дзень пахаваньня былі таксама запоўненыя людзьмі дахі будынкаў вакол Таганскай плошчы. Пры гэтым ніводны глядач набыты квіток назад ня здаў, цяпер яны маюць калекцыйны статус[17]. 28 ліпеня 1980 году Высоцкі быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паэзія й песьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Высоцкі напісаў звыш 100 вершаў, каля 600 песень і паэму для дзяцей у двух частках, у агульным ліку ягонаму пяру належыць прыблізна 700 паэтычных твораў.
Даволі шмат песень было напісана спэцыяльна для кінафільмаў, але большая іхная частка, часам з тэхнічных прычынаў, але часьцей за ўсё з-за бюракратычных забаронаў[18], у канчатковыя вэрсіі фільмаў не ўвайшла, як то песьні ў фільмы «Зямля Саньнікава», «Другая спроба Віктара Крохіна», «Асаблівае меркаваньне» й іншыя.
Стыль і тэматыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як правіла, Высоцкага адносяць да бардаўскай музыкі, аднак тэматыка песень і манера выкананьня Высоцкага прыкметна адрозьнівалася ад большасьці іншых, «інтэлігентных» бардаў, акрамя таго, сам Уладзімер не прылічаў сябе да бардаўскага руху. Акрамя таго, у адрозьненьне ад большасьці савецкіх бардаў, Высоцкі быў прафэсійным акторам, і ўжо з гэтае прычыны ня можа быць аднесены да самадзейнасьці.
Складана знайсьці бакі жыцьця, якія б Высоцкі не закрануў у сваёй творчасьці. Гэта й «блатныя» песьні, і баляды, і любоўная лірыка, а таксама песьні на палітычныя тэмы, часьцяком сатырычныя ці нават тыя, якія зьмяшчаюць рэзкую крытыку, прамую або, часьцей, напісаную эзопавай мовай, грамадзкага ладу, песьні пра стаўленьне да жыцьця простых людзей, гумарыстычныя песьні й песьні-казкі. Многія песьні напісаны ад першай асобы й пасьля атрымалі назву «песьні-маналёгі». У іншых песьнях магло быць па некалькі герояў, «ролі» якіх Высоцкі выконваў, зьмяняючы голас, як то песьня «Дыялёг перад тэлевізарам». Гэта своеасаблівыя «песьні-спэктаклі», напісаныя для выкананьня адным «акторам».
Высоцкі сьпяваў пра пачуцьцё ўласнай годнасьці людзей як у паўсядзённым жыцьці, гэтак і ў экстрэмальных сытуацыях, пра сілу характару й нягоды чалавечага лёсу, што прынесла яму велізарную папулярнасьць.
Незвычайна й ярка ім прадстаўлена ваенная тэматыка ў песьнях аб Вялікай Айчыннай вайне. Дакладнасьць і вобразнасьць мовы, выкананьне песень «ад першай асобы», шчырасьць аўтара, экспрэсіўнасьць выкананьня стваралі ў слухачоў уражаньне, што Высоцкі сьпяваў аб вопыце ўласнага жыцьця, хоць пераважная частка гісторыяў, расказаных у песьнях, была альбо цалкам ці поўнасьцю прыдуманая аўтарам, альбо заснаваная на апавяданьнях іншых людзей. Дзіцячыя ўражаньні ад вайны перарасьлі ў сталыя паэтычныя пачуцьці.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кошт магнітафону ў СССР
- ^ Большинство россиян по-прежнему знают и любят песни Высоцкого — опрос. interfax.ru
- ^ https://web.archive.org/web/20070716095103/http://www.zn.ua/3000/3680/52462/
- ^ Читать онлайн «Владимир Высоцкий: страницы биографии» автора Зубрилина Светлана Николаевна — RuLIT.Net — Страница 2
- ^ а б Новиков В. И. — Высоцкий. 6-е изд. М., Молодая гвардия, 2010. Серия: Жизнь замечательных людей. Вып. 1248. 474 с ISBN 978-5-235-03353-5.
- ^ Высоцкий: исследования и материалы: в 4 т. Т. 2. Юность / сост.: С. И. Бражников, Ю. А. Куликов, Г. Б. Урвачёва. — М.: ГКЦМ В. С. Высоцкого, 2011. — 400 с.: ил., см. стр. 341
- ^ «Они пришли слушать именно те песни, которые я пел». В. С. Высоцкий — в ЦК КПСС. 24 июня 1968 года // Известия ЦК КПСС — 1989 — № 12 — С. С.129.- 130.
- ^ а б Марина Влади. Владимир, или Прерванный полёт. — М.: Прогресс, 1989. — ISBN 5-01-001751-2
- ^ Биография Владимира Высоцкого. Годы 78-80. Narod.ru
- ^ Відэазапіс быў выдадзены на DVD «Владимир Высоцкий. Грозный — Москва».
- ^ «Alyosha Dimitrievich — Russian Gipsy chanson performer» на сайце barynya.com
- ^ а б в Владимир Высоцкий. Письмо Уоррену Битти. Russia.tv
- ^ а б Перевозчиков В. Правда смертного часа. Посмертная судьба. — М.: Вагриус, 2006. — ISBN 5-9697-0318-4
- ^ Л. Симакова. Владимир Высоцкий в Люберецком районе Московской области
- ^ Каталёг выступаў Уладзімера Высоцкага. v-vysotsky.com
- ^ Владимир Желтов. Жизнь и смерть Владимира Высоцкого // Смена
- ^ Інтэрвію з рэжысэрам Юрыем Ліімавым. Сайт Тэатру на Таганцы
- ^ Владимир Высоцкий в кино. — М.: Союз кинематографистов СССР. Всесоюзное ТПО «Киноцентр», 1990 года
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ён ня вярнуўся з бою; Я не люблю. [Пераклаў А. Хатыс] // Паўночнае зьзяньне. № 2. Якуцк. 1993. С. 4-5.
- Баркоўскі А. Марына Ўладзі аб беларусах. // Голас часу. № 6. Лёндан. № 6. С. 16-17.
- Ён не вярнуўся з бою. [Пераклаў А. Баркоўскі] // Голас часу. № 6. Лёндан. Б. 17-18.
- Беларускі Высоцкі: Дыялог ля тэлевізара; Коні пераборлівыя; Я не люблю. [Пераклаў А. Баркоўскі] // Чырвоная Зьмена. Менск. 16 чэрвеня 1994. С.4
- Памяць: Ён не вярнуўся з бою; Сыны ідуць у бой. [Пераклаў А. Баркоўскі] // Чырвоная Зьмена. Менск. 16 ліпеня 1994. С. 3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уладзімер Высоцкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 25 студзеня
- Нарадзіліся ў 1938 годзе
- Нарадзіліся 25 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1980 годзе
- Пахаваныя на Ваганькаўскіх могілках
- Выпускнікі Школы-студыі МХАТ
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
- Савецкія музыкі
- Савецкія літаратары
- Савецкія акторы
- Савецкія барды
- Савецкія паэты
- Нарадзіліся ў Маскве
- Памерлі ў Маскве
- Расейцы беларускага паходжаньня
- Уладзімер Высоцкі