Украінскія чамярысы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Украі́нскія чамяры́сы (укр. українські чемериси) — этнагрупа фіна-вугорскага народу марыйцаў, што перасяліліся ва ўкраінскія ваяводзтвы Рэчы Паспалітай у 1527 годзе, а таксама цягам сарака год г.зв. чараміскіх войнаў. Паводле ўласнага паходжаньня зьяўляюцца адной з найстарэйшых і кампактных групаў фіна-вугорскага насельніцтва Ўкраіны, вядомая пад састарэлым этнонімам чамярыс (укр. чемерис, параўн. з састарэлым рас. черемис). Паводле зьвестак акадэміка Я. Дашкевіча ўкраінскія чамярысы захоўвалі нацыянальную ідэнтычнасьць, мову й традыцыйную рэлігію да канца XVIII ст., г.зв. барскія чамярысы (ад места Бар у Віньніцкай вобласьці) — да канца ХІХ ст.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назоўнік чамярысы ёсьць засвоеным з украінскае мовы, у якой, у сваю чаргу, зьяўляецца ўкраінскім экзаэтнонімам для ўкраінскіх марыйцаў, адрозьніваючыся ад саманазваў марыйцаў марий, мары, маре, мӓрӹ. Украінскія марыйцы паходзяць з марыйскіх рэгіёнаў Паволжа, адкуль частка марйцаў, пасьля перасяленьня ў якасьці палонных на заходнія межы Маскоўскай дзяржавы, у 1527 годзе зьбегла праз тэрыторыі сучаснае Беларусі на Валынь. Пазьнейшыя міграцыі пэрыяду XVI ст. зьвязаныя з паўстаньнямі марыйцаў супраць расейскіх уладаў, у другой палове XVIII ст. новая хваля марыйскіх перасяленцаў зьявілася ў якасьці прыгонных сялянаў-уцекачоў з Курскай губэрні.

З 15411542 гадоў асноўным месцам расьсяленьня чамярысаў стала мястэчка Бар на Падольлі, дзе чамярыская грамада ўтварыла ўласны квартал — г.зв. Чамярыскі Бар. Займаліся вартавай службай, абараняючы памежнае Падольле ад крымскіх татараў і беручы ўдзел у выправах на Прычарнамор’е. Апрача вайсковых справаў займаліся хлебаробствам, агародніцтвам, жывёлагадоўляй, пчалярствам і паляваньнем.

Іншымі чамярыскімі паселішчамі зьяўляліся Чарамісы (з 1600 году, занепадае ў пачатку XVIII ст.), прадмесьце Чарамісаўка сучаснага сяла Сальнік Віньніцкай вобласьці (заснаванае ў 1607 годзе), Чамерпаль (з 1730-х гадоў, сучасная Кіраваградзкая вобласьць), а таксама сяло Чамярысы каля Бару (раней вядомае як Чамярыскі Бар); асобнымі сем’ямі зь сярэдзіны XVI ст. жылі ў мястэчку Канеў.

Паводле прыблізных падлікаў у 70-х гадох XVI ст. на Падольлі пражывала ня менш за 1—1,5 тыс. чамярысаў, у 70-х гадох наступнага стагодзьдзя — блізу 10 тысячаў. Да канца XVII ст. былі кансалідаваным астраўным этнасам з досыць трывалымі этнічнымі бар’ерамі.

Бралі параўнальна актыўны ўдзел у паўстанцкім руху Багдана Хмяльніцкага, асноўная маса пераходзіла на бок казакоў і ўтварала асобныя кавалерыйскія часткі або ўваходзіла ў склад палкоў. У 1672 годзе разам з татарскімі атрадамі знаходзіліся на польскай службе; як і татары, перажывалі дыскрымінацыю на нацыянальным грунце. Пазьней перайшлі на бок Асманскай імпэрыі, дзе налічвалася каля 2000 жаўнераў. Акрамя гэтага, каля 400 чалавек знаходзілася на службе малдоўскага войска. Цэнтрамі дадзеных групаў чамярысаў зьяўляліся гарады Камянец-Падольскі й Бар. У складзе войска гетмана Паўла Дарашэнкі ваявалі з гетманамі Міхаілам Даненкам і Іванам Самайловічам, а таксама з расейскімі войскамі, якія бралі ў аблогу Чыгірын у 16721673 гг. У гэтыя часы прадстаўлялі значную вайсковую групоўку на Падольлі, але ўжо ў 1699 годзе эмігравалі на землі каля дэльты Дунаю й ваколіцы Хоціну. Пазьней вярнуліся пад імем валоскіх чамярысаў. У 50—60 гг. ХІХ ст. панскія чамярысы змагаліся з расейскай адміністрацыяй за аднаўленьне ўласных правоў і скасаваньне паншчыны.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ва ўласным ужытку чамярысы выкарыстоўвалі горнамарыйскую мову, якая належыць да волскае групы фіна-вугорскае галіны ўральскае сям’і моваў. У рэлігійным дачыненьні спачатку былі язычнікамі й прытрымліваліся традыцыйных марыйскіх вераваньняў, пазьней успрынялі праваслаўе. У моўным пляне ўжо ў XVII ст. асыміляваліся з украінцамі.

Пражываньне марыйцаў пакінула ва Ўкраіне сьляды ў антрапаніміі (прозьвішча Чамярыс), тапаніміцы, матэрыяльнай культуры, а таксама ва ўкраінскім фальклёры Падольля. У матэрыяльнай культуры, напрыклад, адзначаюцца чамерка — мужчынскае адзеньне для верхавой язды, што было распаўсюджанае да 20-х гадоў ХХ ст., а таксама чамярыская вышываная сарочка XVII — пачатку XVIII ст., якая ўплывала на ўкраінскую.

У асобных гістарычных крыніцах і літаратуры часам атаясамліваліся з татарамі-ліпкамі, для чаго, аднак, не існуе падставаў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Етнічні меншини Україні. — Київ, 1996. — С. 164—165
  • Энциклопедия Республики Марий Эл / отв. ред. Н. И. Сараева. — Йошкар-Ола, 2009. — С.812

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]