Перайсьці да зьместу

Транснацыянальная карпарацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Транснацыянальная кампанія»)

Транснацыяна́льная карпара́цыя (ТНК) — прадпрыемства, якое зьдзяйсьняе выраб прадукцыі на аснове наўпроставых іншаземных інвэстыцыяў і мае прамы кантроль над сваімі замежнымі філіямі.

Гэта міжнародная кампанія, бо валодае ці кантралюе выраб прадукцыі або паслуг па-за межамі краіны базаваньня, у розных частках сьвету, разьмяркоўваючы там свае філіі, якія функцыянуюць у адпаведнасьці з глябальнай стратэгіяй матчынай кампаніі. ТНК таксама часта называюць кампаніі, у якіх на замежныя актывы прыпадае каля 25-30 адсоткаў і якія маюць філіі ў дзьвюх і болей краінах сьвету.

Краіна базаваньня — гэта краіна, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ТНК.

Прымаючыя краіны — гэта краіны, у якіх ТНК зьмяшчае ўласныя прадмпрыемствы або філіі на аснове наўпроставых іншаземных інвэстыцыяў.

Макраструктура ТНК вызначае характар зносінаў паміж яе структурнымі элемэнтамі: матчынай кампаніяй і падпарадкаванымі ёй прадпрыемствамі. Як правіла, у цэнтры ТНК знаходзіцца матчына кампанія, якая зьдзяйсьняе плянаваньне, кіраваньне й кантроль над іншымі падразьдзеламі ТНК.

Згодна з мэтадалёгіяй ЮНКТАД замежныя падразьдзяленьні ТНК могуць быць 3 відаў:

  • Даччынае прадпрыемства — гэта акцыянэрнае прадпрыемства ў прымаючай краіне, больш за палову акцыяў якога «знаходзіцца ва ўласнасьці іншага прадпрыемства, якое мае права прызначаць або адхіляць большасьць чальцоў адміністрацыйных, кіраўніцкіх або наглядальных органаў». Такім чынам даччынае прадпрыемства цалкам кантралюецца матчынай кампаніяй ТНК.
  • Асацыяваная кампанія — гэта акцыянэрнае прадпрыемства ў прымаючай краіне, у якога «ад 10 да 50 адсоткаў акцыяў належаць замежнаму інвэстару». Пры гэтым матчына кампанія атрымлівае толькі частковы кантроль над асацыяванай кампаніяй у межах той долі акцыяў, якія ёй належаць.
  • Філія — неакцыянэрнае прадпрыемства, якое цалкам або часткова «знаходзіцца ва ўласнасьці інвэстара, пры гэтым можа прымаць наступныя формы: 1) сталае прадстаўніцтва іншаземнага інвэстара ў пэўнай краіне; 2) неакцыянэрнае сумеснае прадппрыемства, сфармаванае замежным інвэстарам і трэцімі бакамі; 3) зямельныя ўчасткі й/або нерухомасьць, што наўпрост належаць іншаземнаму рэзыдэнту»

Мэханізмы дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ТНК зьдзяйсьняюць сваю дзейнасьць, грунтуючыся на некалькіх галоўных прынцыпах:

  • Ажыцьцяўленьне прамых замежных інвэстыцыяў з мэтаю стварэньня вытворчых магутнасьцяў за мяжой.
  • Выкарыстаньне розных формаў міжнароднага падзелу працы (прадметная, дэталёвая, тэхналягічная спэцыялізацыя), якая дазваляе зьмяшчаць розныя зьвёны вытворчага працэсу ў розных частках сьвету
  • Распрацоўка, перадача й выкарыстаньне перадавой тэхналёгіі ў межах замкнёнай карпаратыўнай структуры, што дазваляе максымальна эфэктыўна выкарыстоўваць выдаткі на дасьледаваньні і распрацоўкі.
  • Унутрыкарпаратыўны гандаль, які зьдзяйсьняецца паміж асобнымі падразьдзяленьнямі ТНК з ужываньнем трансфэртных коштаў. Трансфэртная кошты ўсталёўваюцца ТНК на ўзроўні, які істотна адрозьніваецца ад рынкавых коштаў.
  • Глябальны падыход да кіраваньня — аптымізацыя дзейнасьці карпарацыяў цалкам, а не асобных яе складнікаў. Гэты прынцып азначае неабходнасьць субсыдаваць разьвіцьцё асобных падразьдзяленьняў з мэтаю дасягненьня максымальнага прыбытку ў доўгатэрміновым пэрыядзе[1].

ТНК часта дзеляцца на 3 вялікія групы:

  • Гарызантальна інтэграваныя ТНК — кіруюць падразьдзяленьнямі, разьмеркаванымі ў розных краінах сьвету, якія вырабляюць аднолькавыя або падобныя тавары.
  • Вэртыкальна інтэграваныя ТНК — кіруюць падразьдзяленьнямі ў пэўнай краіне, якія вырабляюць тавары, якія потым пастаўляюцца ў іншыя падразьдзяленьні іншых краінаў.
  • Разьдзельныя ТНК — кіруюць падразьдзяленьнямі, разьмеркаванымі ў розных краінах, якія гарызантальна або вэртыкальна не зьяднаныя.
  1. ^ http://rus-lib.ru/book/30/eb/46/212-227.html Международные корпорации как субъект международных экономических отношений