Аляксандар Гутковіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Гутковіч
Дата нараджэньня 20 сьнежня 1920(1920-12-20)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 19 верасьня 1989(1989-09-19) (68 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак драматург, актор, кінарэжысэр
Месца працы
Жанры сацрэалізм
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені ордэн Чырвонай Зоркі
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларускай ССР Дзяржаўная прэмія БССР
IMDb ID nm7760373

Алякса́ндар За́лманавіч Гутко́віч (20 сьнежня 1920, Аськеркі, Бешанковіцкі раён — 1989) — беларускі драматург, рэжысэр, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1981). Першым ажыцьцявіў экранізацыю раману «Людзі на балоце» Івана Мележа.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1935 г. скончыў Вярхоўскую сямігадовую школу Бешанковіцкага раёну, потым год вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме (Менск), пасьля здачы экстэрнам іспытаў за 8 і 9 клясы — у Бешанковіцкай сярэдняй школе. Пазьней стаў студэнтам Ленінградзага інстытуту інжынэраў прамысловага будаўніцтва, але вучоба ў тэхнічнай навучальнай установе Гутковіча не задавальняла, бо ён заўсёды марыў аб сцэне. Правучыўшыся год, пачаў займацца ў студыі Вялікага драматычнага тэатру імя М. Горкага ў Ленінградзе (1938—1939). Адначасова працаваў артыстам дапаможнага складу тэатру.

У 1939 годзе працягваў вучобу на рэжысёрскім факультэце Ленінградзкага тэатральнага інстытуту. У канцы таго ж года прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў радавым стралковага палка, культмасавым работнікам у палітаддзеле спецвойскаў Ленінградзкага гарнізону. У траўні 1941 году дэмабілізаваўся і прыехаў да бацькоў у Бешанковічы, куды яны пераехалі з вёскі. Тут і застала вайна. Разам са сваякамі эвакуіраваўся ў Ніжні Тагіл, быў начальнікам клюбу вайсковага завода, потым ваеннага шпіталя ў Бійску. У 1942 годзе мабілізаваны на фронт. Ваяваў на Прыбалтыйскім фронце.

Пасьля вайны паступіў на актррскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту. Падчас вучобы Гутковіч зьяўляўся штатным, потым пазаштатным рэпарцёрам БелТА па Менску, а ў 1948—1950 — пазаштатным карэспандэнтам газэты «Звязда». Скончыўшы ў 1957 годзе інстытут, працаваў акторам Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. З 1957 — загадчык пэдагагічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача, з 1959 — рэжысэр на Рэспубліканскай студыі Беларускага тэлебачаньня.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратурнай працай займаўся з 1947 году. Аўтар шматлікіх п'ес і тэлевізійных пастановак. Разам з Ф. Казлоўскім напісаў п'есу «Справа яе жыцьця» (ставілася ў Віцебску і Гародне), «І праўда, і шчасьце» (Берасьце), інсцэніраваў раман К. Чорнага «Трэцяе пакаленьне» (Бабруйск) і раман Д. Гараніна «Шукальнікі» (Віцебск), разам з У. Хазанскім напісаў п'есу «Юныя мсьціўцы» («Менск»). Яго пастаноўкі вызначаліся імкненьнем да найбольш дакладнага пераносу літаратурнай першакрыніцы на тэлеэкран, добрымі сцэнічнымі якасьцямі, шматграннасьцю мастацкіх вобразаў і актуальнасьцю праблематыкі, яе сацыяльным гучаньнем.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, мэдалямі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гутковіч Аляксандр // Беларускія пісьменьнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. — Мн., 1992. — Т. 2. — С. 304—305.
  • Гутковіч Аляксандр Залманавіч // Тэатральная Беларусь : энцыкляпэдыя : у 2 кн. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]; пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 326.