Перайсьці да зьместу

Сярэднявечча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сярэднія вякі»)

Сярэднявечча — пэрыяд у гісторыі Эўропы паміж Антычнасьцю і Новым часам.

Пачаткам Сярэднявечча лічаць падзеньне Заходняй Рымскай імпэрыі напрыканцы V стагодзьдзя (лічыцца, што імпэрыя прыпыніла сваё існаваньне 4 верасьня 476 году, калі Ромул Аўгуста адрокся ад стальца). Адносна канца Сярэднявечча ў гісторыкаў няма адзінага меркаваньня, бо любая пэрыядызацыя Сярэднявечча носіць умоўны характар.

Пэрыядызацыя Сярэдніх вякоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры пэрыядызацыі гісторыі Сярэднявечча гісторыкі карыстаюцца самымі разнастайнымі прыкметамі, з-за чаго яна выглядае дужа недасканалай. Частка гісторыкаў лічыць за пачатак Сярэднявечча заняпад Рымскай імпэрыі (476) або падзел Рымскай імпэрыі на Заходнюю і Ўсходнюю (395), ці прыняцьце хрысьціянства Канстантынам Вялікім (312), ці год пераносу сталіцы імпэрыі ў Канстантынопаль (330). У якасьці канца Сярэднявечча прапануюць час зьяўленьня пратэстанцтва (1521), ці адкрыцьця Амэрыкі Калюмбам (1492), або ўзяцьце Канстантынопаля асманамі (1453), ці пачатак заняпаду фэадалізму ў Эўропе ў сувязі з Ангельскай рэвалюцыяй (1642). Тым ня менш, усе гэтыя падзеі сьведчаць аб нейкім канцы адной эпохі і пачатку новай, таму межы Сярэдніх вякоў хоць і выглядаюць вельмі размыта, але ўсё ж такі яны ёсьць.

Культура Сярэднявечча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гэты пэрыяд Касьцёл робіцца спадкаемцам Рымскай імпэрыі і ахоўнікам адукацыі, ствараючы і падтрымліваючы школы. Большасьць адукаваных людзей былі сьвятарамі і манахамі, а ўсе галіны ведаў падпарадкоўваліся багаслоў’ю. Адзінай мэтай навукоўцаў раньняга Сярэднявечча было захаваць рэшткі антычных ведаў, а цэнтар навукі і культуры тады зьмясьціўся ў ісламскія краіны Блізкага Ўсходу і Маўрытанскай Гішпаніі. Узрастаньне цікаўнасьці да навуковых ведаў пачалося ў Эўропе з ХІІ ст., які забясьпечыў Эўропу ведамі ў філязофіі, лёгіцы, дакладных навуках, натуральных навуках і мэдыцыне грэкаў і мусульман. Вынікам гэтага стала нараджэньне новай навукі ў ХІV-ХV стагодзьдзях.

Навуковы Рэнэсанс суправаджаўся масавай перакладніцкай дзейнасьцю і ўзрастаньнем агульнай адукацыі ў Эўропе. Эўропа знаходзілася перад палітычным, сацыяльным і эканамічным рэнэсансам, а ўзрост колькасьці насельніцтва, урбанізацыя спрыялі разьвіцьцю школаў. Школы ўзьнікалі каля сабораў, сярод якіх асабліва значнымі робяцца школы ў Рэймсе, Шартры ды Парыжы. Калі колькасьць вучняў значна памножылася, то сталі ўзьнікаць і ўнівэрсытэты. Унівэрсытэты ўзьнікалі вакол біскупскіх школаў, як гэта адбылося з Сарбонай у Парыжы, альбо вакол навуковых гурткоў, як гэта адбылося ў Балёньні.

Асноўнаю моваю адукацыі працягвалі заставацца лацінская і грэцкая мовы.

Навука ў Сярэднявеччы была пэўным этапам у навуковым разьвіцьці і знаходзілася перад навукай Рэнэсанса, якая стала пераемніцай Сярэднявечча. Навука ўвабрала ў сябе дасягненьні грэцкай і ісламскай навукі якія падрыхтавалі глебу для больш позьніх навуковых дасягненьняў. У гэты пэрыяд быў зроблены шэраг значных навуковых вынаходжаньняў, у выніку якіх сфармаваліся вытокі сучаснай навукі.

Да найбольш значных навуковых вынаходжаньняў трэба аднесьці:

Індыйска-арабскія лічбы.
Гэта вынаходжаньне параўнальнае са стварэньнем альфабэту.

Оптыка і лінзы.
У працы Ібн аль-Хайсама «Скарбніца оптыкі» (каля 1038 г.) разглядаліся лінзы і іх павелічальныя здольнасьці. Роджэр Бэкан (памер у 1294 г.) узгадвае аб выкарыстаньні лінз дзеля карэкцыі зрока сталых людзей. Акуляры з выпуклым шклом, напэўна былі выраблены да 1280 г. Да 1300 г. яны былі выраблены ў Вэнэцыі. Гэта дало крок да развою гандлю шліфаванымі лінзамі і акулярамі..

Оптыка і пэрспэктыва.
Ібн аль-Хайсам сфармуляваў тэорыю пранікненьня сьвятла, якая растлумачвала асноўныя факты ўспрыняцьця. «Оптыка» па-лацінску стала вядомай як «пэрспэктыва»(perspectiva). У ХІІІ ст. Бэкан, Пічэм і Ўайтло напісалі камэнтары па пытаньнях «пэрспэктывы». Сучаснае ўспрыманьне пэрспэктывы як разьдзелу оптыкі нарадзілася ў Флярэнцыі ў ХІV ст. Стваральнікам эўрапейскай школы пэрспэктывы стаў скульптар Ларэнца Гіберці, а пазьней, Леанарда да Вінчы.

Дадатковая мэханіка машынаў, гадзіньнікаў і аўтаматаў.
Традыцыя эліністычная ў мэханіцы вадзяных колаў і вадзяных гадзіньнікаў працягнулася ў ісламскую эпоху і нарадзіла больш дасканалую і дакладную літаратуру, якая апісвала вялікае мноства канструкцыяў водападымальных мэханізмаў, вадзяных млыноў, паветраных млыноў, асадных машынаў, гадзіньнікаў, аўтаматаў і інш. Гэтыя распрацоўкі прывялі да стварэньня мэханічных гадзіньнікаў ў ХIV ст. У ХVІ ды ХVІІ ст., зьявілася вялікая колькасьць кнігаў аб мэханізмах як на арабскай, так і на лацінскай мовах, у якіх былі выкладзены мэханічныя ідэі, якія існавалі раней.

Уплыў геаграфіі й астраноміі на мараходзтва і геаграфічныя адкрыцьці.
Вялікія геаграфічныя адкрыцьці ХV ст. сталі магчымы дзякуючы карыстаньню навуковымі ведамі, для паляпшэньня навігацыі ад імкненьня дасягнуць Індыі праз Атлянтычны акіян. Для такога плаваньня набходна было існаваньне спэцыяльных астранамічных інструмэнтаў і табліцаў скланеньняў. «Таледзкія табліцы» аль-Зарклі (Арзакель), «Альфансійскія табліцы» і арабскія, гішпанскія і партугальскія каляндары ХIV ст. давалі неабходныя тэарэтычныя дадзеныя. Вылічэньні спрашчаліся з выкарыстаньнем формул з трыганамэтрыі. Іншымі фактарамі, стала выкарыстаньне компасу і разьвіцьцё картаграфіі.

Алхімія і мэталургія
Мэталы цікавілі алхімікаў болей за ўсё, іх магчымасьці вывучаліся пры шматлікіх вопытах. Апроч трактатаў па алхіміі ў некаторых спэцыяльных працах апісвалася вытворчасьць і тэрмічная апрацоўка сталі, а таксама вырабы мячоў. Усе гэтыя дасьледаваньні спрыялі ў дачыненьні сучаснай мэталургіі.

Порах і гарматы
Вынаходжаньне пораху кітайцамі, яго выкарыстаньне арабамі і перайманьне, альбо новае адкрыцьцё манахам Бэртольдам Шварцам у Эўропе мела далёкія гістарычныя наступствы.

Дыстыляцыя і неарганічныя кіслоты
Алхімікі атрымоўвалі азотную, серную, саляную кісьлю і «царову гарэлку» шляхам дыстыляцыі.

Праблематыка Сярэднявечча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Значны час Сярэднія вякі вывучаліся як «Цёмныя часы», чаму ў вялікай ступені спрыялі пратэстанцкія гісторыкі. Але сёньня гэта падвяргаецца сур’ёзнаму перагляду, і нярэдка ў гэтай галіне дасягаюцца цікавыя вынікі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]