Любамір Гузар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Любамір Гузар
Любомир Гузар
Яго Блаславенства Любамір кардынал Гузар, Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі
1-ы Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі
21 жніўня 2005 — 10 лютага 2011
ЦаркваУкраінская грэка-каталіцкая царква
НаступнікСьвятаслаў Шаўчук

10-ы Вярхоўны архібіскуп Львоўскі
26 студзеня 2001 — 20 жніўня 2005
Абраньне25 студзеня 2001
Інтранізацыя28 студзеня 2001
ЦаркваУкраінская грэка-каталіцкая царква
ПапярэднікМіраслаў Любачыўскі

2-і Кардынал-сьвятар базылікі Сьвятой Сафіі на Віа Бачэа (Santa Sofia a Via Boccea)
21 лютага 2001 — 31 траўня 2017
ЦаркваКаталіцкая царква
ПапярэднікМіраслаў Любачыўскі

Адукацыядоктар багаслоўя
Прафэсіясьвятар
Дзейнасьцькаталіцкі сьвятар, каталіцкі сьвятар, тэоляг, прафэсар унівэрсытэту, манах, каталіцкі біскуп
Нарадзіўся26 лютага 1933
Сьцяг Польшчы Львоў
Памёр31 траўня 2017
Сьцяг Украіны в. Княжычы (Браварскі раён, Кіеўская вобласьць)
ПахаваныСьцяг Украіны Кіеў, крыпта патрыяршай катэдры Ўваскрасеньня Хрыстова
БацькаЯраслаў Гузар
МаціРасьціслава Дэмчук
Прыняцьце сьвятога сану30 сакавіка 1958
Прыцяцьце манаства1972
Япіскапская хіратонія2 красавіка 1977
Кардынал ад21 лютага 2001


Узнагароды
Ордэн Князя Яраслава Мудрага ІІІ ступені
Ордэн Князя Яраслава Мудрага ІІІ ступені
Ордэн Князя Яраслава Мудрага ІV ступені
Ордэн Князя Яраслава Мудрага ІV ступені
Ордэн Князя Яраслава Мудрага V ступені
Ордэн Князя Яраслава Мудрага V ступені
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Любамір Яраслававіч Гузар (26 лютага 1933, Львоў — 31 траўня 2017, в. Княжычы (Браварскі раён, Кіеўская вобласьць) — вярхоўны архібіскуп Украінскай грэка-каталіцкай Царквы, кардынал-сьвятар Каталіцкай Царквы. Доктар багаслоўя.

Сям’я і адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся Любамір Гузар 26 лютага 1933 году ў Львове ў сям’і Яраслава і Расьціславы (з роду Дэмчукоў). Ягоным прадзедам быў грэка-каталіцкі сьвятар. Падчас ваеннага ліхалецьця сям’я Гузараў была вымушаная пакінуць Украіну, патрапіўшы ў 1949 годзе праз Аўстрыю ў ЗША.

Сярэднюю адукацыю будучы грэка-каталіцкі першаярарх атрымаў у Малой духоўнай сэмінарыі ў Стэмфардзе (штат Канэктыкут, ЗША). Затым вывучаў філязофію ў Калегіюме сьвятога Васіля, дзе ў 1954 годзе атрымаў ступень бакаляўра. Багаслоўскія студыі прайшоў у Вашынгтонскім каталіцкім унівэрсытэце ў ЗША. У 1958 годзе, як выхаванец Вялікай духоўнай сэмінарыі сьвятога Язафата, атрымаў ліцэнцыят багаслоўя, а 30 сакавіка 1958 году быў высьвячаны на сьвятара Стэмфардзкай япархіі УГКЦ у ЗША.

Сьвятарскае і манаскае служэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працаваў душпастырам сярод моладзі. Пазьней вывучаў філязофію ў Фордгамскім унівэрсытэце Нью-Ёрку, дзе ў 1967 годзе атрымаў ступень магістра. У 1969 годзе прыехаў у Рым для працягу багаслоўскіх студыяў, пасьля заканчэньня якіх у 1972 годзе стаў доктарам багаслоўя.

У 1972 годзе ўступіў у старажытны каталіцкі манастыр бізантыйскага абраду сьвятога Тодара Студыта (манахаў Студыйскага ўставу) у Гротафэрата пад Рымам.

У 1973—1984 гадах выкладаў у Папскім місіянэрскім унівэрсытэце «Урбаніяна» у Рыме, выконваў розныя даручэньні першаярарха УГКЦ Ёсіфа Сьліпога.

2 красавіка 1977 году ў манастыры Студыйскага ўставу ў Кастэль-Гандольфа паблізу Рыму адбылася яго хіратонія на грэка-каталіцкага біскупа, якую ўдзяліў яму Вярхоўны архібіскуп УГКЦ Ёсіф Сьліпый.

Ад 1978 году Ўладыка Любамір Гузар зьяўляўся архімандрытам манастыра сьв. Тодара Студыта, а таксама адказным за манастыры Студыйскага ўставу па-за межамі Ўкраіны.

З 1984 па 1991 год служыў протасынкелам Львоўскай архіяпархіі УГКЦ у Рыме.

Пасьля легалізацыі УГКЦ ва Ўкраіне ў 1993 годзе разам з усёй супольнасьцю ўкраінскіх манахаў у Гротафэрата вярнуўся на родную зямлю. У 1993—1994 гадах служыў духаўніком у Львоўскай духоўнай сэмінарыі Сьвятога Духа. А 14 лістапада 1996 году Ўладыка Любамір (Гузар) быў прызначаны біскупам-памочнікам Зьверхніка Ўкраінскай грэка-каталіцкай Царквы.

Зьверхнік УГКЦ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сьмерці 14 сьнежня 2000 году тагачаснага першаярарха УГКЦ Вярхоўнага архібіскупа Львоўскага Міраслава Любачыўскага зьяўляўся Апостальскім Адміністратарам УГКЦ. 25 студзеня 2001 году на Надзвычайным Сынодзе біскупаў УГКЦ ён быў абраны Вярхоўным архібіскупам УГКЦ, а 26 студзеня гэты выбар Сыноду УГКЦ пацьвердзіў Рымскі архірэй. Ягоная інтранізацыя адбылася 28 студзеня 2001 году ў архікатэдры сьв. Юра ў Львове. У тым самым годзе 21 лютага папа Ян Павал II упісаў імя вярхоўнага архібіскупа Любаміра Гузара ў сьпіс сябраў Калегіі кардыналаў, разам зь цяперашнім папам, а тады — архібіскупам Буэнас-Айрэсу Хорхэ Марыё Бэргольё.

Падчас служэньня кард. Любаміра Гузара першаярархам УГКЦ 21 жніўня 2005 году было абвешчана пра перанос рэзыдэнцыі зьверхніка УГКЦ з Львову ў Кіеў, а ягоны тытул ад гэтага часу стаў называцца «Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі».

10 лютага 2011 году на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве Яго Блаславенства Любамір (Гузар) паведаміў аб тым, што папа Бэнэдыкт XVI, у адпаведнасьці з нормамі канону 126, §2 Кодэксу канонаў Усходніх Цэркваў, прыняў яго зрачэньне ад ураду Вярхоўнага архібіскупа УГКЦ. Адпаведную просьбу Рымскаму архірэю зьверхнік УГКЦ падаў, калі яму споўнілася 75 гадоў.

Апошнія гады свайго жыцьця вярхоўны архібіскуп-эмэрыт кардынал Любамір Гузар жыў у рэзыдэнцыі Зьверхніка УГКЦ у Княжычах пад Кіевам. Памёр Уладыка Любамір (Гузар) 31 траўня 2017 году пасьля працяглай хваробы на цукровы дыябэт у клінічнай лякарні «Феафанія».

Узнагароды і адзнакі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар быў адзначыны наступнымі ўзнагародамі:

  • Ордэн «За заслугі» III ст. (21 жніўня 2001) — за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае разьвіцьцё Ўкраіны, важкія працоўныя дасягненьні і з нагоды 10-й гадавіны незалежнасьці Ўкраіны.
  • Ордэн князя Яраслава Мудрага V ст. (26 лютага 2003) — за выдатны асабісты ўклад перад Украінскай дзяржавай у адраджэньні духоўнасьці, сьцьверджаньня ідэяў міласэрнасьці і згоды ў грамадзтве, шматгадовую плённую царкоўную дзейнасьць.
  • Ордэн князя Яраслава Мудрага IV ст. (29 верасьня 2006) — за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і духоўнае разьвіцьцё Львова і з нагоды 750-годзьдзя заснаваньня гораду.
  • Ордэн князя Яраслава Мудрага III ст. (26 лютагао 2008) — за выдатны асабісты ўклад у духоўнае адраджэньне ўкраінскага народу, шматгадовую царкоўную дзейнасьць і з нагоды 75-годзьдзя з дня народзінаў.

Уладыку Любаміру (Гузару) быў нададзены таксама пачэсны тытул ганаровага грамадзяніна Тарнопалю і Львова.