Перайсьці да зьместу

Сяргей Бароўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Бароўскі
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 29 студзеня 1956(1956-01-29)[1][2] (69 гадоў)
Рост 175 см
Вага 71 кг
Пазыцыя абаронца
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1973—1987 Дынама Менск 400 (8)
Зборныя
1981—1985 СССР 21 (0)
Трэнэрскія клюбы
1989—1994 Маладэчна-2018
1997—1998 Вэнтсьпілс
1998—1999 Шэрыф Тыраспаль
2002 Тарпэда Менск
2003 Коўна
2004 Мэталюрг Запарожжа
2004 Белшына
2005 Ветра[d]
2006 Дынама Берасьце
2009—2010 СКВІЧ
2010—2011 Віцебск
2011—2012 СКВІЧ
2012—2013 Казахстан (да 21)[d]
2014—2015 Шахцёр Салігорск
2016—2017 Дынама Менск

Сяргей Бароўскі (нар. 29 студзеня 1956 году) — беларускі футбаліст і футбольны трэнэр. У 1981—1985 гадах правёў 21 гульню ў складзе зборнай СССР. У 1994—1996 і 1999—2000 гадах быў галоўным трэнэрам зборнай Беларусі.

Выхаванец менскай СДЮШАР-5. З 1972 году выступаў за дубль менскага «Дынама». У 1974 годзе стаў гульцом асноўнага складу і выступаў у складзе «Дынама» да 1987 году. Усяго ў чэмпіянаце згуляў 400 матчаў, зь іх 270 у Найвышэйшай лізе. У 1982 годзе разам з клюбам стаў чэмпіёнам СССР. У 1984—1985 гадах быў капітанам каманды.

У 1981—1985 гадах выступаў за нацыянальную зборную СССР. Быў адным з асноўных абаронцаў зборнай. У 1982 годзе браў удзел у чэмпіянаце сьвету ў Гішпаніі.

У 1989 годзе пачаў трэнэрскую кар’еру, прыняўшы прапанову ачоліць новаствораны маладэчанскі «Мэталюрг». У 1991 годзе прывёў гэты клюб да перамогі ў апошнім чэмпіянаце БССР. Пазьней быў галоўным трэнэрам каманды ў незалежнай Беларусі. У 1994 годзе ачоліў нацыянальную зборную краіны. Пад кіраўніцтвам Бароўскага зборная атрымала адную з самых слынных перамог — у 1995 годзе над зборнай Нідэрляндаў (1:0). У 1997—1999 гадах працаваў у клюбах Латвіі і Малдовы, пасьля чаго другі раз ачоліў зборную. Падчас другога кіраўніцтва Бароўскага зборная пацярпела адную з найцяжэйшых паразаў — у 2000 годзе ад зборнай Андоры (0:2). З 2000 працаваў трэнэрам у розных беларускіх клюбах, таксама ў Летуве і Ўкраіне.

У другой палове 2007 году быў спартовым дырэктарам менскага «Дынама», а з жніўня 2009 году ачоліў менскі СКВІЧ, які выступаў у Першай лізе. Паводле вынікаў сэзону 2010 году СКВІЧ за Бароўскім атрымаў права на пераходныя матчы за месца ў Найвышэйшай лізе, але саступіў жодзінскаму «Тарпэда». У сьнежні 2010 году атрымаў трэнэрскую ліцэнзію катэгорыі «Pro». У канцы 2010 году стаў галоўным трэнэрам «Віцебску». У чэмпіянаце 2011 году клюб ішоў у сярэдзіне табліцы, але ў жніўні 2011 году Бароўскі з скандалам пакінуў пасаду галоўнага трэнэра, абвінаваціўшы кіраўніцтва клюбу ў неспрыяльных умовах. У выніку «Віцебск» па заканчэньні сэзону 2011 году пакінуў Найвышэйшую лігу. У 2012 годзе Бароўскі зноў працаваў галоўным трэнэрам СКВІЧа, а ў 2013 годзе працаваў у Казахстане, дзе ачольваў моладзевую зборную. Посьпехаў з казаскай моладзьдзю ня меў, гэтак у адборачным турніры чэмпіянату Эўропы зборная атрымала толькі адну перамогую над аднагодкамі зь Беларусі. У кастрычніку 2013 году быў звольнены з пасады галоўнага трэнэра моладзевай зборнай[3].

У студзені 2014 году заключыў кантракт з салігорскім «Шахцёрам» па схеме «1+1»[4]. Прывёў салігорскі клюб да перамогі ў Кубку Беларусі 2013—2014 гадоў, а пасьля вывеў яго ў раўнд плэй-оф Лігі Эўропы. У чэмпіянаце Беларусі «Шахцёр» у сэзоне 2014 году здабыў бронзавыя мэдалі. У сьнежні Бароўскі на год падоўжыў кантракт з клюбам[5]. Сэзон 2015 году распачаў з амбітнымі мэтамі — здабыць Супэркубак і Кубак Беларусі, а таксама перамагчы ў чэмпіянаце Беларусі і прабіцца ў групавы этап Лігі Эўропы. Аднак, у Супэркубку, як і ў фінале Кубка, «Шахцёр» саступіў барысаўскаму БАТЭ. У чэмпіянаце салігарчане таксама ня далі рады. У чэрвені 2015 году, пасьля нічыі зь «Віцебскам» (2:2), Бароўскі падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнэра «Шахцёра». Гэтая адстаўка была зацьверджаная кіраўніцтвам клюбу[6].

У верасьні 2015 году прыступіў да працы ў менскім «Дынама», дзе адказваў за разьвіцьцё дзіцяча-юнацкага футболу[7]. У студзені 2016 году быў прызначаны спартовым дырэктарам клюбу[8], але пакінуў пасаду ў чэрвені таго ж году[9], застаўшыся працаваць у клюбе. У ліпені 2016 году прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра ў камандзе, пасьля адстаўкі Вука Рашавіча[10], пасьля сэзону 2016 году супрацоўніцтва было працягнутае[11]. 1 траўня 2017 году адпраўлены ў адстаўку з пасады галоўнага трэнэра менскага «Дынама»[12]. Зь лютага 2018 году да студзеня 2019 году працаваў трэнэрам-мэтадыстам у барысаўскім БАТЭ[13][14]. У 2019 году ўладкаваўся ў «Іслач».

  1. ^ а б в Sergey Borovski // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ^ а б в Sergei Borovsky // FBref (анг.)
  3. ^ Футбол. Сергей Боровский уволен из молодежной сборной Казахстана
  4. ^ Сергей Боровский стал главным тренером «Шахтера» (рас.)
  5. ^ Боровский продлил контракт с «Шахтером»
  6. ^ Сергей Боровский подал в отставку с поста главного тренера «Шахтера» (рас.)
  7. ^ Сергей Боровский приступил к работе в минском "Динамо"
  8. ^ Боровский официально вступил в должность спортивного директора минского «Динамо»
  9. ^ Football.by: Боровский уволен с должности спортдиректора минского «Динамо»
  10. ^ Рашович отправлен в отставку, главным тренером минского «Динамо» назначен Боровский (рас.)
  11. ^ Боровский останется главным тренером минского «Динамо» (рас.)
  12. ^ Минское «Динамо» официально объявило об отставке Боровского (рас.)
  13. ^ Сергей Боровский трудоустроился в БАТЭ (рас.)
  14. ^ Боровский покинул БАТЭ (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]