Аточыны
Аточыны — тонкі нутраны сьвіны тлушч, які пакрывае (аточвае) кішкі, страўнік, часам сэрца.
Аточыны на кішках паводле зьнешняга падабенства могуць мець назвы сейка, брыжы, а вакол страўніка — чапец. Аточынамі называюць кішачны тлушч і ва Ўкраіне і Славаччыне (otoky, otocky).
Аточыны адбіраюць ад кішак вельмі асьцярожна, калі трэба, мыюць, вымочваюць, потым дробна рэжуць і пражуць у чыгуне. Пражыць трэба доўга, пакуль скварачкі ня стануць жоўта-карычневымі, толькі тады аточыны будуць добра захоўвацца. Калі ператопленыя аточыны спажывалі ў ежу, то іх пражылі з прыправамі — цыбуляй, бабковым лістом, каб пазбавіцца непрыемнага паху. Пазьней, як і цяпер, ператопленыя аточыны выкарыстоўваюць у гаспадарчых мэтах, напрыклад, змазваюць выме карове.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Галіна Вештарт, праект «Наша ежа».